Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У справе Бябеніна пракуратура не выключае магчымасьці эксгумацыі


На пахаваньні Алега Бябеніна 6 верасьня

На пахаваньні Алега Бябеніна 6 верасьня

26 кастрычніка на запрашэньне беларускіх уладаў у Менск прыяжджаюць экспэрты АБСЭ, якіх пазнаёмяць з матэрыяламі праверкі сьмерці журналіста Алега Бябеніна. Пракуратура ў якасьці асноўнай разглядае вэрсію самагубства.

Зьвесткі пра гэтых экспэртаў пакуль вельмі абмежаваныя. Ад прэсавага сакратара беларускага МЗС Андрэя Савіных вядома, што яны з Швэцыі і Нарвэгіі, але прозьвішчы экспэртаў, як і іх службовае становішча, не былі названыя. У офісе АБСЭ ў Менску да прыезду экспэртаў больш інфармацыі пра іх таксама не паведамляюць.

Тым часам у Менскай абласной пракуратуры працягваецца праверка абставінаў сьмерці заснавальніка сайту Хартыя-97 журналіста Алега Бябеніна.
Пракуратура: "Тэрмін праверкі па факце сьмерці Бябеніна працягнуты да 3 лістапада."

"Тэрмін праверкі працягнуты да 3 лістапада. Да нас прыяжджаюць экспэрты АБСЭ, іх прозьвішчы я пакуль ня ведаю", — паведаміла "Свабодзе" Тацяна Калініна з абласной пракуратуры.

Паводле супрацоўніцы пракуратуры, экспэртам АБСЭ для азнаямленьня падрыхтаваныя дакумэнты па згаданай праверцы, якія пераклалі на ангельскую мову. Пры гэтым у пракуратуры не выключаюць, што экспэрты папросяць перакласьці яшчэ некаторыя дакумэнты. Перакладчыкаў, паводле Тацяны Калінінай, наймалі ў офісе АБСЭ.

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед запэўніў, што экспэртаў АБСЭ азнаёмяць з усімі матэрыяламі праверкі, а калі ўзьнікне неабходнасьць "можна правесьці эксгумацыю трупа для правядзеньня пэўных экспэртыз".

У пракуратуры Беларусі кажуць, што дагэтуль адпрацоўваюць усе вэрсіі здарэньня, у тым ліку забойства з інсцэніроўкай самагубства, але пакуль нібыта "няма дадзеных, якія супярэчаць асноўнай вэрсіі пра самагубства".
З.Бандарэнка: "Толькі пасьля размовы з экспэртамі можна будзе сказаць — сур'ёзна людзі прыяжджалі, ці гэта спроба прыкрыць рэжым Лукашэнкі падчас выбарчай кампаніі."

3 верасьня журналіст “Хартыі’97” Алег Бябенін быў знойдзены ў пятлі на сваім лецішчы ў Дзяржынскім раёне. Шмат хто зь сяброў і калегаў Бябеніна ня верыць у вэрсію пра самагубства. Людзі кажуць пра сьляды на ягоным целе, якія нібыта сьведчаць пра гвалтоўную сьмерць.

Сярод тых, хто сумняваецца ў вэрсіі пра самагубства — каардынатар "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка, які аглядаў цела Бябеніна. Зьміцер Бандарэнка кажа, што зь ім ніхто не размаўляў адносна сустрэчы з экспэртамі АБСЭ:

"Ня ведаю, хто прыедзе, калі прыедзе, і ці ўвогуле будуць з намі размаўляць. Калі гэтыя размовы з намі адбудуцца, толькі пасьля гэтага я магу сказаць нешта дакладнае — сур'ёзна людзі прыяжджалі, ці гэта спроба прыкрыць рэжым Лукашэнкі падчас выбарчай кампаніі".

Зьміцер Бандарэнка ўваходзіць у ініцыятыўную групу Андрэя Саньнікава, які спрабуе зарэгістравацца кандыдатам на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах. Андрэй Саньнікаў раней казаў, што калі б ня сьмерць Алега Бябеніна, той бы ўзначаліў ягоны выбарчы штаб.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG