Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галерэю “Ў” прысудзілі да пяці гадоў


Увечары 26 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбыўся суд. Менавіта ў такі спосаб яе супрацоўнікі вырашылі адзначыць гадавіну сваёй дзейнасьці. Сцэнарыст і рэжысэр суду-спэктаклю невядомы, а вось акторы — вядомыя культуролягі, журналісты, літаратары, шоўмэны і нават палітыкі: Максім Жбанкоў, Вольга Шпарага, Ірына Саламаціна, Тацяна Заміроўская, Ігар Бабкоў, Віктар Шалкевіч, Ільля Прохараў, Яўген Ліпковіч, Уладзімер Парфянок — усіх не пералічыць.

Суд пачаўся з абвінавачаньняў супрацоўнікаў галерэі «Ў» у тым, што ўсе праекты, якія тут ладзіліся, неактуальныя і несучасныя. І займаюцца яны тым, што нікому не патрэбна.

Прадстаўнік абвінаваўчага боку: «Цяпер галерэя выконвае сваю працу абсалютна непрафэсійна. Яна не займаецца стварэньнем прасторы арт-бізнэсу, прытым, што галерэя заяўляе сябе як камэрцыйная арганізацыя. Дык варта было б займацца ня бізнэсам у сфэры аказаньня паслуг па арэндзе памяшканьня, а прадаваць творы, раскручваць аўтараў, ствараць правільныя экспазыцыі, а ня проста павесіць на сьценах працы, мяркуючы, што прафэсіяналізм іх выкананьня будзе гаварыць сам за сябе, не стварыўшы кантэксту гэтых працаў».

Абвінаваўцы дагаварыліся да таго, што памяшканьне галерэі ўвогуле выкарыстоўваецца як прахадны двор між барам «Малако» і кнігарняй Логвінава. А яшчэ сюды час ад часу завітваюць жыхары мікрараёну, якія памятаюць, што ў гэтым будынку быў калісьці пункт прыёму шклотары, а пазьней — гарэлачная крама.

Абарона супраціўлялася: «Мы зыходзім з таго, што сучаснае ці актуальнае мастацтва — гэта асобны інстытут. Гэты інстытут адрозьніваецца ад інстытуту клясычнага мастацтва трыма характарыстыкамі…»

Тэарэтызаваньне на тэму выклікала абурэньне ня толькі абвінаваўцаў, але і прысяжных, і судзьдзі ня так проста было яго ўтаймаваць:

«Сябры мае, гэта суд, а не балаган!»

Суд доўжыўся без перапынку амаль дзьве гадзіны. І ўрэшце быў агучаны прысуд: «Галерэя прызнаецца часткова вінаватай і караецца папраўчымі працамі на пяць гадоў».

Да прысуду прагучаў дадатак, з улікам перадгісторыі выкарыстаньня будынку: «Галерэі прадпісваецца раз на тыдзень на працягу гэтых пяці гадоў прымаць шклотару».

Такая тэатралізаваная форма падсумаваньня вынікаў першага году дзейнасьці галерэі прыйшлася даспадобы прысутным. Гаворыць культуроляг Дар’я Сітнікава:

«Улічваючы кантэкст, які ёсьць вакол галерэі, то бок, гэта і пазытыўныя і нэгатыўныя водгукі, то такі фармат вырашэньня праблемаў, а таксама як спосаб пачуць тое, што на сяброўскіх вечарынках можа не прагучаць, — гэта, я лічу, удалы варыянт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG