Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» у межах першага фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і прамоцыі «Аднак!» адбылася прэс-сустрэча для блогераў «Тут справа ня толькі ў мове». У якасьці экспэртаў былі запрошаныя аўтарытэты ў галіне рэклямы, «піяру», музыкі, літаратуры. Прыйшло шмат публікі проста паслухаць, паспрачацца, выказаць саве меркаваньні.

Шчыра кажучы, я даўно ня ўдзельнічала ў такой, так бы мовіць, эмацыйнай дыскусіі, дзе спрэчкі пераходзілі ў жарсьці, быў нават скандал. Але пра ўсё па парадку. Мадэратар Сяргей Скараход ставіў пытаньні кшталту «Рэкляма на беларускай мове — гэта мода, даніна гісторыі, маркетынгавая фішка або рацыянальны і добра спрагназаваны крок?»

Некаторыя прадстаўнікі рэклямнага бізнэсу выказвалі недаўменьне: навошта беларускамоўная рэкляма і навошта конкурс. Жарсьці разгарэліся нежартоўныя. Эмоцыя — праз край. Спрачаюцца прадстаўнік кампаніі «Фортэ» Філіп Чмыр і лінгвіст Зьміцер Саўка:

Чмыр: «У мяне пытаньне: навошта патрэбны конкурс беларускамоўнай рэклямы? Навошта патрэбна нацыянальная ніша?»

Саўка: «Вы лічыце, што гэта пазыцыя канструктыўная: прыйсьці і сказаць, што гэта ня трэба?!»

Чмыр: «Я з рэклямы. А вы адкуль? Я з рэклямнага бізнэсу».

Саўка: «Я беларускамоўны чалавек, які спажывец гэтай рэклямы. Мне яна патрэбная! А вы прыйшлі і заяўляеце, што яна не патрэбная. І покуль яна мне трэба, не затыкайце мне рот! Вы сюды прыйшлі, каб выпендрыцца. Я ж прыйшоў для канструктыўнай гутаркі».

Чмыр: «Я таксама прыйшоў для гэтага. Калі я пакрыўдзіў вас ці прынізіў вашу нацыянальную годнасьць, прабачце, калі ласка!»

Адам Глёбус
Мастак, літаратар, выдавец і блогер у адной асобе Адам Глёбус шчыра прызнаўся:

«Мне бяз розьніцы, якая рэкляма мяне задзяўбе: па-беларуску, па-ангельску альбо па-італьянску. Рэкляма ўсім абрыдла. На беларускай мове яна абрыла крышку менш, чым на ўсіх астатніх… Ну, не люблю я рэкляму, і ня ведаю людзей, якія любяць. Мусіць, толькі тыя, хто зарабляе з рэклямы. Але я не зарабляю, і не люблю».

Прадстаўнік рэклямнага бізнэсу Улад Савельеў выказаў такое меркаваньне:

«Цяжка ўсё ж такі беларускую мову „рухаць“ у рэкляме. Ня кожны рэклямадаўца хоча выкарыстоўваць яе. Нядаўна ў нашай практыцы быў такі прыклад: на вялікім прадпрыемстве мы праводзілі дасьледаваньне фокус-групы і вызначылі, што беларусы ня так разумеюць рэкляму, як расейцы. Таму патрэбна рабіць сваю рэкляму, не адаптаваць расейскую рэкляму, а здымаць тут свае ролікі, якія будуць працаваць менавіта на беларусаў, таму што мэнтальнасьць у нас розьніцца з расейцамі. І ролікі на беларускай мове».

Супрацоўнік PR-кампаніі Андрэй Эзэрын дадае:

«Рабіць беларускамоўную рэкляму — гэта толькі палова справы. Трэба рабіць беларускамоўную рэкляму, якая беларуская мэнтальная рэкляма, вось у чым справа»

Алена Макоўская распавяла пра вынікі дасьледаваньня, праведзенага кампаніяй «Будзьма!» сумесна з сацыялягічнай лябараторыяй «НОВАК»:

«37% сказалі, што рэкляма ў пераважнай большасьці павінна быць на беларускай мове. Калі адыйсьці ад моўнага пытаньня, таму што мы пастаянна размаўляем пра мову, то 70% гатовы спажываць інфармацыйны, культурны прадукт беларускаарыентаваны. Гэта не заўжды беларуская мова. Гэта значыць, што ён зроблены з улікам мэнтальнасьці беларуса, што ён зьвязаны з беларускімі культурнымі і іншымі традыцыямі«.

Спрачаліся на розныя тэмы: рэкляма — гэта мастацтва ці навука, якой яна павінна быць, як перавыхоўваць рэклямадаўцаў. Але ўсё ўпіралася ў пытаньне: якім яшчэ шляхам можна змяніць стаўленне да беларускай мовы?

Меркаваньне Адама Глобуса:

«Я лічу, чым больш будзе ў рэкляме беларускай мовы, тым больш яна будзе пашырацца. Ёсьць вайна культур. І мы павінны проста і ясна сказаць, што мы будзем ваяваць, будзем вынішчаць расейскую мову. Альбо яны нас, альбо мы іх. Ніхто мірна не разыдзецца. Гандлёвая вайна. І таму, што мы зможам зрабіць, мы зробім».

Віктар Малішэўскі
Меркаваньне блогера Віктара Малішэўскага:

«Зараз многія кажуць: краіна загаворыць па-беларуску, калі загаворыць прэзыдэнт. Дык вось: краіна загаворыць на мове, калі загаворыць Люся Лушчык . А Люся Лушчык загаворыць, калі яе начальства прымусіць рэкляму на беларускай мове зрабіць».

Алег Хаменка падсумаваў тое, пра што спрачаліся дзьве гадзіны:

«Зараз мы падпарадкаваныя сацыяльнай і бізнэс-прасторы Расеі. Зьмяніць гэта можна толькі адміністрацыйным альбо ваяўнічым шляхам. У мяне сто раз пыталіся: як зьмяніць сытуацыю, каб больш размаўлялі па-беларуску. Знайшоў адказ у Якуба Коласа: як толькі нашыя начальнікі загавораць па-беларуску, справа адразу ж пойдзе на лад. Прыклад — тое, што мы маем зараз з міністрам культуры Латушкам. І няма чаго тут біцца: пакуль мы ня выхаваем начальнікаў, якія будуць гаварыць па-беларуску».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG