Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ТБМ Алег Трусаў падчас пасяджэньня Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта выказаў некалькі прапановаў адносна ўжываньня беларускай мовы ў бізнэсе, якія былі ўхваленыя. Раду ўзначальвае кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей.

Ён прапанаваў выкарыстоўваць беларускамоўныя брэнды і шукаць арыгінальныя словы накшталт "мілавіца", а таксама выкарыстоўваць беларускую мову ў рэкляме.

"Я прывёў прыклады, калі мы зьвярнуліся да фірмаў "Самсунг", "Рэно". Яны нас паслухаліся і пачалі рабіць бігборды па-беларуску. "Самсунг" атрымаў 10-11% прыбытку за кошт беларускамоўнай рэклямы. Дык чаму, напрыклад, не рабіць гэта "Савушкінаму прадукту", якому я пісаў масу лістоў, але ўсё засталося па-расейску, ды яшчэ з гэтым цьвёрдым знакам, які адменены ў сёньняшняй мове. Таксама падтрымалі такую маю прапанову, што трэба каб бізнэсовец валодаў і беларускай, і некалькімі замежнымі мовамі. Ну і Макей падтрымаў, і кажа, што насамрэч нашы бізнэсоўцы, чыноўнікі замежных моваў ня ведаюць альбо ведаюць слаба. Дарэчы, старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін выступаў па-расейску, але выклаў свой выступ на сайце на трох мовах, у тым ліку ўпершыню па-беларуску, за што я яго вельмі пахваліў. Бізнэсоўцы пачынаюць разумець, што беларускі бізнэс без беларускай мовы гэта не зусім беларускі бізнэс.

Падчас пасяджэньня рады звычайна адзін Макей гаворыць па-беларуску, калі я выступаю. Больш ніхто, хаця мову ведаюць практычна ўсе. Дэпутат Давыдзька на гэтым пасяджэньні таксама загаварыў па-беларуску".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG