Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я мажу, мажу па палатне, і нешта выходзіць"


14 кастрычніка ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры адчынілася выстава Алеся Шатэрніка "Сонцапрамень. Жывапіс. Скульптура. Імпрэсія". Яна прымеркаваная да 70-годзьдзя аўтара.

Скульптар і жывапісец, творы якога знаходзяцца ў музэях Беларусі, Трацьцякоўскай галярэі ў Маскве, у Белым Доме (Вашынгтон, ЗІПА), арт-музэі "Цымерлі" (Нью-Джэрсі, ЗША) і ў прыватных зборах Італіі, Польшчы, Францыі, не акцэнтаваў увагу прысутных на гэтай даце, а проста зрабіў мастацкае сьвята для сяброў.

Выставу, разьмешчаную на галерэі другога паверху музэя, аўтар назваў " Сонцапрамень". Яна і сапраўды сьветлая. На сьценах інтэр'еры менскіх храмаў, выявы бажніцаў з усёй Беларусі, краявіды ваколіцаў хаты мастака ў Вайшкунах, што на паўночным захадзе Беларусі. А таксама замалёўкі са шматлікіх турыстычных вандровак аўтара. А пасярэдзіне разьмясьцілася некалькі скульптурных працаў Алеся Шатэрніка. Задуменны Кірыла Тураўскі, рашучы Князь Вітаўт, сумны камэдыянт Дунін Марцінкевіч, натхнёны мастак Аляксей Марачкін ды іншыя гістарычныя і сучасныя постаці ў бронзе і камні. Выступаючы на адкрыцьці выставы, старшыня суполкі "Пагоня" Аляксей Марачкін сказаў, што стыль, у якім працуе Алесь Шатэрнік, гэта нэаімпрэсіянізм. І патлумачыў, чаму ён так вызначае гэты стыль. аднойчы, маўляў, спытаў у мастака: "Як так плённа ты працуеш?". На што той адказаў: "А я мачаю пэндзаль у фарбу і мажу, мажу па палатне, і так во нешта і выходзіць". Пра тое нешта, што было прадстаўленае ў экспазыцыі, зь вялікай ухвалаю адзначала прысутная публіка. У ліку выступоўцаў – мастак Мікола Купава, літаратарка Хрысьціна Лялько, паэт Анатоль Вярцінскі, літаратуразнаўца Арсен Ліс, графік Міхась Басалыга ды іншыя гаварылі пра тое, што ім вельмі імпануе творчасьць Алеся Шатэрніка.

Выстава, прысьвечаная да 70-годзьдзя Алеся Шатэрніка, на жаль не ўключае ў сваёй экспазыцыі самыя, можа быць, знакамітыя ягоныя творы. Гэта барэльефы, якія мастак зрабіў для дома, дзе была абвешчаная БНР, а таксама разьмяшчаўся Інстытут беларускай культуры. А таксама Звон Свабоды, які гучаў вясной 2006 году на акцыях, прысьвечаных нязгодзе з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

Першым юбіляра павіншаваў Аляксей Марачкін

Мікола Купава пачаставаў "Старажытным" півам


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG