Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дараднік Грыбаўскайце: Візыт у Менск - не падтрымка Лукашэнкі


Добрыя двухбаковыя дачыненьні паміж Літвой і Беларусьсю павінны прынесьці карысьць ня толькі Эўропе, але і Расіі, сьцьвярджае дараднік прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце Лаурынас Янавічус, паведамляе delfi.lt. Паводле яго, візыт Грыбаўскайце ў Беларусь, які адбыўся на мінулым тыдні, ні ў якім разе нельга лічыць сьведчаньнем падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі перад выбарамі. Кіраўніца Літвы выправілася ў Беларусь, бо ў наступным годзе Літва пераймае кіраўніцтва АБСЭ.

"Мы пераймаем старшынёўства ў АБСЭ ў наступным годзе, гэты візыт па сутнасьці быў прысьвечаны гэтай асноўнай мэце - перадаць Беларусі, яе кіраўніку, вестку аб нашых чаканьнях, чаканьнях АБСЭ, эўрапейскіх краін у сувязі са свабоднымі, дэмакратычнымі і адкрытымі выбарамі. Выбары - гэта важны крытэрый, наогул, у справе ацэнкі будучых адносін ЭС і ўсіх краін Эўропы зь Беларусьсю. Таму гэта агульная пазыцыя эўрапейскіх краін, Літва проста выканала тое, што павінна была", - сказаў пра візыт дараднік прэзыдэнта ў інтэрвію радыёстанцыі Žinių radijas.

Янавічус адкінуў цьверджаньні аб тым, што Грыбаўскайце сваім візытам нібыта выказала палітычную падтрымку Лукашэнкі.

"Прэзыдэнту Беларусі падтрымка на выбарах не патрэбная, ён адчувае сябе вельмі ўпэўнена. Акрамя таго, заклік правесьці празрыстыя, дэмакратычныя, адкрытыя выбары можа быць выказаны толькі перад выбарамі. Як кажуць, пасьля бойкі кулакамі не махаюць, таму было б нелягічна ехаць пасьля выбараў і перадаваць гэтую вестку post factum ", - сказаў ён.

Абагульняючы візыт кіраўніка Літвы, Янавічус зьвярнуў увагу і на добрыя двухбаковыя адносіны, якія павінны быць асноўнай мэтай.

"У маім разуменьні, добрыя адносіны паміж Літвой і Беларусьсю - гэта асноўная мэта, агульны інтарэс і, калі яны будуць добрымі, гэта будзе на карысьць як Эўропе, так і Расеі. Вельмі такая простая ацэнка. Наша мэта - мець добрыя двухбаковыя адносіны, у першую чаргу, зь Беларусьсю ў дадзеным выпадку ", - камэнтаваў дарадніка прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG