Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі візыту прэзыдэнткі Літвы ў Беларусь можна каротка сфармуляваць так: Грыбаўскайце пракансультавала Лукашэнку як дамагчыся прызнаньня Захаду не страціўшы ўлады, а Лукашэнка паабяцаў пазбавіць увесь рэгіён энэргетычнай залежнасьці ад Расеі на працягу паўдзясятку гадоў. Учорашняя сустрэча ў Менску, верагодна, стала працягам глябальнай гульні, якую Менск і Вільня вядуць яшчэ зь мінулага году.

Газавая кабала


Энэргетычная незалежнасьць, гэта, вядома, ня толькі і ня столькі дывэрсыфікацыя крыніцаў завозу нафты, але ў першую чаргу – прыроднага газу. У пытаньні газавых паставак краіны Балтыі, як і Беларусь, на 100% залежаць ад Расеі, што наўпрост адлюстроўваецца на коштах энэргарэсурсаў для рэгіёну. Літва, для прыкладу, плаціць за тысячу кубамэтраў паліва на 100-150 даляраў даражэй, чым краіны Заходняй Эўропы.

З моманту свайго далучэньня да Эўразьвязу Балтыйскія краіны і Польшча настойліва патрабуюць ад Брусэлю дапамогі ў вырашэньні гэтай сытуацыі, налягаючы на тое, што газавая манаполія Крамлю зьяўляецца эканамічнай і палітычнай пагрозай для ўсяго блёку. У 2008 годзе, на фоне газавых войнаў паміж Масквой і краінамі-транзытэрамі – лабісты энэргетычнай дывэрсыфікацыі Балтыйскага рэгіёну атрымалі ключавую перамогу.

Шлях да свабоды


Брусэль ухваліў Плян сынхранізацыі балтыйскага энэргетычнага рынку (ВЕМІР– англ.). У рамках ВЕМІР было прынятае рашэньне пабудаваць новы газаправод з Нарвэгіі ў Данію (Сканлэд) і працягнуць яго да Польшчы (Балтыйская труба). Пасьля сёлетняга беларуска-расейскага транзытнага канфлікту Эўракамісія выдзеліла болей за паўмільярду даляраў на вывучэньне праекту яшчэ адной трубы, званай Бурштынавы паток. Гэты газаправод мае стаць працягам Балтыйскай трубы і прывесьці паўночнаморскі газ у Літву. Акрамя таго, у гэты ж газаправод будзе паступаць паліва з польскага тэрміналу па рэгазыфікацыі звадкаванага газу, які цяпер будуецца ў Сьвінаусьці і мае быць запушчаны ў 2014 годзе.

Пры поўнай праектнай загружанасьці Балтыйскай трубы і тэрміналу LNG у Сьвінаусьці, яны змогуць запампоўваць у Бурштынавы паток да 15 мільярдаў кубамэтраў газу ў год, што ўдвая перавышае супольнае спажываньне паліва Літвой, Латвіяй і Эстоніяй.

Камяні пры дарозе


Але палітычнае рашэньне Брусэлю – гэта толькі паўсправы. На шляху да рэалізацыі гэтых праектаў стаяць эканамічныя разьлікі. Да 2012 году экспэртная група павінна прыняць рашэньне аб камэрцыйнай рэнтабэльнасьці праекту Бурштынавы паток. Вынікі досьледу экспэртаў далёка не перадвызначаныя.

У сувязі з нізкім спажываньнем паліва ў краінах Балтыі, Брусэль сумняецца, у тым, што яны змогуць забясьпечыць поўную загружанасьць праектаванай трубы. Але нават станоўчае рашэньне па трубаправодзе будзе мець для Вільні і непрыемныя наступствы.

Задаволіўшы патрабаваньні сваіх балтыйскіх чальцоў аб забесьпячэньні альтэрнатыўнымі энэргапастаўкамі, Эўразьвяз можа палічыць свае абавязкі ў гэтым кірунку выкананымі і наўрад ці ўжо возьмецца фінансаваць будаўніцтва літоўскага тэрміналу для звадкаванага газу. А энэргапастаўкі з Паўночнага мора хоць будуць і таньнейшыя, чым паводле існага кантракту з Газпромам, але ўсё роўна выйдуць істотна даражэй за спотавыя кошты газу звадкаванага.

Беларускі чыньнік


Калі Менск далучыцца да праграмы ВЕМІР, гэта адкрые новыя абсягі для абодвух бакоў. Беларусь спажывае ўтрая болей газу, чым тры краіны Балтыі разам узятыя. Калі беларускі ўрад паабяцае памяняць накірунак пампаваньня па трубаправодзе Менск-Вільня-Каўнас і пачаць закупляць нявыкарыстаны альтэрнатыўны газ у Літвы – гэта можа гарантаваць станоўчае рашэньне аб камэрцыйнай рэнтабэльнасьці ня толькі Бурштынавага патоку, але і па тэрміналах для звадкаванага газу ў Літве ды ў Эстоніі.

Беларусь, у сваю чаргу, пры пашырэньні прапускной магутнасьці газаправоду Менск-Каўнас, зможа атрымліваць з Прыбалтыкі да 10 мільярдаў кубамэтраў, ня трацячыся на будаўніцтва ўласнага тэрміналу LNG. Несумнеўна, што краіны Балтыі зробяць усё магчымае, каб Эўракамісія спрычынілася да фінансаваньня гэтага праекту ў рамках Усходняга партнэрства.

Дэмакратыя, каб яе...


Адзінай перашкодай для рэалізацыі гэтых плянаў можа стаць хіба адмова Эўразьвязу пашыраць супрацоўніцтва зь нелегітымным, з пункту гледжаньня Брусэлю, беларускім кіраўніцтвам. Пошук шляхоў да вырашэньня гэтых пытаньняў, верагодна, і быў асноўнай місіяй візыту літоўскага лідэра ў Менск.

Абяцаючы зрабіць усё магчымае для прызнаньня беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў на Захадзе, Грыбаўскайце, падобна, акрэсьліла кіраўніку Беларусі якія крокі той павінен будзе зрабіць для гэтага ў сваю чаргу. Сустракаючыся пазьней з прадстаўнікамі апазыцыі літоўская "жалезная лэдзі" распавяла, што Лукашэнка абяцаў дапусьціць незалежных назіральнікаў да падліку галасоў. Улічваючы, што пераважная бальшыня падазраваных фальсыфікацыяў адбываецца, найверагодней, падчас папярэдняга галасаваньня, такі варыянт, бадай, сапраўды, ня быў бы для ўраду непрымальным.

Ці прызнае Брусэль такое "істотнае паляпшэньне выбарчага працэсу" дастатковым для прызнаньня афіцыйнага Менску? Несумнеўна, што балтыйскія ўрады зробяць для гэтага ўсё магчымае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG