Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэміі — толькі чальцам афіцыйнага прафсаюзу


Вартаўнік камунальнага прадпрыемства «Брагінскае» Ўладзімер Церамецкі зьвярнуўся ў раённы суд з пазовам да адміністрацыі. Ён патрабуе, каб дырэкцыя выплаціла яму прэміі ў памеры адной базавай велічыні да Дня абаронцаў Айчыны і дзьве базавыя — да Дня працаўнікоў бытавога абслугоўваньня й жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Адпаведныя загады № 50 за 23 лютага і № 80-к за 24 сакавіка на прэміяваньне калектыву былі падпісаныя дырэктарам прадпрыемства Аляксандарам Атрошчанкам. Аднак заахвочваньняў спадар Церамецкі да гэтага часу не атрымаў, а на звароты дырэктар не адказвае.

«Праз управу працы й сацыяльнай абароны Брагінскага райвыканкаму я даведаўся, што паводле пункту 1.5 калектыўнай дамовы дзеяньне гэтай дамовы распаўсюджваецца толькі на чальцоў афіцыйнага галіновага прафсаюзу. Паколькі я сябра незалежнага прафсаюзу, то на прэмію я, член калектыву, нібыта й ня маю падстаў спадзявацца. Але ж артыкул 14 Працоўнага кодэксу забараняе абмяжоўваць правы альбо атрымліваць нейкія перавагі ў залежнасьці ад удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах», — кажа Ўладзімер Церамецкі.

Дарэчы, у суд разам са спадаром Церамецкім меліся падаць заявы й яшчэ трое працаўнікоў прадпрыемства «Брагінскае»: яны не ўваходязць у прафсаюз і таксама не атрымалі прэміі. Але ўрэшце яны перадумалі падаваць у суд, або іх проста адгаварылі.

Сытуацыя, якая склалася ў камунальным прадпрыемстве «Брагінскае» ў зьвязку з выплатай прэмій, акурат нагадвае арбатаўскае новаўвядзеньне ў галіне народнага харчаваньня, апісанае Ільфам і Пятровым у «Залатым цяляці» — «Піва адпускаецца толькі членам прафсаюзу».
XS
SM
MD
LG