Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры незалежнага прафсаюзу не знайшлі праўды ў пракуратуры


Сябры незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» атрымалі адказ з абласной пракуратуры на сваю скаргу пра тое, што прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства прымушалі іх пад пагрозай звальненьня пісаць заяву аб выхадзе зь незалежнага прафсаюзу.


Кіраўнік незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» Сяргей Антусевіч паведаміў, што такія заявы напісалі чатыры сябры прафсаюзу.

Адзін зь іх, Артур Богуш, сёньня яшчэ раз распавядаў пра тое, як загадчык цэху, у якім ён працуе, прапанаваў яму тры варыянты: напісаць заяву пра выхад з прафсаюзу альбо пра звальненьне, а ў выпадку, калі ён гэтага ня зробіць яму аб’яўляюць вайну з тым, каб ён пагадзіўся на адзін з двух папярэдніх варыянтаў.

Пасьля першай скаргі ў пракуратуру, са словаў Артура Богуша, з начальнікам цэху правялі гутарку супрацоўнікі пракуратуры і нібыта патлумачылі яму ягоныя правы і абавязкі, пасьля чаго размовы пра прафсаюз спыніліся, але пакараньня начальнік не панёс.

Такі вынік не задаволіў сябраў прафсаюзу і яны паскардзіліся паўторна. І вось атрымалі адказ, што пракуратурай праведзена паўторная праверка, апытаныя тыя, на каго аказваўся ціск і сьведкі, якія пры гэтым прысутнічалі, і па выніках праверкі ў іх няма падстаў для ўзбуджэньня крымінальнай справы.

Лідэр прафсаюзу, Сяргей Антусевіч, кажа што іх пазыцыя не супадае зь меркаваньнем пракуратуры, а таму яны маюць намер шукаць новыя захады, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых.

Сяргей Антусевіч кажа, што з падобнымі запалохваньнямі сябры незалежнага прафсаюзу сутыкаліся і раней. Не зьмянілася сытуацыя і з прыходам на пасаду новага дырэктара з Расеі Ігара Жыліна.
XS
SM
MD
LG