Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў выдала распараджэньне аб прымусовым высяленьні з офісу суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Загад падпісаў намесьнік кіраўніка прадпрыемства па ідэалягічнай працы Пётар Слабадчук. Неабходнасьць высяленьня суполкі аргумэнтуецца вытворчай неабходнасьцю. У прафсаюзе лічаць такое распараджэньне незаконным і плянуюць судзіцца.

Сядзіба незалежнага прафсаюзу пакуль яшчэ месьціцца ў адным з заводзкіх цэхаў. Паводле кіраўніка суполкі Міхаіла Кавалькова, адміністрацыя прапанавала іншае памяшканьне — у былой транспартнай вартоўні.

"Слабадчук проста вырашыў выдаліць кіроўны орган прафсаюзу з тэрыторыі заводу, далей ад людзей. Там яны нават замуравалі ўваход з тэрыторыі заводу. Стварыў камісію па прымусовым перасоўваньні офіснага абсталяваньня ў спэцыяльна адведзенае памяшканьне для далейшай працы. Мы сумленна выконваем свае абавязкі па абароне інтарэсаў сяброў прафсаюзу. Вось за тое, што мы сумленна гэта выконваем —такі наезд на прафсаюз",-- зазначае Міхаіл Кавалькоў.

Як сьцьвярджае актывіст, ужо падрыхтаваныя скаргі на дзеяньні адміністрацыі ў пракуратуру і суд. Паводле яго, адміністрацыя сваімі распараджэньнямі перашкаджае дзейнасьці незалежнага прафсаюзу.

У адміністрацыі заводу прызнаюць факт выданьня загаду аб прымусовым высяленьні прафсаюзнай суполкі. Неабходнасьць гэтага тлумачыцца аптымізацыяй выкарыстаньня заводзкіх плошчаў для кампактнага разьмяшчэньня службаў прадпрыемства.
Няхай выконвае нашыя ўсе законы беларускія, і больш нічога ня трэба ...

"Наагул выселіць з заводу мы ня можам паводле закону. Нават калі б і хацелі. А вось перамяшчэньне для патрэбаў вытворчасьці — трэба, перамесьцім. Няхай выконвае нашыя ўсе законы беларускія, і больш нічога ня трэба. Ведаеце, колькі ў нас на заводзе грамадзкіх арганізацыяў знаходзіцца? Ажно дванаццаць. Гэта і "Чырвоны крыж", і БРСМ, і "Белая Русь". Дык што, пад кожную грамадзкую арганізацыю вытворчасьць будзе падладжвацца?" — заявіў намесьнік кіраўніка завода па ідэалягічнай працы Пётар Слабадчук.

Паводле Міхаіла Кавалькова, дзеяньняў прымусовага характару па высяленьні суполкі зь цяперашняй сядзібы пакуль няма. Актывіст адзначае, што выселіць суполку зьбіраюцца ўжо ня ў першы раз. Падобныя захады адміністрацыя робіць, калі павялічваецца колькасьць сяброў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве.

Цяпер на заводзе тры сотні сяброў СПБ. Суполка незалежнага прафсаюзу існуе на бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў ад 1998 году.
XS
SM
MD
LG