Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнтаў засталося шаснаццаць


Пётар Барысаў

Пётар Барысаў

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі адзін з прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Пётар Барысаў абвясьціў, што гатовы падтрымаць свайго сябру па партыі Віталя Рымашэўскага. Афіцыйная заява аб зьняцьці Барысава з прэзыдэнцкай гонкі будзе агучана пазьней.

Сталічны пэнсіянэр, у мінулым інжынэр-будаўнік Пётар Барысаў падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў, матываваўшы сваё вылучэньне ў кандыдаты на прэзыдэнта «гармідарам у краіне». У яго ініцыятыўнай групе было 11 чалавек, але колькі подпісаў яна сабрала, Барысаў адмовіўся паведаміць. 7 кастрычніка ён заявіў, што аб’ядноўвае сваю каманду зь Віталём Рымашэўскім. І хоць Пётар Барысаў вылучаўся сам па сабе, цяпер ён далучыўся да БХД. Што да свайго сыходу з прэзыдэнцкай гонкі, ен кажа:

«Рашэньне маё прынятае. На рашэньне маё ніхто не ўплываў і не паўплывае».

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, у сваю чаргу, сказаў:
Мы прапанавалі спадару Барысаву таксама ўвайсьці ў ценевы ўрад.

«Мы вітаем ініцыятыву спадара Пятра далучыцца да маёй кампаніі. І ў нас ёсьць дамоўленасьць, што літаральна ад сёньняшняга дня людзі, якія працавалі на спадара Пятра, далучаюцца і ўліваюцца ў маю ініцыятыўную групу. Мы прапанавалі спадару Барысаву таксама ўвайсьці ў ценевы ўрад, які стварае Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

Спадар Барысаў прапанаваў астатнім кандыдатам узважыць свае магчымасьці, здольнасьці, шанцы, аб’яднаць свае намаганьні і таксама зьняцца на карысьць Рымашэўскага.

Віталь Рымашэўскі і Пётар Барысаў.

На пытаньне, ці разумеў спадар Барысаў, калі вылучаў сваю кандыдатуру, што адцягне ўвагу ад іншых кандыдатаў, і ў першую чаргу ад паплечніка па партыі спадара Рымашэўскага, ён адказаў так:

«Я разумеў, што адцягну ўвагу. Я і да пачатку сваіх дзеяньняў плянаваў, што калі будуць зь ягонага боку нейкія крокі, то я пайду насустрач. Але чым больш будзе на арэне прэтэндэнтаў, тым больш той, хто мае нават вераб’іны розум, зразумее: вось прэзыдэнт дзейны, і вось цэлы натоўп. Натоўп ня сам ускочыў туды, людзей падтрымаў народ. Гэта паказьнік таго, наколькі народ незадаволены».

Усе неабходныя юрыдычныя працэдуры па зьняцьці сваёй кандыдатуры спадар Барысаў паабяцаў выканаць у самы бліжэйшы час.

Сябры ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага распавялі пра шматлікія перашкоды ў зборы подпісаў з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG