Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор подпісаў: расчараваньне, страх, няпэўнасьць, надзея


За Някляева подпісы зьбіралі ў Бабруйску ля цэнтральнага рынку.

За Някляева подпісы зьбіралі ў Бабруйску ля цэнтральнага рынку.

Працягваецца збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Каб стаць кандыдатам, палітык павінен сабраць у сваю падтрымку ня менш за 100 тысяч подпісаў грамадзянаў да 29 кастрычніка.

Сёньня ў штабе лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Ўладзімера Някляева паведамілі, што сабрана ўжо больш як 17 тысяч галасоў. У падтрымку намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука падпісалася каля 14 тысяч чалавек, і прыкладна столькі ж — за вылучэнца Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Абы толькі зноў не застаўся кіраваць Аляксандар Лукашэнка»

На пікетах подпісы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты зьбіралі ў Магілёве й Бабруйску. У абласным цэнтры дзейнічалі адразу некалькі ініцыятыўных груп, кожная за свайго кандыдата. У Бабруйску — за аднаго Някляева. Як зьбіралі подпісы ў Магілёве?

Падпісваюцца за Саньнікава.
Падпісант: «Саньнікаў — чалавек не абы-хто. Працаваў у Міністэрстве замежных спраў»
Пікет з «Эўрапейскім выбарам»
«Хто ён, Яраслаў Раманчук?»
Першымі перад цэнтральным магілёўскім кінатэатрам «Радзіма» зьявіліся сябры ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава. Подпісы яны пачалі зьбіраць ад пятнічнага надвячорка. Гаворыць кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктар Болдзін:

«У гэтую кампанію людзі падзяліліся рэзка на дзьве часткі. Альбо абыякавыя, альбо тыя, якія мэтанакіравана ідуць і падпісваюцца. Падпісваецца больш моладзь. Прыходзяць і кажуць: абы толькі не цяперашні прэзыдэнт».

Карэспандэнт да аднаго з падпісантаў: «Вы падпісаліся за Андрэя Саньнікава — чаму?»

Спадар: «Ён чалавек не абы-які. Працаваў у Міністэрстве замежных спраў. У яго ёсьць жыцьцёвы досьвед. Я назіраю ў інтэрнэце за рэйтынгам, і ўсё ж большасьць людзей схільная галасаваць за яго».

Карэспандэнт: «Вы азнаёміліся зь біяграфіяй Саньнікава й падпісаліся за яго — чаму?»

Спадар: «Мне падабаецца, што ён, у супрацьвагу сёньняшняму прэзыдэнту, не «калхозьнік».

На пешаходнай Ленінскай вуліцы ля крамы з парфумай разьмясьціла свой пікет ініцыятыўная група Яраслава Раманчука. Яе кіраўнік Уладзімер Шанцаў дзеліцца сваімі назіраньнямі пасьля чатырохгадзіннага збору подпісаў:

«Ня вельмі ахвотна людзі падпісваюцца. Многія пытаюцца: „А ці вы не баіцеся, а ці не баіцца Раманчук?“ Атмасфэра страху. Гэтую атмасфэру стварыла сёньняшняя ўлада. Мы ўсім адказваем, што наша галоўная задача — каб страх зьнік».

Карэспандэнт да падпісанта: «Вы падпісаліся за Раманчука — чаму?»

Спадар: «Чалавек з вышэйшай эканамічнай адукацыяй. Нічога кепскага з нашай краінай ня стане, калі прэзыдэнтам будзе ён. У яго напісана, што трэба з суседзямі не сварыцца, а сябраваць. Прыклад Расеі тут. Тое, што робіць Аляксандар Рыгоравіч, тое няправільна».

На той жа вуліцы Ленінскай разьмясьціўся й яшчэ адзін пікет. Тут зьбіраюць подпісы за трох патэнцыйных кандыдатаў адразу — Віталя Рымашэўскага, Міколу Статкевіча й Рыгора Кастусёва. На стэндзе надпіс: «Эўрапейскі выбар».

У аднаго з падпісантаў пытаюся, за каго той даў подпіс. У адказ: «За Рымашэўскага».

«Малады, пэрспэктыўны. Добры сямейнік. Кар’ера ягоная ідзе прыступкамі».

Карэспандэнт: «Ён з партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя“. Гэта для вас нешта значыць?»

Спадар: «Хрысьціянская — значыць, зьвязаная з нашым хрысьціянскім. Мы ж усе хрысьціяне».

Ля гэтага ж стэнду спадарыня доўга ўчытваецца ў біяграфіі кандыдатаў. Потым расьпісваецца адразу за ўсіх:

«Я проста сама да канца не зразумела, за каго галасаваць і хто яны такія, таму дала магчымасьць паспрабаваць усім».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Лукашэнка ўжо надакучыў, яго трэба мяняць»

Адміністрацыйны рэсурс працуе напоўніцу: «У інтэрнат вам нельга, бо тут зьбіраюць подпісы толькі за Лукашэнку…»

Ужо на самым пачатку збору подпісаў сябры ініцыятыўных групаў апазыцыйных кандыдатаў скардзяцца на тое, што знаходзяцца ня ў роўных умовах з праўладнымі зьбіральнікамі подпісаў.

У Лідзе Яўген Куроўскі, які зьбірае подпісы за Ўладзімера Някляева і Яраслава Раманчука, распавядае, што ўлады адпачатку ўключылі адміністрацыйны рэсурс і што ён зафіксаваў ужо мноства фактаў парушэньня выбарчага заканадаўства.

За Лукашэнку зьбіраюць подпісы, замбіруюць людзей і ўводзяць у зман — маўляў, раз падпісаліся адзін раз, то болей ня маеце права.
Куроўскі: «За Лукашэнку зьбіраюць подпісы, замбіруюць людзей і ўводзяць у зман — маўляў, раз падпісаліся адзін раз, то болей ня маеце права. А нам потым даводзіцца па паўгадзіны тлумачыць людзям, што гэта падман. Далей. Дачка з сынам пайшлі ўчора ў інтэрнат музвучэльні — выгналі і сказалі, што яны ня маюць права, маўляў, мы тут зьбіраем за Лукашэнку».

У Горадні тым часам сябры ініцыятыўных групаў кандыдатаў ладзяць пікеты. Людзі няспынна падыходзяць, ставяць подпісы і выказваюцца наконт выбарчай кампаніі. Вось малады спадар паставіў подпіс і кажа, што ўсё роўна выбару беларускі народ ня мае і ўсё застанецца, як было.

Спадар: «Усё гэта ўжо адрэпеціравана за 16 гадоў: цэнтравыбаркамы, ярмошыны — усё гатова, усё па шаблёну. Гэта ня выбары. А калі гэта называць выбарамі, то трэба павесіць адзін вялікі плякат: выбары Аляксандра Лукашэнкі».

Старэйшы спадар, пачытаўшы інфармацыю пра спадара Кастусёва, ня стаў падпісвацца. Вось што ён кажа:

Спадар: «Ну што зь іх возьмеш? То з 46 году, то яшчэ старэйшы, у іх ужо ўзрост пад пэнсійны. Няхай яны на пэнсію ідуць і не перашкаджаюць. Я ўпэўнены, што Лукашэнка пераможа, а калі нават і зьмяняць яго, то на больш маладога».

Яшчэ адзін спадар, паставіўшы подпіс за Яраслава Раманчука, падбадзёрвае зьбіральнікаў подпісаў.

Спадар: «Лукашэнку трэба мяняць. Адна праблема, што людзі ні пра кога больш ня ведаюць, ні пра Саньнікава, ні пра Раманчука. А Лукашэнка ўжо і так надакучыў. Колькі яго можна ўжо вылучаць? Дый што ён нам даў? Як хадзілі бедныя, так беднымі і ходзім».

Сваімі ўражаньнямі падзяліўся са мною адзін зь сябраў ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва, які ўжо некалькі дзён стаіць у пікеце.

Спадар: «Хачу сказаць, што людзі цікавяцца выбарамі, падыходзяць да стэнду, чытаюць, але бачу, што пакуль яны ня вызначыліся, дый большасьць зь іх ня маюць пашпартоў — гэта яшчэ толькі пачатак збору подпісаў».


ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Подпіс за Лукашэнку ня даў»


Збор подпісаў за Міхалевіча.
У Гомелі найбольш актыўна збор подпісаў вядзецца за вылучэньне кандыдатамі на прэзыдэнта Аляксея Міхалевіча й Аляксандра Лукашэнкі.

Сябры ініцыятыўных групаў абодвух прэтэндэнтаў ладзяць нават адмысловыя пікеты. Прычым за дзейнага кіраўніка дзяржавы подпісы зьбіраюць практычна ў любых месцах, нягледзячы на абмежаваньні гарвыканкаму.

Людзі Міхалевіча сёньня зладзілі пікет у 19-м мікрараёне, непадалёк ад супэрмаркету «Алма».

Зьбіральнік подпісаў Сяргей Сьцепанец: «Гарвыканкам забараніў зьбіраць подпісы ў тых месцах, дзе найбольш людзей, дзе праходзяць людзкія патокі — блізу прыпынкаў, рынкаў, гандлёвых прадпрыемстваў, ля ўваходу ў паркі. Мы не павінны падыходзіць да іх бліжэй, чым на 50 мэтраў».

Зьбіральнік кажа, што, нягледзячы на гэтыя абмежаваньні, за гадзіну ўдаецца сабраць 20-25 подпісаў:

«Самая актыўная — гэта моладзь. Яны кажуць: за каго заўгодна, але толькі не за Лукашэнку й не за Гайдукевіча».

Толькі што за Міхалевіча паставіла свой подпіс маладая жанчына, спадарыня Вольга:

«Трэба ж паспрабаваць, каб нехта яшчэ быў прэзыдэнтам, апроч Лукашэнкі».

Сталага веку кабета, у сваю чаргу, цягне мужа-пэнсіянэра далей ад століка, за якім разьмясьціліся зьбіральнікі подпісаў за Міхалевіча. Тлумачыць яму, што трэба падпісвацца за Лукашэнку:

«А што нам, дрэнна пры ім жывецца? Лепей, чым дзе-кольвечы жывуць. Украінцы нам зайдросьцяць, расейцы нам зайдросьцяць».

«Зайздроснага аптымізму» ніяк не падзяляе мужчына сярэдняга веку, які назваўся Леанідам:

«Учора падыходзілі. Дзяўчына якаясьці прыходзіла, прасіла за Лукашэнку. Подпіс я ня даў. Патрэбны перамены — моцныя перамены, і найперш у нашых заробках. Сьвежыя мазгі патрэбныя! Улада сябе вычарпала, усё карумпавана. Беларускую мову зрабілі паміраючай. Вядзецца плянамерная русыфікацыя».

Даведка «Свабоды»
Сярод прэтэндэнтаў 8 асобаў, якія прадстаўляюць суб’екты дэмакратычных сілаў:

  • Юры Глушакоў,
  • Рыгор Кастусёў,
  • Алесь Міхалевіч,
  • Уладзімер Някляеў,
  • Яраслаў Раманчук,
  • Віталь Рымашэўскі,
  • Андрэй Саньнікаў,
  • Мікалай Статкевіч.

Іх ініцыятыўныя групы разам аб’ядноўваюць 13.327 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG