Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына. Суды падтрымліваюць выканкамы


Сёньня суд Сьветлагорскага раёну адхіліў скаргу мясцовай арганізацыі Партыі левых «Справядлівы сьвет» на неўключэньне ў склад раённай камісіі па выбарах прэзыдэнта вылучэнца партыі Генадзя Жулегі.

Прадстаўнікамі райсавету й райвыканкаму, якія фармавалі камісію, у судзе выступалі Аляксандар Гудыменка, Вячаслаў Дзікун і Ўладзімер Кукар.

На пытаньне даверанай асобы «Справядлівага сьвету» Валера Рыбчанкі, як была сфармавана камісія з 13 чальцоў, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзелу спадар Кукар паведаміў, што сьпіс камісіі быў складзены ў аддзеле напярэдадні сумеснага паседжаньня прэзыдыюму райсавету й райвыканкаму — такі парадак падрыхтоўкі паседжаньняў. І што чальцы прэзыдыюму райсавету й райвыканкаму прагаласавалі за сьпіс, гэта іхняе права. Маўляў, на паседжаньні агучваліся прозьвішчы ўсіх вылучэнцаў у камісію.

Такое тлумачэньне, відаць, задаволіла судзьдзю Галіну Сьвідуновіч, і яна адхіліла скаргу «Справядлівага сьвету» на фармаваньне камісіі.


Напярэдадні была адхілена аналягічная скарга і ў судзе Жлобінскага раёну.

Там у раённую камісію мясцовыя органы ўлады не ўключылі вылучэнца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Яўзрэзава.

У судзе назіральнік ад «Справядлівага сьвету» Анатоль Сьцепаненка засьведчыў, што на паседжаньні прэзыдыюму Жлобінскага райсавету і райвыканкаму намесьнік старшыні па ідэалёгіі Віктар Касьцяйкоў зачытаў толькі 13 прозьвішчаў — за іх і прагаласавалі без абмеркаваньня. Астатніх 13 чалавек, вылучаных у камісію, у ліку якіх быў і Валянцін Яўзрэзаў, нават не называлі.

Па сутнасьці, камісію таксама сфармавалі ў аддзеле арганізацыйна-кадравай работы. Але і ў гэтым выпадку судзьдзя Іна Шаршнёва вырашыла, што дзеяньні раённых уладаў былі правільнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG