Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не разглядае выбарчыя скаргі апазыцыі


Выбарчая камісія. Ілюстрацыя.

Выбарчая камісія. Ілюстрацыя.

Жыхары Бярозы Тамара Шчапёткіна і Сяржук Русецкі атрымалі адказ з суду на свае скаргі аб незаконным, на іх думку, стварэньні Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі. Паводле адказу суду, справа ня можа быць распачата, бо заява мусіць быць падпісана ўсімі выбаршчыкамі, якія накіроўвалі грамадзян у камісію.

Тамара Шчапёткіна і Сяржук Русецкі не пагадзіліся з тым, што пасяджэньне прэзыдыюма Бярозаўскага раённага Савету і Бярозаўскага райвыканкаму прайшло бяз іх удзелу. Грамадзянаў не запрасілі на пасяджэньне і толькі пазьней паведамілі, што са сьпісам прадстаўнікоў камісіі можна пазнаёміцца на інтэрнэт-старонцы райвыканкаму. Прозьвішчаў Тамары Шчапёткінай і Сяржука Русецкага ў сьпісе не было.

Таму і было вырашана накіраваць скаргу ў раённы суд, кажа Тамара Шчапёткіна:

"У дасланым лісьце з суду пазначаецца, што мы ня мелі паўнамоцтваў на падпісаньне скаргі. Але гэта не зусім так. Акрамя іншага старшыня суду не ўказаў, як ліквідаваць перашкоду для завядзеньня грамадзянскай справы. Таму мы будзем абскарджваць гэтае рашэньне ў абласным судзе".

Як адзначае Тамара Шчапёткіна, была накіравана скарга і ў ЦВК. Райвыканкам, у сваю чаргу, не патлумачыў, чаму яе не ўключылі ў склад камісіі, але параіў зьвярнуцца з скаргай у аблвыканкам:

"У выпадку нязгоды нам рэкамэндавалі зьвярнуцца ў аблвыканкам. Але лічым, што ня варта накіроўваць гэты зварот. А што да суду, то такое рашэньне было прынятае паводле рэкамэндацыі ЦВК. Дарэчы, і ў цэнтральную камісію мы таксама накіравалі скаргу".

Праваабаронца Раман Кісьляк кажа, што грамадзяне цалкам маюць права накіроўваць скаргу ў суд, і судзьдзя павінен распачаць разгляд адміністрацыйнай скаргі. Таму падстава адмовы не зусім законная:

"Мне падаецца гэта нечым новым, з чым раней не сустракаліся. Але ўвогуле адмова ўключэньня грамадзян у камісіі, а таксама фармаваньне камісій з асобаў, якія прыхільна ставяцца да пэўнай асобы, выклікае пытаньне па рэалізацыі права абірацца і быць абраным на роўных падставах".

У праваабаронцы Рамана Кісьляка выклікае заклапочанасьць той факт, што адносна малая колькасьць апазыцыянэраў патрапіла ў выбарчыя камісіі.

"Толькі наяўнасьць шырокага спэктру прадстаўнікоў палітычных сілаў і рухаў у камісіях, якія лічаць галасы выбаршчыкаў, забясьпечвае свабодныя і дэмакратычныя выбары. На жаль такога падчас фарміраваньня камісій не адбылося."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG