Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненыя, але не зламаныя


Сёньня ў больш як 100 краінах сьвету адзначаецца Дзень настаўніка. Гэтае прафэсійнае сьвята было заснавана ў 1994 годзе ў Парыжы з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Сярод беларускіх настаўнікаў нямала тых, якія ў свой час далучыліся да апазыцыі, удзельнічалі ў выбарчых кампаніях на баку дэмакратычных кандыдатаў. Многія зь іх у выніку страцілі працу, зазналі перасьлед. Некаторыя вымушаныя былі зьехаць за мяжу. Пра лёс гэтых людзей, імёны якіх у свой час ня раз гучалі па Свабодзе — паведамленьні рэгіянальных карэспандэнтаў «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Звольненыя настаўнікі знаходзяць сабе працу нават у Польшчы

У асяродку гомельскіх палітыкаў і грамадзкіх актывістаў нямала настаўнікаў. Ёсьць нават сямейныя пары, адлучаныя ўладамі ад школы з прычыны грамадзкай актыўнасьці.

Васіль Палякоў
Прыкладам, Васіль і Сьвятлана Паляковы. Абое яны — гісторыкі з унівэрсытэцкай адукацыяй. Спадар Васіль скончыў яшчэ й асьпірантуру.

Са Сьвятланай, якая неаднойчы была на выбарах незалежнай назіральніцай, адміністрацыя школы № 46 спыніла кантракт улетку 2008 году. Сьвятлана ніколі не хавала сваіх поглядаў і перакананая, што звальненьне зьвязана менавіта з палітычнай дзейнасьцю і мужа, і яе асабіста.

Сьвятлана бяз працы не засталася, але новая праца не зьвязаная з выкладаньнем гісторыі ў школе.

Звыш дзесяці гадоў працаваў выкладчыкам гарадзкой гімназіі і сам Васіль Палякоў. Ён, калі даведаўся, што дырэкцыя ня будзе зь ім працягваць кантракт, напісаў заяву на звальненьне. Цяпер спадар Палякоў — старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

«Мне не перашкаджала грамадзка-палітычная дзейнасьць працаваць настаўнікам. Калі б была такая магчымасьць, я б і зараз ім працаваў. Але, на жаль, мяне такой магчымасьці пазбавілі ў 2006 годзе. Безумоўна, шкада, што я не магу рэалізаваць сябе па сваёй прафэсійнай прыналежнасьці. З гадамі прыходзіць досьвед, і хацелася б папрацаваць са студэнтамі альбо школьнікамі. Такая патрэба ёсьць, але нельга сказаць, што яна мяне ахапіла і я не магу перажыць і толькі пра гэта й думаю».

Спадар Палякоў ня лічыць, што настаўнікі, якія складаюць значную частку ў выбарчых камісіях, маюць дачыненьне да фальшаваньня вынікаў выбараў:

Я б не абвінавачваў настаўнікаў, што яны займаюцца фальшаваньнем.
«Настаўнікі, якія працуюць у камісіях, у большасьці ведаюць, што нешта адбываецца. І вынікі, якія запісаныя ў пратаколе, не зусім тыя, якія мелі месца. Але, я думаю, не настаўнікі дакідваюць бюлетэні, пішуць выніковыя лічбы. Гэта робяць сакратар і старшыня камісіі, ня больш за тое. Я б не абвінавачваў настаўнікаў, што яны займаюцца фальшаваньнем. Іх віна ў тым, што яны, магчыма, ведаюць пра гэта, але нічога ня робяць, каб гэтаму супрацьдзейнічаць».

У вёсцы Вуць Добрускага раёну жыве сям’я настаўнікаў і грамадзкіх актывістаў Адама й Клаўдзіі Варанцоў. Яны зараз на пэнсіі, але дапрацаваць да яе настаўнікам не далі з-за іхніх палітычных поглядаў. Звольнілі.

На выбарах вясковыя пэдагогі заўсёды падтрымлівалі дэмакратычных прэтэндэнтаў. Спадар Варанец як сябра АГП спрабаваў і сам вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але яго не зарэгістравалі — знайшлі нейкія хібы ў дэклярацыі.

Каб падтрымаць сям’ю, Адам езьдзіў нават на працу ў Польшчу. Адтуль вынес пэўны досьвед, як паступаюць тамтэйшыя ўлады, калі чалавек застаўся бяз працы:

«Калі чалавек піша бізнэс-плян, то мясцовая гміна — думаю, і дзяржава ў гэтым дапамагае, — яны даюць беспрацоўнаму 19 тысяч злотых (на нашыя грошы — прыкладна 19 мільёнаў рублёў). Гэта даецца бязвыплатна — іх чалавек можа траціць. Паводле іхняй статыстыкі, 75 адсоткаў людзей, якія атрымалі такую бязвыплатную дапамогу, становяцца на ногі. Маюць невялічкія фірмы, маюць сваю справу — і гэта ўсіх задавальняе».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Сацыяльная неабароненасьць — шлях да паслухмянасьці

На Магілёўшчыне няшмат настаўнікаў, якія наважваюцца адкрыта паўставаць супраць улады. Бальшыня лічыць, што «лепш маўчаць». Не для ўсіх, аднак, тое прымальна.

Ігар Кірын
Пятнаццаць гадоў шукае працу настаўніка праваабаронца з райцэнтру Глуск Ігар Кірын. З пасады дырэктара раённага Дома піянэраў яго звольнілі неўзабаве пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі. Не даравалі стварэньня ў Глуску камітэту грамадзкага самакіраваньня ды ўдзелу ў выбарах. У аддзеле адукацыі на ягоныя звароты адказваюць:

«Ну што вы, Ігар Міхайлавіч, вы ж на выбарах назіраеце, супраць улады выступаеце. Як я магу ўзяць вас на працу? Я ж таксама працаваць хачу, у мяне ж таксама сям’я. Нават ад цэнтру занятасьці мяне туды накіроўвалі. Афіцыйныя адказы ёсьць: на працу мяне ўзяць ня могуць, прычыны адмовы называць не абавязаныя».

Ігар Кірын працягвае займацца грамадзкай дзейнасьцю. Цяпер чакае суду. Намагаецца абскардзіць рашэньне аб фармаваньні раённай выбарчай камісіі.

Людміла Старавойтава
Настаўніца з Чэрыкаўскага раёну Людміла Старавойтава адмаўляецца падтрымліваць Лукашэнку сваім подпісам. Не выключае — могуць быць непрыемнасьці. У справядлівасьць выбараў па-беларуску Людміла Старавойтава ня верыць. Спрабуе давесьці гэта й калегам.

«Сёньня мы атрымалі квіткі й ня можам зразумець, дзе ж нашы дваццаць пяць працэнтаў. А настаўнікі, большасьць, — «мая хата з краю, абы мяне не чапалі». Дбаньне толькі пра сябе. Папулізм на іх узьдзейнічае. «Там жа недзе ваююць, там жа недзе паўсталі». Я ж ім даводжу: «Там кавалачак правоў чалавека ўрэзалі — і там змагаюцца за свае правы. А вам урэзалі — вы змаўчалі».

Стаўленьне да цяперашняй улады ў Людмілы Старавойтавай зьмянілася пасьля інцыдэнту зь міліцыянтамі. Тры гады таму яе арыштавалі з надуманых прычын проста ў школе. На вачах у калегаў начапілі кайданкі.

Беларускі фэномэн настаўніцкага паслушэнства ўладзе дэпутатка сельсавету з Горацкага раёну, актывістка стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Жана Шчарбініна тлумачыць неабароненасьцю настаўнікаў. Ня кожны зь іх наважыцца абараняцца:

«У гэтым навучальным годзе мяне ўжо ніхто не чапае, чаму я не падпісваюся на „Савецкую Белоруссию“. У мінулым даймалі. Дырэктарка на мяне крычала на сходах: „Мы государевы люди“. Хто будзе адкрываць рот? Адразу ж пачнуць звальняць. Чалавеку патрэбна столькі сілаў, каб гэта ўсё адстойваць. Таму людзі й кажуць: што будзе, тое й будзе».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Каб была беларуская школа, я б туды вярнуўся …»

Выпадкі, калі настаўнікам не працягвалі кантракты з палітычных матываў, на Гарадзеншчыне не адзінкавыя.

Віктар Парфёненка меў 13 гадоў пэдагагічнага стажу, выкладаў гісторыю, прычым усе заняткі праводзіў па-беларуску, у калектыве займаў актыўную грамадзянскую пазыцыю, не баяўся выказвацца на вострыя палітычныя тэмы, вучыў дзяцей шанаваць беларускасьць. Гэта не падабалася дырэктару школы, але да пэўнага часу той маўчаў.

Аднаго году Віктар Парфёненка быў нават абраны лепшым настаўнікам гісторыі году ў Горадні. Ён меў вышэйшую катэгорыю, і кантракт зь ім павінны былі заключаць не на год, а на 5 гадоў. Аднак кантракт яму працягнулі толькі на год, парушыўшы гэтым самым заканадаўства.

Парфёненка: «Я пайшоў там, крыху паскандаліў — далі мне 6 гадзін нагрузкі, прычым гадзіны раскідалі на тры дні, каб цяжка было недзе дарабіць. Натуральна, што за гэтыя грошы нельга было пражыць, і я пайшоў і напісаў заяву аб звальненьні».

Зараз Віктар працуе рэпартэрам на Радыё Рацыя. Падае вострыя і цікавыя матэрыялы. Вось, што кажа сам пра новую працу:

«Станоўчы момант хаця б у тым, што каэфіцыент карыснага дзеяньня ў пляне беларускасьці значна большы, чым быў у школе».

Праўда, Віктар Парфёненка прызнаецца, што калі б у нас існавалі беларускія школы, то хацеў бы ўсё ж вярнуцца, бо ведае, як наладзіць працэс навучаньня.

Алесь Масюк
Алеся Масюка са Слоніма доўгі час пасьля заканчэньня гістарычнага факультэту ня бралі настаўнікам у школу за яго сяброўства ў партыі БНФ. Спадару Масюку давялося нават пісаць скаргу ў пракуратуру:

«Казалі, што нібыта няма гадзінаў у школе. А ў адной школе дырэктарка сказала, што ёсьць, няпоўная стаўка, але там можна было дапрацоўваць у музэі. Дырэктарка сказала: ідзіце ў выканкам, няхай яны даюць дазвол. Я пайшоў. А мне там ізноў кажуць, што ўжо месца занята».

У Алеся Масюка двое дзетак, да таго ж жонка на той момант была ў дэкрэтным адпачынку. Пасьля скаргі ў пракуратуру месца яму прапанавалі — паўстаўкі выхавальнікам на турбазе. Давялося пагадзіцца. І зараз ён зарабляе там трохі болей за 400 тысяч рублёў.

Масюк: «Нават калі мяне бралі на працу, то намесьнік старшыні райвыканкаму папярэджваў, каб дзяцей не ўцягнуў у „Малады фронт“, каб памятаў, які ў нас сьцяг, і каб пра Аляксандра Рыгоравіча нічога не казаў».

ВІЦЕБШЧЫНА


Звольненыя за перакананьні

Першым настаўнікам на Віцебшчыне, якога звольнілі з палітычных прычын, стаўся жыхар Гарадку Леанід Гаравы. Прычым у 2005-м годзе, калі тое здарылася, спадар Гаравы быў не шараговым настаўнікам, а дырэктарам — кіраваў Вархоўскай базавай школай, якая лічылася адной з найлепшых у раёне.

Непасрэднай прычынай звальненьня былы дырэктар, сябра руху «За свабоду» лічыць сваю грамадзкую дзейнасьць:

Леанід Гаравы
«Удзел у кампаніі 2004 году, калі я заклікаў не падтрымліваць прапанову Лукашэнкі на рэфэрэндуме пра тое, што ён будзе „вечна кіраваць“. А яшчэ я браў удзел у якасьці кандыдата на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Калі мяне звольнілі з пасады дырэктара, я разьлічваў, што змагу працаваць хаця б простым настаўнікам інфарматыкі ці матэматыкі. Але настаўнікам я ўжо не ўладкаваўся».

Ад часу звальненьня Леанід Гаравы займаецца праваабарончай дзейнасьцю і журналістыкай — выдае ў Гарадку самвыдатаўскі бюлетэнь «Гасьцінец», падтрымлівае мясцовы незалежны інтэрнэт-сайт.

Падчас цяперашняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі спадар Гаравы меў пляны папрацаваць у Гарадоцкай раённай і Віцебскай абласной выбарчых камісіях. Але яго не ўключылі ні ў адну, ні ў другую — гэтаксама як і на мінулых, мясцовых выбарах. 28 верасьня падчас фармаваньня раённай выбарчай камісіі намесьніца старшыні райвыканкаму Надзея Бурунова ахарактарызавала Леаніда Гаравога як чалавека, які скандаліць у выбарчых камісіях нават у якасьці назіральніка, і прапанавала адхіліць ягоную кандыдатуру. Цяпер Леанід Гаравы зьбірае подпісы за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча.

Тацяна Севярынец зьбірае подпісы за Рымашэўскага.
Подпісы за вылучэньне Віталя Рымашэўскага зьбірае звольненая ў 2007-м годзе віцебская настаўніца Тацяна Севярынец. Спадарыня Тацяна — каардынатарка партыі БХД на Віцебшчыне. Часу на грамадзкую дзейнасьць у яе значна паболела пасьля таго, як яе звольнілі зь сярэдняй школы № 40, дзе Тацяна Севярынец выкладала расейскую мову, мела вышэйшую прафэсійную катэгорыю і зьбіралася выпусьціць сваю чарговую 11-ю клясу. Але нават завяршыць навучальны год ёй не далі:

«27-га красавіка быў загад, што мяне звольнілі. А ў мяне былі і 5-я клясы, і 8-я, і 10-я…Я дужа перажывала, мне было цяжка. Перахварэла я цяжка, у мяне пякло сэрца, ня ведаю нават, як я ўсё тое перажыла! Мяне напярэдадні выклікалі ў райаддзел адукацыі і сказалі, што „ты блытаесься ўвесь час пад нагамі, удзельнічаеш у выбарах“. Гэта былі выбары ў мясцовыя саветы, я вылучалася, нас было чалавек 40 ад розных дэмакратычных структур, але нікога не зарэгістравалі».

Афіцыйная прычына звальненьня настаўніцы з больш як 25-гадовым стажам — прагул 5-ці працоўных дзён. На гэтыя дні яна брала адпачынак за свой кошт, каб зьезьдзіць у Варшаву на сэмінар па правах дзіцяці.

Сяргей Салодкін
Пасьля апошніх мясцовых выбараў быў звольнены і калега спадарыні Севярынец, настаўнік беларускай мовы Капцянскай сярэдняй школы Сяргей Салодкін. Зь ім не працягнулі кантракт пасьля таго, як у самвыдатаўскай газэце «Покліч Волі» ён апісаў выбарчыя падзеі:

«Ацаніў дзейнасьць кіраўніцы аддзелу адукацыі Віцебскага раёну. Яна ўзначальвала раённую выбарчую камісію, а настаўнікі былі чальцамі ўчастковых камісій. Яны падначаленыя ёй і мусілі падпарадкавацца».

Сяргей Салодкін кажа, што ні кроплі не шкадуе пра тое, што ягоная настаўніцкая кар’ера раптам абарвалася: цьвердзіць, што нарэшце адчуў сябе вольным чалавекам. Ён працягвае выдаваць уласную газэту «Покліч Волі» і супрацоўнічае зь «Витебским курьером».

Увогуле ж усе трое звольненых настаўнікаў лічаць, што цяперашняя школа пасьля апошніх рэформаў толькі ўціскае пэдагогаў і выхоўвае вучняў несвабоднымі людзьмі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG