Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўныя групы працягваюць збор подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Каб быць зарэгістраваным, трэба сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў. Гэты этап выбарчай кампаніі будзе працягвацца да 30 кастрычніка.

Мясцовая ўлада мусіла вызначыць для збору подпісаў зручныя месцы. Аднак нават старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына нядаўна прызнала памылкі адміністратараў, якія дазволілі збор подпісаў пераважна ў аддаленых і малалюдных месцах.


БЕРАСЬЦЕ


Толькі ў адным месцы для пікетаваньня ёсьць людзі

Магчымасьці для правядзеньня выбарчых пікетаў у Берасьці істотна абмежаваныя. Паводле рашэньня гарвыканкаму, самыя шматлюдныя месцы трапілі пад забарону. Таму каардынатары штабаў робяць ухіл на акцыю «ад дзьвярэй да дзьвярэй».

Па вуліцы Пушкінскай каля Берасьцейскага рынку вядзецца збор подпісаў за Уладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Рымашэўскага па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай кажа, што людзі даволі актыўна падыходзяць да палаткі і прапануюць паставіць подпіс. За гадзіну зьбіраецца каля 15 подпісаў. Праўда, кажа Зьміцер Шурхай, у першы дзень не абышлося і без правакацыі:

Падыходзіў да нас нейкі чалавек у цывільным і запытаўся, ці маем мы дазвол на правядзеньне пікету.
«Падыходзіў да нас нейкі чалавек у цывільным і запытаўся, ці маем мы дазвол на правядзеньне пікету. Мы адказалі, што дазвол цяпер не патрабуецца. Але на гэта ён адказаў, што будзе разьбірацца і выкліча на нас міліцыянтаў.»

На наступны дзень пасьля гэтай пагрозы сапраўды завіталі міліцыянты. Але пасьля праверкі дакумэнтаў ня сталі перашкаджаць.

Сябра ініцыятыўнай групы Уладзімера Някляева Іван Стасюк раніцай далучыўся да палаткі БХД. Нягледзячы на кепскае надвор’е, берасьцейцы цікавяцца альтэрнатыўнымі кандыдатамі, кажа зборшчык подпісаў:

«Людзі падыходзяць і выказваюць зацікаўленасьць. Відавочныя таксама сярод цікаўных і, так бы мовіць, правакатары. Але асноўная маса ставіць свае подпісы і выказвае словы падтрымкі.»

Каардынатар абласнога і гарадзкога штабу Яраслава Раманчука Марат Несьцярэнка кажа, што асноўныя сілы цяпер накіраваныя на акцыю «ад дзьвярэй да дзьвярэй». На выходныя чакаецца правядзеньне і пікету:

«Каля 50 чалавек цяпер задзейнічаны ў зборы подпісаў. На выходныя абавязкова ў цэнтры гораду будзем праводзіць пікет. Што тычыцца вобласьці, то пакуль сытуацыя выглядае ня так добра. Але таксама працуюць людзі і ў Кобрыне, і ў Баранавічах».

Каардынатар гарадскога штабу Уладзімера Някляева Мікалай Коўш кажа, што па зборы подпісаў найважнейшай зьяўляецца акцыя «ад дзьвярэй да дзьвярэй». Зборшчыкі подпісаў разьмеркаваны па вуліцах гораду. Пікеты ў сёлетняй кампаніі не прынясуць вялікіх вынікаў:

«Паводле рашэньня гарвыканкаму амаль паўсюль у абласным горадзе забаронена пікетаваньне. Калі паглядзець на мапу гораду, то застаюцца толькі самыя малалюдныя месцы. Спадзяемся, што нешта зьменіцца. Згадваюцца выпадкі, што нават насуперак такім пастановам дазвалялася праводзіць пікетаваньне, напрыклад, у Баранавічах каля школ, а вось у абласным цэнтры не дазволілі».

Збор подпісаў у Берасьці.


МАГІЛЁЎ


Зборшчыкаў подпісаў не пускаюць у інтэрнаты

На вуліцах Магілёва пікетоўцаў, якія зьбіраюць подпісы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, няма. Сябры ініцыятыўных груп аддаюць перавагу наведваньню выбарцаў па месцы іх пражываньня. Ня ўсе яны аднак даступныя для актывістаў.

Сябраў ініцыятыўнай групы Алеся Міхалевіча не пускаюць у студэнцкія інтэрнаты Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова і Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту. Вахцёры заяўляюць актывістам, што інтэрнаты — рэжымны аб’ект і, каб трапіць да іх насельнікаў, патрэбны дазвол з рэктарату ўнівэрсытэтаў:

Сябра ініцыятыўнай групы Юры Стукалаў: «Калі я балятаваўся ў аблсавет па гэтай жа акрузе, у цэнтры гораду, маіх людзей і мяне пускалі зьбіраць подпісы ў інтэрнаты без праблемаў. Гэта боязь
Калі не зьбіраць за Лукашэнку, тады наагул ні за каго.
прарэктара браць адказнасьць на сябе. Калі не зьбіраць за Лукашэнку, тады наагул ні за каго — у такім пляне адказваюць».

У рэктараце Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова заявілі, што пускаць ініцыятыўныя групы да студэнтаў у інтэрнаты ня будуць:

Прарэктар унівэрсытэту Ўладзімер Ясеў: «Мне ўсё роўна ці за Міхалевіча, ці за Лукашэнку. Усе нашы інтэрнаты — гэта такія ўстановы, у якія праходзяць толькі з пропускам. Калі ласка, у адпаведнасьці з заканадаўствам, няхай рэгіструюць свае пікеты, няхай становяцца калі інтэрнатаў і зьбіраюць подпісы. Ім жа ніхто не забараняе».

У рэктараце Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту актывістам заявілі тое ж самае.

Што да збору подпісаў на вуліцах, то, як абяцае кіраўнік абласной вэртыкалі Пётар Руднік, тут абмежаваньня ня будзе.

«Выканаўчай уладзе неабходна забясьпечыць свабодныя месцы для збору подпісаў. Ніякіх забаронаў не павінна быць. У падземных пераходах, каля прадпрыемстваў, у непасрэднай блізкасьці ля прахадных, можна ўсталёўваць столікі й зьбіраць подпісы. Тым ня менш, там павінен быць забясьпечаны грамадзкі парадак».

Што такое грамадзкі парадак? Гэта прысутнасьць непадалёк міліцыянтаў. Ці будуць у іх прысутнасьці людзі падпісвацца — пытаньне для чыноўнікаў, відаць, другаснае.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Ведаюць толькі, што ёсьць 17 кандыдатаў, а хто тыя кандыдаты — ніхто нічога ня чуў…»

На Гарадзеншчыне працягваюць збор подпісаў шляхам абыходу кватэраў. Пікеты ў Горадні і райцэнтрах плянуюцца на выходныя дні.

Як заяўляюць многія зборшчыкі подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў, шмат дзе толькі ўчора атрымалі пасьведчаньні сябраў ініцыятыўных групаў, яшчэ не паўсюль давезьлі неабходны рыштунак, многія ўдзень працуюць і таму толькі пасьля працоўнага дня пайшлі зьбіраць подпісы.

У Слоніме, да прыкладу, збор подпісаў ужо пачаўся, і там сябры БНФ зьбіраюць подпісы амаль за ўсіх апазыцыйных кандыдатаў. Першыя дні, са слоў сябраў ініцыятыўных групаў, зьдзіўляюць цікавасьцю людзей да выбараў. Кажа адзін зь сябраў ініцыятыўных груп Някляева, Кастусёва і Раманчука.
Спакойна людзі ставяцца да выбарчай кампаніі, чакаюць пераменаў да лепшага і цешаць сябе надзеяй.

Спадар: «Вельмі нестае інфармацыі людзям, ведаюць толькі, што ёсьць 17 кандыдатаў, а хто тыя кандыдаты — ніхто нічога ня чуў. Таму даводзіцца вельмі шмат распавядаць: хто ідзе, з чым ідзе, якія праграмы, біяграфіі. Адна жанчына, праўда, сказала, што гэтыя выбары непатрэбныя, бо, маўляў, абяруць усё роўна аднаго, і вядома каго».

У Смаргоні Ірына Вештард зьбірае подпісы за Ўладзімера Някляева і сустрэчы зь людзьмі яе таксама вельмі ўражваюць:

«Спакойна людзі ставяцца да выбарчай кампаніі, чакаюць пераменаў да лепшага і цешаць сябе надзеяй…».

У Астравецкім раёне Мікалай Уласевіч зьвяртае ўвагу на цяжкасьці пры зборы подпісаў. Ён лічыць, што неабавязкова хадзіць у невялічкіх гарадах і мястэчках на пікеты, лепей непасрэдна гаварыць зь людзьмі ў іх дамах. Яго турбуе іншае:

«Людзі проста ня вераць, што нешта можна зьмяніць у нашай краіне. І яшчэ адна рэч — людзі баяцца, і гэта таксама відавочна».

У Лідзе сябры ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава ў чаканьні, паколькі ўжо на другі дзень збору подпісаў ім яшчэ не давезьлі пасьведчаньняў і неабходнага рыштунку.

Спадар: «У нас каля 70 чалавек. Думаю, што і па кватэрах пойдзем, і пікеты арганізуем, людзей хапае…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG