Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты самі зьбіраюць подпісы



Сёньня пачаўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах. Працу пачалі 17 ініцыятыўных груп. Каб стаць кандыдатам, палітык павінен сабраць у сваю падтрымку 100 тысяч подпісаў грамадзян. Як патэнцыйныя кандыдаты арганізавалі першы дзень збору подпісаў?



Паглядзець фотагалерэю ва ўвесь экран.

Камароўскі рынак у Менску ператварыўся ў альтэрнатыўны цэнтар палітычнага жыцьця. У падземным пераходзе да рынку месьціцца пікет па зборы подпісаў за Яраслава Раманчука з АГП, ля крамы «Імпульс» — за Андрэя Саньнікава, бліжэй да плошчы Якуба Коласа зьбіраецца наладзіць свой пікет і Рыгор Кастусёў з БНФ.

Зборшчыкі подпісаў за Яраслава Раманчука, у тым ліку і сам патэнцыйны кандыдат ад АГП, апрануліся ў яркія жоўтыя камізэлькі, на якіх адлюстраваная кветка (сымбаль кампаніі) і лёзунг: «Створым новае — захаваем лепшае». Яраслаў тлумачыць:

«Гэта, на мой погляд, нацыянальная беларуская ідэя. Створым новае — тое, што трэба для таго, каб Беларусь ішла наперад. А захаваем лепшае — гэта тое, каб мы не бурылі ўсё ад пачатку, а каб працавалі на падмурку тых традыцыяў, тых лепшых дасягненьняў, якія ў нас ёсьць».

Мінакі даволі актыўна падыходзяць да кандыдата і распытваюць яго, адкуль ён родам, дзе вучыўся, якія погляды мае:

Раманчук: «Гарадзкі пасёлак Сапоцкін, 22 кілямэтры ад Гародні ў бок мяжы зь Літвой і Польшчай».

Спадарыня: «Я сама з Гарадзенскай вобласьці, з Мастоў».

Раманчук: «Мы ў раённых спаборніцтвах удзельнічалі ў Мастах, і на стадыёне ў вас быў колькі разоў…»

«А чым тут займаецеся?»

«Я скончыў інстытут замежных моваў, потым эканамічную асьпірантуру і цяпер узначальваю навуковы цэнтар…»

Спадар Раманчук кажа, што задаволены першым кантактам з выбаршчыкамі:

Уражаньні самыя добрыя, усіх дастала тое, што ў краіне ёсьць, і вельмі радуюцца, што ёсьць людзі, якія хочуць узяць адказнасьць і весьці краіну ў лепшае жыцьцё.
«Уражаньні самыя добрыя, усіх дастала тое, што ў краіне ёсьць, і вельмі радуюцца, што ёсьць людзі, якія хочуць узяць адказнасьць і весьці краіну ў лепшае жыцьцё. Я вельмі задаволены, што ёсьць магчымасьць праводзіць пікеты. Гэта такі глыток сьвежага паветра, які дазволіць нам усім значна больш падрыхтаванымі прыйсьці да прэзыдэнцкай кампаніі і перамагчы».

Спадар Раманчук кажа, што кожны дзень будзе асабіста зьбіраць подпісы, у тым ліку ў пікетах, але асноўная праца пройдзе ў паходах зборшчыкаў ад дзьвярэй да дзьвярэй.

Непадалёк ад Камароўкі подпісы за іншага кандыдата, Андрэя Саньнікава, зьбірае Аляксандар. Ён кажа, што толькі за 2 гадзіны тут сабралі 200 подпісаў:

«Людзі ідуць і бачаць наш стэнд, шмат зь іх падпісваецца, а ўжо потым глядзяць, хто гэта, і бачаць знаёмага чалавека. Настрой пазытыўны, людзі кажуць, што гэты лад, гэтая ўлада надакучыла і людзі гатовыя нешта рабіць, падпісвацца за любога кандыдата, а тым больш за нашага».

Мінакі сапраўды цікавяцца стэндам Саньнікава:

Спадар: «Дастойны кандыдат, варта падпісацца. Вось дастаю пашпарт… Усе дастойныя, акрамя Гайдукевіча, які ганьбіць сябе сваімі паводзінамі. 10 разоў ідзе — навошта?»

Большасьць апазыцыйных прэтэндэнтаў, як і Яраслаў Раманчук, таксама бяруць удзел у зборы подпісаў. Рыгор Кастусёў, напрыклад, сёньня стаяў у пікеце ля Акадэміі навук, а Ўладзімер Някляеў хоча асабіста сабраць подпісы ў грамадзян Беларусі, якія жывуць у Варшаве і прыйдуць на спэктакль «Пінская шляхта». Віталь Рымашэўскі зьбіраў за сябе подпісы ля менскага вакзалу. Ён кажа, што апрача збору подпісаў сябры ягонай ініцыятыўнай групы імкнуцца заангажаваць людзей у працэс назіраньня і змаганьне за свабодныя выбары:

«Я б зрабіў такі заклік і да іншых кандыдатаў, каб яны не загульваліся ў выбары. Таму што зараз можна вельмі добра падыгрываць Лукашэнку зь пікетамі, зборам подпісаў, ствараючы агульны антураж, што ў Беларусі ёсьць свабодныя выбары. Ня трэба забывацца, што справядлівага падліку галасоў ня будзе, рэгістраваць будуць толькі зручных кандыдатаў. Таму і пікеты, і сустрэчы зь людзьмі падчас абыходу кватэр мы будзем выкарыстоўваць у тым ліку на тое, каб запрашаць людзей на Плошчу і распавядаць, што вольных выбараў у Беларусі няма, і заклікаць іх падключыцца да кантролю за падлікам галасоў».

У Беларусі пачаўся збор подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты.
Кампанія працягнецца да 29 кастрычніка. Ініцыятыўным групам трэба сабраць ня меней як па 100 тысяч подпісаў. Ці адпавядае выбарчая актыўнасьць грамадзянаў такім патрабаваньням? У ініцыятыўнай групе паэта Уладзімера Някляева тэмпамі збору подпісаў у першы дзень задаволеныя.

Цэнтравыбаркам улічыў асаблівасьць восеньскага надвор’я і ўпершыню дазволіў зьбіраць подпісы ў падземных пераходах. Зборшчыца подпісаў за эканаміста Яраслава Раманчука кажа пра пытаньні, якія найчасьцей чуе ад выбарцаў.

Побач зьбіраюць подпісы за прадстаўніка БНФ Рыгора Кастусёва. Актывіст кажа пра асаблівасьць старту выбарчай гонкі.

Актывісты групы сузаснавальніка БХД Віталя Рымашэўскага прэзэнтуюць свайго кандыдата як «шчырага хрысьціяніна». А ў пікеце лідэра кампаніі «Эўрапесйкая Беларусь» Андрэя Саньнікава націскаюць на яго былую працу намесьнікам міністра замежных спраў.

Усяго подпісы маюць права зьбіраць ініцыятыўныя групы 17 кандыдатаў. Сёньня ў Менску пікеты зборшчыкаў подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў стаялі на праспэкце Незалежнасьці, на чыгуначным вакзале, побач з мэтро Пушкінская, на Камароўцы ды ў іншых месцах. Журналістам «Свабоды» не давялося ўбачыць ніводнага пікету ініцыятыўных групаў Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Гайдукевіча і большасьці беспартыйных прэтэндэнтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG