Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі пачаўся збор подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Кожнаму з 17 прэтэндэнтаў трэба сабраць да 29-га кастрычніка ня менш як 100 тысяч подпісаў выбарцаў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Першай стартавала каманда Ўладзімера Някляева


У першы дзень збору подпісаў на Гомельшчыне ў многіх месцах можна было назіраць актывістаў з каманды Ўладзімера Някляева. Гаворыць кіраўнік рэгіянальнай групы Някляева Алег Шабетнік з Рэчыцы:

Алег Шабетнік
«Сьветлагорск пачаў працаваць актыўна. У Рэчыцы яшчэ ня ўсё, але пяць чалавек прыступілі ўжо да збору подпісаў. У Мазыры, Калінкавічах людзі яшчэ ня выйшлі. Там узьнікла невялікая праблема, паедзем разьбірацца. Пасьведчаньні людзям аддалі, але там ня могуць знайсьці папак для збору подпісаў».

Асобныя прадстаўнікі руху «За свабоду» пачалі сёньня збор подпісаў за Алеся Міхалевіча, бо лідэр руху Аляксандар Мілінкевіч не пажадаў удзельнічаць у сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі.

Пра гэта расказаў старшыня рэгіянальнай суполкі руху «За свабоду» Пятро Кузьняцоў:

Пятро Кузьняцоў
"Агулам колькасьць сябраў руху, якія будуць працаваць у вобласьці на Міхалевіча, складае 100 чалавек. Зь іх 36 у Гомелі — яны пачынаюць сёньня працаваць. 25 чалавек — у Жлобіне, а таксама ад 5 да 10 чалавек у Добрушы, Ветцы й Мазыры«.

Цэнтрам збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты эканаміста Яраслава Раманчука стаўся ў рэгіёне Жлобін, бо гомельскія актывісты дэмсілаў адмовіліся зьбіраць подпісы за каго-кольвечы з палітыкаў, калі з дэмакратычнага асяродку ня будзе вылучаны адзіны кандыдат.

Марат Афанасьеў
Групу Раманчука ў Жлобіне ачоліў былы дэпутат Вярхоўнага Савету Марат Афанасьеў:

«У нас ня надта вялікая каманда з-за рашэньня АДС зьбіраць подпісы толькі за адзінага кандыдата. Зараз я раздаю дакумэнты, усё гэта людзі будуць мець у руках, і ўжо некаторыя пачнуць зьбіраць подпісы».

Спадар Афанасьеў кажа, што некаторыя чальцы групы будуць адначасова працаваць на Някляева й Саньнікава.

Гомельскі прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі «Зялёных» Юрась Глушакоў са сваім начальнікам перадвыбарчага штабу знаходзіцца зараз у Нямеччыне — сустракаюцца з тамтэйшымі «зялёнымі».

Юры Глушакоў
Прыхільнікі Глушакова ў рэгіёне яшчэ не атрымалі адпаведных пасьведчаньняў, таму збор подпісаў сёньня не пачыналі.

Сам спадар Глушакоў паведаміў праз тэлефон зь Нямеччыны:

«Як толькі вернемся, так і пачнем зьбіраць. Зь Нямеччыны вернемся і будзем зьбіраць. Начальнік штабу тут, у мяне. Я такі „тэхнічны“ кандыдат — як штаб вырашыць, так і будзем дзейнічаць».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Зборшчыкі подпісаў пайшлі па кватэрах

На Гарадзеншчыне подпісы ад сёньня зьбіраюць, пераважна абыходзячы кватэры.

Юры Істомін
За Яраслава Раманчука на Гарадзеншчыне будуць зьбіраць подпісы 263 сябры яго ініцыятыўнай групы. Кіраўнік рэгіянальнага штабу Юры Істомін кажа, што, нягледзячы на заявы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, у Горадні практычна ва ўсіх людных месцах пікеты праводзіць забаронена.

«Мы будзем зьбіраць подпісы суадносна Канстытуцыі і Выбарчаму кодэксу ў любым месцы, дзе няма прамой забароны законам „Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў“. Улады будуць рэагаваць, як яны будуць рэагаваць, але гэта ўжо будзе справа палітычная. Сёньня мы пачынаем збор подпісаў па кватэрах, а заўтра будуць і пікеты».

Зьміцер Бандарчук
Зьміцер Бандарчук каардынуе ў вобласьці дзейнасьць штабу Ўладзімера Някляева і распавядае, што ў ягонай групе налічваецца каля 200 чалавек, прычым яны болей настроеныя хадзіць па кватэрах.

«Асноўны збор подпісаў будзе праводзіцца шляхам хаджэньня па кватэрах. Мы лічым, што тады робіцца менш памылак, людзі спакайней могуць падпісацца, зь імі можна пагаварыць. Але будуць і пікеты, бо трэба, каб людзі бачылі нас, чакалі і ведалі аб тым, што выбары пачаліся».

Сябры Партыі БНФ са штабу Рыгора Кастусёва ўжо сёньня павінны былі выйсьці на пікеты, але ў Горадні два дні лье дождж. Каардынатар штабу Вадзім Саранчукоў кажа, што за Кастусёва ў Горадні пачалі збор подпісаў 72 чалавекі.

Іван Шэга
У Слоніме кіраўнік раённай арганізацыі БНФ Іван Шэга распавядае, што сябры іхнай партыі зьбіраюць подпісы за ўсіх апазыцыйных кандыдатаў.

«У нас і за Някляева сябры БНФ, і за Кастусёва, і за Міхалевіча, і за Саньнікава таксама будуць зьбіраць».

У Слоніме, са слоў Івана Шэгі, перавагу традыцыйна аддаюць збору подпісаў па кватэрах. Зь ягоных слоў, раённая ўлада дагэтуль не апублікавала сьпіс месцаў, дзе можна праводзіць пікеты.

Каардынатар штабу Андрэя Саньнікава на Гарадзеншчыне Ўладзімер Чырвоненка кажа, што ў іхную групу па вобласьці ўключана 177 чалавек. Усе атрымалі неабходны рыштунак і прыступілі да працы. Пікетаў яны праводзіць не зьбіраюцца.

«Для правядзеньня пікетаў неабходныя дастатковыя рэсурсы, а ў нас іх няма. Вось, у прынцыпе, усё гэтым і тлумачыцца. Будзем хадзіць па кватэрах».

Экспэрт «Свабоды»: «Да бліжэйшых выходных збор подпісаў будзе арганізаваны належным чынам»

Віктар Івашкевіч
Экспэрт «Свабоды», старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, які працуе цяпер у камандзе прэтэндэнта Андрэя Саньнікава, лічыць, што ў першыя дні збору подпісаў існуюць арганізацыйныя складанасьці. «Да бліжэйшых выходных праца будзе арганізаваная належным чынам», — перакананы Віктар Івашкевіч:

«Толькі ўчора атрымалі пасьведчаньні з ЦВК. Сёньня ўкамплектавалі ўсе неабходныя папкі. Сёньня-заўтра іх разьвязуць з тым, каб да выходных людзі ў рэгіёнах пачалі працаваць. Я пакуль ня бачу, што адбываецца нейкі зрыў, бо для дастаўкі дакумэнтаў, напрыклад, да Слуцку і іх раздачы там патрэбныя гэтыя два дні. Актывісты ініцыятыўных групаў у вёсках атрымаюць неабходныя дакумэнты на трэці дзень».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG