Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўны сабор “удасканальваюць” сучаснай прыбудовай


Праваслаўны Сьвята-Петрапаўлаўскі сабор на вуліцы Нямізе ў Менску "прырастае" сучасным уваходам. З чырвонай цэглы будаўнікі ўзводзяць вялікі "тамбур", якога апошнім часам там не было. Спэцыялісты кажуць, што так званы нартэкс пры храме існаваў да ХІХ стагодзьдзя, але потым быў разбураны. Аднак ці адпавядае цяперашні варыянт старажытнаму прататыпу?

У Экзархаце Беларускай праваслаўнай царквы запэўніваюць, што прытвор у саборы сьвятых Пятра і Паўла быў і раней, але яго зь незразумелых прычынаў разбурылі падчас рэканструкцыі пры канцы XIX стагодзьдзя.

Наяўнасьць такога канструктыўнага элемэнту пацьвярджае і гісторык, спэцыяліст па архітэктуры Менску Ўладзімер Дзянісаў. Але ён робіць розьніцу паміж навукова абгрунтаваным аднаўленьнем і самадзейнасьцю, якая цяпер суправаджае большую частку такога тыпу працаў:
Усе менскія храмы адпачатку ня мелі такіх прытвораў...


“Калі гэта грунтуецца на рэстаўрацыйных дакумэнтах, калі робіцца на аснове кваліфікаванай распрацоўкі, то гэта някепска. Але калі ўсё адбываецца саматужна, то, натуральна, гэта дрэнна. Трэба сказаць, што ўсе менскія храмы адпачатку ня мелі такіх прытвораў, ці нартэксаў, як яны ў тагачасных храмах называліся. Але дзесьці ўжо на пачатку XVIII стагодзьдзя ў сувязі з халодным кліматам такія канструкцыі пачалі зьяўляцца. Вельмі характэрная такая канструкцыя захавалася на былым касьцёле езуітаў, цяпер гэта каталіцкі катэдральны касьцёл на плошчы Свабоды. Штосьці накшталт гэтага было зроблена і ў царкве сьвятых Пятра і Паўла. Нешта падобнае было і ў царкве Сьвятога Духа, якую аднаўляюць, ды ў некаторых іншых храмах. Гэта рабілася зь меркаваньняў клімату, таму што ў нас усё ж суровыя зімы і бяз "тамбуру" ўваходзіць у царкву вельмі некамфортна”.

Сьвята-Петрапаўлаўскую царкву пачалі ставіць на пачатку XVII стагодзьдзя. За савецкім часам храм зачынілі і разьмясьцілі там рыбны склад. Пасьля II усясьветнай вайны пацярпелы ад бамбаваньня будынак выкарыстоўвалі пад жытло. Потым там былі разьмешчаныя архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі БССР і архіў-музэй літаратуры і мастацтва БССР. У 1970-х царква была часткова рэстаўраваная з аднаўленьнем аблічча XVII-XVIIІ стагодзьдзяў. Вернікам храм перадалі ў 1991 годзе.

Згаданы спадаром Дзянісавым нартэкс – памяшканьне, першапачаткова прызначанае для маленьня тых, хто ня меў права ўваходзіць у сам храм, у прыватнасьці катэхумэнаў. Пазьней, калі зьнік звычай абмяжоўваць уваход на службу, патрэба ў нартэксе практычна адпала, але ён застаўся распаўсюджаным архітэктурным элемэнтам. З цягам часу, хутчэй за ўсё, прытвор сапраўды набыў функцыю "тамбуру", дзе ўзімку затрымлівалася халоднае паветра. Ці ёсьць патрэба ў такім элемэнце сёньня, вырашаюць, натуральна, гаспадары таго ці іншага культавага збудаваньня.

Аднак, паводле беларускага заканадаўства па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, гістарычныя будынкі забаронена відазьмяняць і мадэрнізаваць.

Так сёньня выглядае ўваход у храм

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч канстатуе, што гістарычны вобраз беларускай сталіцы паступова зьмяняецца да непазнавальнасьці. Вуліца Няміга, на якой стаіць Сьвята-Петрапаўлаўская царква, амаль уся ператвораная ў муляж – на месцы зруйнаваных будынкаў паўсталі стылізаваныя "пад даўніну" гандлёвыя рады, офісы, паркінгі, супраць волі адмыслоўцаў і неабыякавай часткі грамадзкасьці фактычна сілком "насунутыя" на старыя падмуркі.
"Менскпраектаўская" прапанова зробленая з грубымі парушэньнямі асноўных палажэньняў генэральнага пляну...


Гэткі ж лёс гатовы напаткаць і іншыя, яшчэ адносна ацалелыя фрагмэнты гістарычнай забудовы гораду. Паводле Астаповіча, напярэдадні Навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры адхіліла альтэрнатыўную прапанову аднаўленьня шматпакутнай вуліцы Гандлёвай, пацьвердзіўшы лінію на псэўдарэстаўрацыю. За аснову ўзяты варыянт "Менскпраекту", які, словамі суразмоўцы, выкананы з парушэньнем практычна ўсіх нормаў ахоўнага заканадаўства:

"Менскпраектаўская" прапанова зробленая з найгрубейшымі парушэньнямі асноўных палажэньняў генэральнага пляну Менску, дэталёвага пляну рэстаўрацыі, рэканструкцыі, рэгенэрацыі і добраўпарадкаваньня гістарычнага цэнтру Менску, а таксама закону аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны, з грубымі парушэньнямі будаўнічых нормаў у Беларусі. Наша прапанова выкананая строга ў адпаведнасьці з існуючым і з зацьверджаным горадабудаўнічым рэглямэнтам і зь дзейным заканадаўствам. Нягледзячы на гэта, на падставе таго, што ў 2008 годзе ў гістарычным цэнтры ўздоўж вуліцы Гандлёвай з парушэньнем заканадаўства быў пракладзены і фэкальны калектар, і ліўневы калектар, і вось у прывязцы да гэтых калектараў і з апэляцыяй на тое, што гэтыя калектары пракладзеныя, і затрачаныя быццам бы народныя грошы (а народныя грошы пайшлі на незаконныя работы), нашу прапанову адхілілі, прыняўшы варыянт "Менскпраекту".

У дадатак да гэтага па-ранейшаму неакрэсьленай застаецца сытуацыя вакол былых бэрнардынскага кляштару і касьцёлу сьвятога Язэпа, у якім месьціцца частка дзяржаўнага архіву і які ўлады не зьбіраюцца вяртаць вернікам. Апроч таго, як паведаміў гісторык Уладзімер Дзянісаў, рэстаўрацыйныя работы ў манастырскіх будынках адбываюцца без выкананьня элемэнтарных патрабаваньняў рэстаўрацыйных нормаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG