Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі праект аднаўленьня вуліцы Гандлёвай у Менску адкінуты

  • БелаПАН

Навукова-мэтадычная рада ў пытаньнях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры на пасяджэньні 29 верасьня не зацьвердзіла грамадзкі праект аднаўленьня гістарычнай забудовы цотнага боку вуліцы Гандлёвай у Менску.

Аб гэтым паведаміў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Паводле яго слоў, 18 жніўня на рабочай нарадзе ў Міністэрстве культуры прадстаўнікі архітэктурнай камісіі аб'яднаньня Ўладзімер Папруга, Андрэй Лары і Антон Вантух прадставілі праект навукова абгрунтаванага аднаўленьня гістарычнай забудовы цотнага боку вуліцы. Праект уяўляе сабой эскізную прапанову па аднаўленьні двух кварталаў тыповай гарадзкой жылой і грамадзянскай малапавярховай мураванай забудовы другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Падрыхтоўка грамадзкага альтэрнатыўнага праекту матывавалася тым, што паводле замовы КУП "Мінская спадчына" спэцыялісты "Мінскпраекту" распрацавалі свой варыянт аднаўленьня забудовы цотнага боку Гандлёвай, да якога ў грамадзкасьці шмат прэтэнзій з пункту гледжаньня выкананьня заканадаўства і нарматыўных дакумэнтаў, а таксама ў частцы мэтодыкі рэалізацыі, – сказаў Астаповіч.

Грамадзкасьць дамагаецца аднаўленьня страчанай аўтэнтычнай архітэктурна-пляніровачнай структуры вуліцы і асобных яе будынкаў. "Менавіта аўтэнтычная архітэктурна-пляніровачная структура зьяўляецца асноўным элемэнтам аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці міжнароднага значэньня "Гістарычны цэнтар Менску", — падкрэсьліў Астаповіч.

Паводле яго слоў, 13 верасьня праект атрымаў высокую ацэнку кіраўніцтва камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкаму.

Нягледзячы на гэта, рада не зацьвердзіла грамадзкі праект і падтрымала прапанову "Мінскпраекту", якая парушае чырвоныя лініі гістарычнай забудовы і зыходзіць з новай трасы інжынэрных камунікацый, пракладзеных некалькі год таму, адзначыў Астаповіч. Паводле яго слоў, рада прапанавала спэцыялістам "Мінскпраекту" ўлічыць у сваім праекце "пэўныя прапановы" таварыства.

У гэтай сытуацыі Астаповіч плянуе правесьці ў Менску 30 верасьня прэс-канфэрэнцыю па праблемах рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру сталіцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG