Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паркоўка ў цэнтры хутка можа быць ня ўсім па кішэні


Менскія ўлады будуць рэгуляваць паток аўтамабіляў у цэнтры сталіцы правераным спосабам — рублём. У недалёкай будучыні цана паркоўкі ў гістарычнай частцы гораду можа стаць у 10 разоў вышэйшай за месца ў спальных раёнах. Апроч таго, не скідваецца з рахункаў магчымасьць здымаць плату ўвогуле за ўезд у цэнтральныя кварталы.

Заступаючы сёлета 30 чэрвеня на пасаду старшыні Менгарвыканкаму, Мікалай Ладуцька заявіў, што сталіцы не выпадае «быць у хвасьце» і паабяцаў шэраг кардынальных рэформаў:

«Плесьціся ў хвасьце — ня ўзровень сталіцы, ня твар сталіцы. Павінна быць здаровая маркетынгавая, тэхналягічная ініцыятыва кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый гораду, усіх галінаў. Але яе сёньня не хапае. І мы гэта назіраем у працы практычна кожнай арганізацыі. Бо ў іншым выпадку тыя паказьнікі працы, якія мы цяпер бяром за аснову, былі б у горадзе нашмат лепшымі».

Адной зь ініцыятываў, якая мусіць узрушыць ня толькі жыхароў сталіцы, але і шматлікіх гасьцей, стане навацыя ў аплаце паркоўкі. Спадар Ладуцька даў зразумець, што празь некалькі гадоў чакаецца «рэвалюцыя» ў справе перагляду тарыфаў за стаянку аўтатранспарту. На перакананьне чыноўніка, той, хто пакідае машыну ў цэнтры, павінен разумець, што з улікам досьведу іншых дзяржаў такое задавальненьне будзе дарагім. Цягам наступных трох гадоў у Цэнтральным раёне Менску ўзьвядуць два новыя паркінгі, і цана гадзіны стаянкі там будзе значна вышэйшай, чым у астатніх частках гораду. Цана канчаткова ня вызначаная, але яна вырасьце разоў у 10 у параўнаньні з звычайнай гадзінай паркоўкі.

Кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч перакананы, што пры цяперашніх заробках людзі не гатовыя плаціць па 10 тысяч рублёў ня тое што за гадзіну, а за дзень паркоўкі:

«Першы ўдар дзяржавы быў па незалежных СМІ, другі ўдар — па звычайных людзях, каб тыя не выходзілі на несанкцыянаваныя акцыі, іх проста задушылі тысячамі даляраў штрафаў. У нас жа так усё робіцца, без асаблівых рэвэрансаў. Але нічога, вытрымаем і гэтае выпрабаваньне. Заклікаю, каб людзі зьвярталіся, у нас ёсьць асяродак праваабаронцаў у аўтамабільнай галіне, юрыстаў, якія будуць працягваць дзейнічаць у гэтай складанай для Беларусі сытуацыі».

Пакуль у сталіцы дзейнічаюць пяць платных парковак, усе яны знаходзяцца ў цэнтральнай частцы гораду. Абсталяваньне яшчэ двух дзясяткаў — у працэсе. Цана адзіная: 1 тысяча рублёў за стаянку меней чым 20 хвілінаў, ад 21 хвіліны да 1 гадзіны і кожная наступная гадзіна паркоўкі абыдзецца аўтааматару ў 2 тысячы рублёў. Праўда, пры тым, што тэрыторыя платнай паркоўкі агароджаная і абсталяваная шлягбаўмам, захаваньне машыны ніхто не гарантуе.

Як кажа прадстаўнік дзяржаўнай установы «Паркоўкі сталіцы» Леанід Дарашчонак, дзеля гэтага давялося б праводзіць поўную інвэнтарызацыю аўтамабіля:
Проста бярэцца плата за карыстаньне гарадзкой інфраструктурай..


«Уявіце, колькі машын у цэнтры гораду! Як я іх прыму? Фізычна немагчыма іх агледзець і ўзяць на захаваньне. Таму проста бярэцца плата за карыстаньне гарадзкой інфраструктурай. Мы і адчынілі пакуль што толькі тыя стаянкі, дзе ёсьць магчымасьць перакрыць выезд, калі чалавек хоча зьехаць без аплаты. Пакуль ён не заплаціць, я шлягбаўм не падыму. А самы кардынальны спосаб (ён жа і самы эфэктыўны) — гэта блякаваньне кола транспартнага сродку. Тады грошы знаходзяцца хутка».

Анатоль Шаўчэнка
У сваю чаргу, галоўны рэдактар часопіса «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка не выключае, што ініцыятыва спаганяць высокія сумы за паркоўку ў цэнтры мае цалкам вытлумачальныя прычыны — папоўніць бюджэт:

«Адназначна сказаць, чым гэта выклікана, цяжка. Мы можам толькі здагадвацца. Але, як мне падаецца, колькі б нам ні гаварылі, што мы жывем добра і заробкі ў нас „высокія“, эканоміка нас урэшце рэшт дагнала. Такая ідэя што, ад добрага жыцьця зьявілася? Перадусім маецца на мэце папаўненьне бюджэту. Гэта, напэўна, адзін з галоўных крытэрыяў. З улікам таго, наколькі сёньня дзяржавай надаецца ўвага аўтамабільнай тэме, іншага варыянту шукаць не выпадае. Думаю, з боку дзяржавы і надалей будзе падвышаная ўвага да ўсяго, што зьвязана з аўтамабільнай сфэрай, хоць бы з улікам таго, колькі транспарту ў Беларусі ўвогуле знаходзіцца і яшчэ завозіцца».

Апроч паркінгу на Нямізе, які пачне дзейнічаць неўзабаве, у 2011-м пачнецца будаўніцтва паркінгу на 600 машына-месцаў на Кастрычніцкай плошчы. Разглядаецца праект падземнага паркінгу на 500 аўтамабіляў у раёне стадыёну «Дынама». Паркінгі плянуюцца і ў іншых гістарычных месцах гораду.

Уладзімер Папруга
Як лічыць колішні галоўны дзяржаўны інспэктар Менгарвыканкаму ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ўладзімер Папруга, сталічныя ўлады папросту не на тым акцэнтаваныя. Спадар Папруга яшчэ на дзяржаўнай пасадзе неаднаразова заяўляў, што любыя ідэі, датычныя гістарычнага цэнтру гораду, нясуць ня столькі прагрэс, колькі разбурэньне. Выпадак з узьвядзеньнем паркінгу на Нямізе яскрава сьведчыць, як дзеля камэрцыйных інтарэсаў быў ахвяраваны бясцэнны гістарычны пласт:

«Усё тое, што цяпер падаецца як „плён“, пойдзе марна. Бо гістарычны цэнтар Менску сёньня — гэта вялізная печ, дзе папросту спальваюцца „матэрыяльныя рэсурсы“, у тым ліку і падаткаплатнікаў. Ад імя падаткаплатнікаў адбываецца руйнаваньне гісторыка-культурнага цэнтру, але ў выніку мы не вырашаем ніводнай задачы. І тое, што там выстаўляецца, давядзецца рана ці позна ўсё роўна прыбіраць. Вось гэта галоўная праблема. І атрымліваецца: калі ў выніку зрабіць аналіз таго, што адбываецца сёньня (а зрабіць гэта будзе ня позна ніколі — ні заўтра, ні праз 150 гадоў), адказ будзе зразумелы. Ёсьць наяўная прававая база, мы прааналізуем, што рабілася ў гэты гістарычны пэрыяд і зробім выснову — чаму гэта рабілася, ці магло гэта праводзіцца ўвогуле і што ўрэшце рэшт тут было раней? Адказы будуць вельмі красамоўныя».

Тым часам менскія ўлады разглядаюць магчымасьць увядзеньня платы за права ўезду транспартных сродкаў у цэнтральную частку сталіцы. На апэратыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме зацікаўленыя асобы патлумачылі, што такая навацыя накіраваная на папаўненьне гарадзкога бюджэту. У выканкаме створаная працоўная група на пашырэньне дадатковых крыніцаў прыбытку, і значная частка ініцыятыў тычыцца больш эфэктыўнага выкарыстаньня зямельных рэсурсаў. Адна з прапаноў — спагнаньне платы за права ўезду транспартных сродкаў у цэнтральную частку сталіцы. Як выказаўся ў гэтым зьвязку прадстаўнік гарадзкой падатковай службы Ўладзімер Лайкоў, «насьпела неабходнасьць спагнаньня плацяжоў у бюджэт за выкарыстаньне гарадзкой прасторы аўтатранспартам».


XS
SM
MD
LG