Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адбылася прэзэнтацыя кнігі доктара гістарычных навук Юрыя Бохана «Ваяры Грунвальдзкай бітвы». Прадстаўляў магілёўскай публіцы кнігу сам аўтар. Сустрэча зь ім праходзіла ў гарадзкой ратушы.

У залі ўрачыстасьцяў ратушы не было вольных месцаў. Многія прыйшлі на сустрэчу, каб больш даведацца пра Грунвальдзкую бітву ды пра яе значэньне. Такую задачу для сябе паставіў, напрыклад, школьнік Аляксей. А што наагул ён ведае пра Грунвальд?

«Беларускі народ вызваліўся ад таго напружаньня, якое ўтвараў Тэўтонскі ордэн, нападаючы на беларускія землі».

Некаторыя, як спадар Фёдар, прыйшлі, каб паганарыцца за продкаў:

«Я нядаўна быў у Польшчы, быў на полі Грунвальдзкім, у Мальбургу быў, Торуні. Бачыў магутныя, велічныя замкі рыцарскія. У мяне былі моцныя ўражаньні. Перамагчы гэтую сілу можна было хіба што толькі аб’яднанымі сіламі».

Юры Бохан зазначае, што сваёй кнігай ён не імкнуўся перапісаць гісторыю падзеяў 600 гадовай даўніны і вынайсьці нешта канцэптуальна новае ў ёй. Што да значэньня перамогі на Грунвальдзкім полі, то ён кажа, што яна зьмяніла стаўленьне хрысьціянскай Эўропы да Вялікага Княства Літоўскага:

Юры Бохан на прэзэнтацыі.
«Ад краіны на якую трэба хадзіць вайной да краіны, зь якой можна падтрымліваць кантакты як зь іншымі краінамі. Вырас, канечне, і міжнародны прэстыж Вітаўта. Да яго пачалі зьвяртацца з пытаньнямі ўрэгуляваньня міжнародных канфліктаў. Ну й, натуральна, гэтая бітвы спрычынілася да аслабленьня ордэну».

Кнігу «Ваяры Грунвальдзкай бітвы» выдрукавала накладам паўтары тысячы асобнікаў выдавецтва «Беларусь». На 222 добра ілюстраваных яе старонках напісана пра перадгісторыю Грунвальдзкай бітвы, яе хаду. Падаецца расклад сілаў, узбраеньне, а таксама стратэгія й тактыка.

Прэзэнтацыю кнігі арганізавала магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы. Гэта ня першае мерапрыемства мясцовых тэбээмаўцаў, прысьвечанае гадавіне Грунвальдзкай бітвы. Папярэднія праходзілі з аншлягам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG