Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасныя Грунвальдзкія кронікі: Ліда ад тэўтонцаў да “Дажынак”


Напярэдадні адзначэньня 600-годзьдзя сечы пад Грунвальдам я вырашыў пагутарыць пра значэньне падзеі для фармаваньня нашай нацыі і дзяржавы бяз рэтушы — з усімі плюсамі і мінусамі. Сымбалічна, што ў Лідзе. Фармальна якраз тут скончылася бітва для беларусаў, — пагадзіліся мы з навуковым дарадцам нашага праекту «Сучасныя Грунвальдзкія кронікі», доктарам гісторыі Юрыем Боханам.


Юры Бохан
Бохан: «Ліда знаходзілася на тэрыторыі прасоўваньня Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ. Лідзкая харугва ўзгадваецца як адна з тых, што прысутнічалі ў бітве на Грунвальдзкім полі. Ліда была адным з населеных пунктаў, дзе зьявіўся пасьля Грунвальду Вітаўт…

Пасьля Грунвальду — шмат баек. У тым ліку, што „500 год не ступала нага немца на тэрыторыю Беларусі“ — гэта казка! Нават каб Грунвальдзкая бітва скончылася паразай саюзьнікаў, гэта б сытуацыю не зьмяніла. Што заваяваў Тэўтонскі ордэн за 200 год у ВКЛ? Невялічкую тэрыторыю. На Грунвальдзе браты ордэна налічвалі 250 чалавек. Нямецкая частка войска складала 40%, астатнія — палякі, літвіны, балтамоўныя прусы. Таму казаць, што існавала рэальная пагроза з боку ордэна, не зусім выпадае. Ужо падчас Крэўскай уніі 1385 году ВКЛ было ахрышчаным — частка ў праваслаўе, іншыя ў каталіцтва. І Ягайла рабіў міжнародныя захады, што Тэўтонскі ордэн толькі дыскрэдытуе ідэю хрысьціянства сваімі паходамі — „трэба гэта спыніць!“ І папа падтрымліваў.

У чым жа значэньне Грунвальдзкай бітвы? Тое, што Тэўтонскі ордэн быў разьбіты, і калі пачаўся Канстанцкі сабор у 1414—18 гадах, у крыжакоў не хапіла розуму замаўчаць факт вайны. Яны пачалі абвінавачваць Ягайлу і Вітаўта ў падтрымцы „паганых“ літоўцаў. Стала ясна, што тэўтонцы перасьледавалі зусім не хрысьціянскія рэчы, ад іх адышлі. І калі частка польскіх гарадоў, захопленых крыжакамі, пачала праяўляць незадавальненьне і зьвярнулася па дапамогу да Польшчы — тады, у выніку 13-гадовай вайны, Тэўтонскі ордэн быў аслаблены…»

Гэтым разам сваю родную Ліду я не пазнаў. Пачынаючы ад аўтавакзала — агароджаныя пляцы, узрытыя пуцявіны, будаўнічыя рыштаваньні. Мой даўні знаёмца, сябра Партыі БНФ Міхась Бурачэўскі патлумачыў:

Бурачэўскі: «Нам, папраўдзе сказаць, не да Грунвальда — рыхтуемся да „Дажынак“. Але ў Таварыстве польскай мовы павесілі мэмарыяльную дошку, будзе асьвечана 15 ліпеня…»


Тую шыльду я сфатаграфаваў. Дзіўнаваты, калі не сказаць больш, быў на ёй надпіс — «На памятку перамогі польска-літоўскіх войскаў над Крыжацкім ордэнам на палях Грунвальду». Зрэшты, «больш» тут жа сказалі сябры «Моладзі БНФ» Сяргей Сідарэнка ды Ўладзімір Круцікаў, што былі разам са мною.

Сідарэнка: «Напісана „дзякуй польска-літоўскім войскам“ на польскай мове. Гэта антыбеларускі выпад…»

Днямі ў Лідзкім гісторыка-мастацкім музэі плянуецца адкрыцьцё выставы, прысьвечанай Грунвальду. Яе зьбіральнік ды арганізатар — знаны на Лідчыне гісторык ды краязнаўца, спадар Валеры Сьліўкін. Дарэчы, у савецкія часы ён адстаяў сапраўднасьць яшчэ аднаго 600-годзьдзя — самой Ліды. У тагачасных мясцовых камуністаў у 1980-м зьявіўся шанец атрымаць ордэн «Знак пашаны» з Масквы. Падставай і мусіў стаць «перасунуты» на 57 год наперад фальшывы юбілей. Тады ў выніку досьледаў Сьліўкіна праўдзівая дата была пацьверджаная Акадэміяй навук. Але вось ягоная ацэнка сёньняшняга «грунвальдзкага» процістаяньня ў горадзе.

Сьліўкін: «На Грунвальдзкіх палях будзе вялікае сьвята. На рыцарскі фэст паедуць нашы лідзкія. Зразумела, што палякі робяць з гэтага „цукерку“, бо для іх гэта перамога з найбуйнейшых за ўсю гісторыю…»

Карэспандэнт: «Хаця нашы гісторыкі кажуць, што „не было б Крэва, не было б Рэчы Паспалітай“…»

Сьліўкін: «Можа, і так. Кіравалі ўсёй бітвай нашы хлопцы — Вітаўт і Ягайла. Дружынамі, якія там былі, камандавалі зноў жа нашы. Польскія, чэскія харугвы прастаялі зьлева, ні халеры ня робячы. Гэта ўсімі прызнана, што яны пайшлі ў бойку, калі выступілі 16 апошніх тэўтонскіх харугваў. Увесь удар прынялі ліцьвінскія войскі і там усе леглі. Вітаўт вырашаў свае задачы як дыктатар — зрабіў вялікую дзяржаву, але „палажыў“ на Грунвальдзе будучую нашу гісторыю. Моцы не засталося, бо эліта выбітая была. Таму гэтая велічэзная перамога для нас была і паразай у будучыні…»

А вось разважаньні сучасных лідчукоў. У кавярні «Фантан» я пазнаёміўся з двума мясцовымі прадпрымальнікамі, якія скончылі гандаль прамысловымі таварамі ды аўдыё- і відэадыскамі на кірмашы паблізу. Называць сябе ня сталі, але жыва адгукнуліся на падараваныя фірмовыя каляндарыкі Радыё Свабода.

Спадарства: «Радыё Свабода — о, „слухай сваё“! Я слухаю… Ад Расеі нікуды мы не падзенемся…Слабы ты эканаміст! Але колькі палякі плацяць за газ і чаму ў іх сярэдні заробак 5 тысяч даляраў? Чаму зьехалі ў Скандынавію і Вялікую Брытанію, калі сваю краіну падымаць трэба?! Беларусы беспрацоўныя падымуць са шклозавода „Нёман“!.. Зараз супакояцца пасьля грэцкай гісторыі, бо многія жылі не па сродках, чаму эўра і папоўз уніз. А мы наогул ні за што не жывем… А ў Вільні адны дзеці і старыя ходзяць — трэба было разьвіваць уласную вытворчасьць, а не закопваць елгаўскі „РАФ“, не закрываць „VEF“. Зараз Ігналінскую АЭС закрылі — навошта? Каб Астравецкую нам паставіць?!»

Загаварылі і пра галоўны экалягічны «болевы пункт» — нядаўна ў раёне прыгарадных вёсак Горні і Даліна прайшла акцыя супраць будаўніцтва заводу гарачага ацынкоўваньня. Суразмоўцы таксама ня вераць агучаным запэўніваньням вэртыкальнікаў, што «пагрозы пагаршэньня экалягічнага становішча не існуе».

Спадарства: «Яны сказалі што запусьцяць.Там трэба шмат вады, і яны сказалі, што будзе яе замкнёны цыкл. Грошы вялікія!.. Але калі патрапіць адна кропля ў водаправод, хопіць, каб нам усім…»

* * *


У сёньняшняй Лідзе кажуць, што пра маючыя адбыцца ў верасьні «Дажынкі» ведаюць нават ровары, бо ня могуць праехаць праз калдобіны і будаўнічае сьмецьце. На амбітныя пляны ўпарадкаваньня гораду было выдзелена 300 млрд рублёў, неафіцыйна — на 200 млрд болей. Тым ня менш сродкаў яўна не хапае. Ліда падзялілася на прыхільнікаў і праціўнікаў праекту наваяўленай «перабудовы». Сябра АГП, аўтарамонтнік Канстанцін Станюк спрабуе аб’ектывізаваць сытуацыю.

Станюк: «Ліда сёньня — вялікая будаўнічая пляцоўка: перакопваюцца камунікацыі, абнаўляюцца фасады. Апошні раз горад прыводзіўся ў парадак у 1980 годзе, калі пабудавалі стадыён. З тых часоў горад пашыраўся, але не мяняўся. І калі архітэктура — „застылая музыка“, ідучы і чытаючы „музыку“ лідзкіх дамоў, вельмі складана „зайграць“ штосьці годнае. Гораду патрэбнае ўзварушваньне. З цэнтру гораду „хрушчобы“ прыбраць трэба — там у кожнай па 5—6 сем’яў. Адзінае, за што перажываюць лідчукі, — пасьпеюць ці не і зь якой якасьцю гэта будзе зроблена…»

Карэспандэнт: «А пры чым тут самі „Дажынкі“?»

Станюк: «А „Дажынкі“ ні пры чым. Гэта можа быць „Славянскі базар“, Дзень Перамогі. Ім пакуль рамкі ня вызначыш, можа ўсё доўжыцца бясконца…»

Бурачэўскі: «Адміністрацыя сядзіць на „цьвіках“ — сёньня ты пан, заўтра прапаў…»

Далучаецца знаёмы ўжо Міхась Бурачэўскі.

Міхась Бурачэўскі
Бурачэўскі: «Што да „Дажынак“, такіх грошай „на халяву“ ніколі не атрымаем, каб зрабіць горад. Будуць павялічваць вуліцу 8 сакавіка, тунэль рабіць большы, там заторы. Узяліся за замак…»

Карэспандэнт: «Яго абклалі цаглінамі некалькі год таму, і сьцяна абвалілася…»

Бурачэўскі: «Нядаўна ішоў і ўбачыў, як кладуць на сьцяну жалезную арматуру. Хутчэй за ўсё, ізноў будуць заліваць бэтонам, трохі абліцуюць, але гэта не ідзе на карысьць. Кансэрвацыю ня зробяць, бо ў нас ня ўмеюць. Для гэтага трэба рыхтаваць спэцыялістаў ад падсобніка да архітэктара, плаціць высокія заробкі. Пабудуюць лядовы палац спорту — каму ён патрэбны, я прамаўчу. У Гродне пабудавалі некалі, і ён пасьля разваліўся, бо не змаглі ўтрымліваць. Тое самае і зь лядовым палацам будзе…»

Станюк: «У нас футбольная каманда на апошнім месцы ў першай лізе, а хакейная каманда, якую хочуць зрабіць на базе лядовага палаца — на парадак больш грошай. Адкуль іх возьмем і які вынік пакажа каманда? Дый ці будзе гатовы лядовы палац да „Дажынак“?!»

На гэтым тле ў гарадзкім Палацы культуры распаўся народны тэатар. Апавядае прафэсійны мастак-пастаноўшчык Андрэй Арыніч, які, калі трэба, быў і рэжысёрам, і акторам.

Андрэй Арыніч
Арыніч: «Для культуры нічога ня будзе, бо ўсе грошы пойдуць на „Дажынкі“. Спусьцілі пляны — 4 млн тэатар павінен зарабіць. Для мяне гэта было абсалютна незразумелым — людзі на добраахвотнай аснове ідуць, зарабляюць грошы на аддзел культуры і нічога не атрымліваюць. Калі народны тэатар зарабляе грошы, ён можа патраціць іх на дэкарацыі, строі. А калі вы людзей нічым не зацікаўліваеце, хто ж пойдзе ў гэты тэатар?»

Гісторык Валеры Сьліўкін, аднак, захоўвае — як кажа, «пакуль» — аптымізм і веру ў плён намаганьняў кіраўніка вэртыкалі Андрэя Худыка: ёсьць, маўляў, ранейшы станоўчы досьвед стасункаў.

Сьліўкін: «Я напісаў у свае часы ліст губэрнатару, што іншыя музэі будуюць, а мы разбураем. Мяне выклікалі, ганялі, хацелі з працы звольніць, але пасьля паставілі музэй, і ён адзін з найлепшых у Беларусі — сёлета атрымалі першы прыз і прэзыдэнцкую прэмію. Бібліятэка Янкі Купалы была маленькай заляй на другім паверсе, якая разбуралася ўвесь час. А зараз чатырохпавярховы будынак, дзе чытальная заля, можна сустрэцца, пагутарыць. І кнігі — я заказаў „Міндоўг — кароль Літвы“, мне яе прыслалі. Далей. Мая мара была, каб з паўднёвага боку замка збудавалі нешта, бо там хмызы былі, дрыгва. Зараз возера будзе, добраўпарадкуюць, вакол замка расчышчаюць плошчу. 8 дамоў зносяць, людзі пагадзіліся гэты час перацярпець, але ў верасьні ўедуць у новыя кватэры. І мы атрымаем горад, якім можна будзе ганарыцца…»

Разам з кіраўніком філіі Партыі БНФ Уладзімірам Круцікавым і сябрам «Моладзі БНФ» Сяргеем Сідарэнкам робім экскурс па горадзе, каб на свае вочы пабачыць, што адбываецца. Акурат насупраць «вэртыкальнага» будынка дыміліся спаленыя парэшткі аднапавярховых дамоў, якія руйнаваў бульдозэр. Грузчык Генадзь, які праходзіў побач, зазначыў:


Генадзь: «У нас у Лідзе ёсьць свая Хатынь. Стаялі чатыры дамы. Для таго каб зьнесьці, іх узялі і падпалілі. Хатынь дыміць трэція суткі ў цэнтры гораду…»

Сідарэнка: «Пасьля цяперашняй „рэканструкцыі“ ад вуліцы Янкі Купалы застаўся адзін дом — Палац культуры. Павалілі дамоў 20. Тут будзе амфітэатар на 15 тысяч чалавек…»

Карэспандэнт: «Вам жа абяцалі, што адрамантуюць мо якія трубы, каналізацыю…»

Генадзь: «Гэта нікому нічога. Галоўнае — падрыхтаваць „пацёмкінскія вёскі“. Дэкарацыя вакол…»


Круцікаў: «З ідэалягічнага аддзелу выканкаму на сустрэчы з выбарцамі казалі, што Ліду пакрыўдзілі — хацелі лядовы палац на 3000 месцаў, а далі на тысячу. Рэальна не пабудавана нічога, а горад увесь разрыты, пачынаючы ад чыгуначнага вакзалу…»

Сідарэнка: «Звычайная савецкая практыка — пыл у вочы кінуць тым, хто прыяжджае, паказаўшы, што маса аб’ектаў. Лідзкае ТБ толькі паказуху гоніць, што „ўсё цудоўна адбываецца“…»

Круцікаў: «Тым больш нават у вэртыкальнай „Лідзкай газэце“ надрукавалі, што ў будынку былой бібліятэкі толькі фасад да „Дажынак“ робяць. А пасьля ўжо дабудуюць фірменную краму „Віцязь“ па продажы тэлевізараў…»

Спыняемся пакаштаваць смакавітага лідзкага бочкавага квасу. Пытаюся ў прадавачкі Каці:

Карэспандэнт: «Як вы думаеце, на „Дажынкі“ вялізная чарга ў вас будзе па квас?»

Каця: «Канечне, шмат людзей прыедуць паглядзець наш горад…»

Карэспандэнт: «Думаеце, пасьпеюць адрамантаваць, пабудаваць?»

Каця: «Хочацца верыць, але сумненьне ёсьць — зашмат разрылі…»

Карэспандэнт: «Я так разумею, што да „Дажынак“ пакуль добра падрыхтаванае хіба фінскае прадпрыемства „Лідзкае піва“?»

Круцікаў (сьмяецца): «Вось гэта так! Дарэчы, акцыянэры „Лідзкага піва“ ўпершыню атрымалі дывідэнды з акцыяў — проста на рукі…»

Карэспандэнт: «А што ў эканоміцы гораду тым часам?»

Круцікаў: «Абутковая фабрыка амаль прыкрылася — ідзе масавае скарачэньне. Я пасьпеў уцячы на іншае месца працы — я быў начальнікам энэргацэху. Было 20 чалавек у цэху, зьбіраюцца пакінуць 6. На фабрыцы некалі было 4 тысячы, зараз 1200, зьбіраюцца на 600 скарачаць. Мэблевая фабрыка зь нерэалізаванай прадукцыяй…»

Сідарэнка: «Увогуле, усе дзяржаўныя прадпрыемствы ў горадзе — з так званай „завуаляванай“ працай: вельмі шмат працуе людзей, пры гэтым нічога ня робяць — каб зьменшыць адсотак беспрацоўя. Сядзяць, пакурваюць за 300 тысяч. Стабільна — як дэбільна! Такая сытуацыя на „Оптыцы“, „Электрапраммашы“, электравырабах. Скарачэньні ўсюды ў любы момант могуць выбухнуць. Самае жахлівае, што большасьць людзей не разумее, што гэту паказуху пасьля прыйдзецца расхлёбваць нам. На бліжэйшыя некалькі год забудзьцеся пра сацыяльныя пытаньні — давядзецца разьбірацца з тым, што нарылі-накапалі. Думаюць, нібы „Дажынкі“ — панацэя, а пасьля будзем, як у Эдэме, жыць…»

Круцікаў: «Не, няпраўда, шмат хто плюецца. У асноўным зараз пратэстныя настроі — даходзіць да людзей…»

Карэспандэнт: «А сацыяльных пытаньняў, гледзячы нават па тых, якія былі зададзены ў часе апошняй прамой лініі з мэрам Худыкам — у Лідзе процьма…»

Круцікаў: «Процьма! На той жа вуліцы Дзяржынскага затапляе, бо ня робяць калектары. Шмат дамоў патрабуюць рамонту. Слабада на ўскраіне гораду ўвогуле не даглядаецца — яміны, выбоіны, тратуар ня ўсюды пакладзены, і „Дажынкі“ там не валяліся. Цэнтар парушылі, а там не разрыюць дзесяцігодзьдзі…»

Пры канцы нашай размовы памянёны спадар Валеры Сьліўкін, нібы адышоўшы ад хвалі зразумелага мясцовага патрыятызму, прамовіў:

Сьліўкін: «Давай дамовімся пабачыць усё ў верасьні — Худыку па восені лічаць. Ты тады і зь мяне спытаеш…»
XS
SM
MD
LG