Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прадставілі «Ваяроў Грунвальдзкай бітвы»


Юры Бохан

Юры Бохан

У аўторак прайшла прэзэнтацыя кнігі «Ваяры Грунвальдзкай бітвы», прысьвечаная 600-годзьдзю Грунвальду. Кніга сталася адным зь нямногіх навуковых выданьняў, прысьвечаных юбілею гістарычнай падзеі.

У кнізе пададзеная перадгісторыя Грунвальдзкай бітвы ад пачатку зьяўленьня немцаў ва Ўсходняй Прыбалтыцы да пачатку Вялікай вайны 1409-1411 гадоў. Разглядаюцца колькасны склад войскаў, іх узбраеньне, ход баявых дзеяньняў і іншыя аспэкты гістарычнай бітвы. Кажа аўтар выданьня, доктар гістарычных навук Юры Бохан:

«Такая падзея — 600-гадовы юбілей — не магла застацца па-за ўвагай грамадзкасьці, у тым ліку навуковай. Выйшаў шэраг прац, хоць магло быць і значна больш. Бо значэньне Грунвальдзкай бітвы ня толькі ў тым, што мы разьбілі чарговага агрэсара — агрэсараў хапала і іншых, і іх разьбівалі і раней, і пазьней, — а значэньне ў тым, што яна зьмяніла статус ВКЛ. Калі, да прыкладу, Паўночная вайна для Расеі была „прасяканьнем акна ў Эўропу“, то ў нас акно ў Эўропу было прасечана на 300 год раней — на пачатку ХV стагодзьдзя. І, канечне, гэта была таксама Грунвальдзкая бітва».

Акрамя каштоўных гістарычных зьвестак, кніга ўтрымлівае багата ілюстрацыяў — выявы ўзбраеньня таго часу, харугваў, партрэты палкаводцаў. «Ваяры Грунвальдзкай бітвы» выйшлі накладам 1500 асобнікаў, але ўжо цяпер кнігу можна назваць рарытэтам, бо гэта адно зь нешматлікіх грунтоўных навуковых выданьняў, прысьвечаных 600-годзьдзю Грунвальду, кажа рэдактарка кнігі Алена Шагун:

«Не зважаючы на тое, што мы сьвяткуем 600-гадовы юбілей Грунвальдзкай бітвы, выйшла літаральна некалькі кніг, прысьвечаных гэтай падзеі. І сярод іншых — нашая цудоўная кніга, якая зьяўляецца фундамэнтальным дасьледаваньнем з шырокім раскрыцьцём абазначанай тэматыкі. Гэтай кнізе можна давяраць як навуковаму дасьледаваньню. Адначасна кніга напісана жывой мовай і даступная для шырокага кола чытачоў».

Грунвальдзкая бітва — вырашальная бітва Вялікай вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай, з аднога боку, і Тэўтонскім ордэнам — з другога. Гэта была найбуйнейшая падзея сярэднявечча, калі войскі саюзьнікаў, якія ўзначальвалі Вітаўт і Ягайла, ушчэнт разьбілі крыжакоў. Гэта была безумоўная перамога беларускай зброі разам зь літоўскай і польскай — і гэта факт, на якім можна будаваць памяць нацыі, заяўляюць навукоўцы. Аднак сёньня гістарычная значнасьць Грунвальдзкай бітвы і ўдзел беларусаў у ёй незаслужана забытыя, і перадусім — афіцыйнымі ўладамі. Да прыкладу, Беларусь у сьвяткаваньні юбілею непасрэдна на месцы гістарычнай бітвы ў Польшчы 15-18 ліпеня будзе прэзэнтаваная рыцарскімі клюбамі, паведамляе намесьнік міністра культуры Ўладзімір Карачэўскі:

«Што тычыцца ўдзелу беларускай дэлегацыі ў сьвяткаваньнях на Грунвальдзе, то гэта будуць рыцарскія клюбы, бо на іх атрыманыя запрашэньні. Што тычыцца афіцыйных прадстаўнікоў — нічога сказаць не магу».



У Беларусі таксама створаны Нацыянальны грамадзкі аргкамітэт, які сплянаваў асобную праграму ўрачыстасьцяў без разьліку на дапамогу дзяржаўных структур. Гэтак, 8 ліпеня ў сядзібе ПБНФ адбудзецца круглы стол, прысьвечаны гістарычнай ролі Вітаўта Вялікага, Грунвальдзкай бітве і яе ўплыву на далейшае разьвіцьцё эўрапейскіх краін. 9 ліпеня на тэрыторыі літаратурнага музэю Максіма Багдановіча адбудзецца музычны фэст і адкрыецца выстава суполкі «Пагоня». 15 ліпеня дэлегацыя беларускай грамадзкасьці выправіцца на Грунвальдзкае (Дубровенскае) поле ў Польшчу, дзе адбудзецца рэканструкцыя гістарычнай бітвы.
XS
SM
MD
LG