Лінкі ўнівэрсальнага доступу

600-гадовы юбілей Грунвальдзкай бітвы ў Беларусі будзе адзначаны тэатралізаваным шэсьцем і рыцарскімі турнірамі ў Наваградку 26-27 чэрвеня. Арганізатарамі сьвяткаваньня выступаюць Міністэрства культуры і мясцовыя ўлады. Прадстаўнікі грамадзкасьці заявілі пра сьціплую ўвагу ўладаў Беларусі да гістарычнай падзеі. Яны стварылі незалежны аргкамітэт сьвяткаваньня Грунвальду і падрыхтавалі ўласную праграму сьвяткаваньняў.

600-годзьде Грунвальду ў Беларусі адзначаецца на ўзроўні Міністэрства культуры, адпаведнага ўпраўленьня Гарадзенскага аблвыканкаму і раённых уладаў Наваградку, паведаміў намесьнік міністра культуры Ўладзімір Карачэўскі:

«Будзе вельмі цікавая праграма гэтага сьвята: тэатралізаванае шэсьце, канцэрт, а таксама абавязковыя рыцарскія турніры каля сьцен Наваградзкага замку. Плянуюцца афіцыйныя прадстаўнікі замежных краін, але не магу пакуль дакладна сказаць — чакаем. Што тычыцца ўдзелу беларускай дэлегацыі ў сьвяце на Грунвальдзе, то нашы гістарычныя клюбы будуць удзельнічаць абавязкова. Адносна афіцыйных прадстаўнікоў, хто будзе ўдзельнічаць, зараз не магу адказаць».

Да сьвяткаваньня юбілею Грунвальду рыхтуецца таксама і грамадзкі аргкамітэт, які сплянаваў іншую праграму ўрачыстасьцяў без разьліку на дапамогу дзяржаўных структур. Гэта

  • фэст сярэднявечнай культуры, які адбудзецца ў ліпені,
  • навуковая канфэрэнцыя,
  • выстава мастакоў творчай суполкі «Пагоня», а таксама
  • выстава дзяцей і моладзі.

Адной з галоўных падзей сьвяткаваньня мае стаць удзел у рэканструкцыі бітвы на Грунвальдзкім полі, якое зараз называецца Дубровенскім. Грамадзкі аргкамітэт плянуе накіравацца ў Польшчу з дэлегацыяй у складзе прадстаўнікоў беларускіх гарадоў і мястэчак, зь якіх 600 год таму ваяры выпраўляліся на Грунвальд. Кожная з гэтых груп зараз рыхтуе копіі сьцягоў і харугваў, пад якімі змагаліся іх продкі, распавядае кіраўнік аргкамітэту, мастак Мікола Купава:

Мікола Купава
«Кожны горад — Мсьціслаў, Ашмяны, Горадня, Ворша, Віцебск, Бярэсьце -будуць мець свае харугвы. І пачынаем мы нашае сьвяткаваньне якраз з асьвячэньня гэтых харугваў. Мы хочам схадзіць да міністра культуры, каб міністэрства надало гэтым харугвам статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Затым будзе асьвячэньне гэтых харугваў у нашых храмах, і пад імі нашы дэлегацыі будуць удзельнічаць у сьвяце».

Грунвальдзкая бітва — вырашальная бітва вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам — з другога. Гэта была найбуйнейшая падзея сярэднявечча, калі войскі саюзьнікаў, якія ўзначальвалі Вітаўт і Ягайла, ушчэнт разьбілі крыжакоў. Гэта была безумоўная перамога беларускай зброі разам зь літоўскай і польскай — і гэта факт, на якім можна будаваць памяць нацыі, заяўляюць гісторыкі. Аднак сёньня гістарычная значнасьць Грунвальдзкай бітвы і ўдзел беларусаў у ёй незаслужана забытыя, і перадусім афіцыйнымі ўладамі. Тым часам у Польшчы на месцы гістарычнай падзеі 15 ліпеня адбудуцца ўрачыстасьці дзяржаўнага ўзроўню. Не застаецца ўбаку і Літва, кажа Мікола Купава:

«У Літве грунтоўна рыхтуюцца: там сьвята будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні, будзе прымаць удзел таксама прэзыдэнт — гэта ж натуральна. А дэпутаты Сойму Літвы прапанавалі ўсім нам — дэлегацыям Вялікага Княства Літоўскага — сустрэцца ў Горадні, і ўжо з Горадні ўсім разам рушыць на Грунвальд. Мы так і зробім. У Польшчы сьвяткаваньне таксама на дзяржаўным узроўні — вось гэтую рэканструкцыю Грунвальдзкай бітвы, якая адбудзецца, польскі бок грунтоўна прафінансаваў. Яны запрасілі рыцарскія клюбы і зь Беларусі, і зь Літвы, і з Чэхіі, зь Нямеччыны, з Італіі. Словам, пра гэта трэба казаць, бо вы ж бачыце, што сама дзяржава і дзяржаўныя СМІ абмінаюць гэтую тэму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG