Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў — 84%, але беларуская мова родная толькі для 53%


Падведзеныя папярэднія вынікі перапісу насельніцтва 2009 году. Колькасьць насельніцтва скарацілася на 5,5%. У Беларусі зараз жыве 9 з паловай мільёнаў чалавек. На 30% у краіне паменшылася колькасьць дзяцей, а колькасьць людзей пэнсійнага ўзросту — амаль на чвэрць. Беларусамі сябе назвалі 84% грамадзян, беларускую мову роднай лічаць 53,22%, але дома пастаянна на ёй размаўляюць толькі 23%.

Намесьнік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Алена Кухарэвіч адзначыла, што для Беларусі, як і для краінаў Усходняй Эўропы, характэрны дэмаграфічны спад:

«Колькасьць насельніцтва складае 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек. За 10 гадоў колькасьць насельніцтва паменшылася на 541 тысячу, альбо на 5,4%».

У Беларусі захоўваецца высокі ўзровень урбанізацыі насельніцтва. 74% насельніцтва — гараджане, прычым, 52% жыве ў сталіцы і абласных гарадах. У Менску — 1 мільён 837 тысяч, менчукоў за апошнія гады паболела на 157 тысяч. А вось вяскоўцаў робіцца ўсё менш:

Алена Кухарэвіч
«Доля сельскага насельніцтва скарацілася на 5%, а яго колькасьць — на 644 тысячы, альбо на 21%. Найбольшымі тэмпамі зьніжалася колькасьць вяскоўцаў у Віцебскай вобласьці — на 26,5%, у Магілёўскай — на 26,2% і Гарадзенскай — на 25,2%».

Нацыя сталее, колькасьць насельніцтва старэй за працаздольны ўзрост складае 22,5%. Алена Кухарэвіч тлумачыць:

«Колькасьць дзяцей паменшылася на 620 тысяч чалавек, альбо амаль на 30%. Такое заўважнае скарачэньне колькасьці дзяцей зьвязана з падзеньнем нараджальнасьці ў 1990-х гадах».

Дысбалянс у Беларусі і ў колькасьці мужчын і жанчын:

«З прычыны больш высокіх тэмпаў росту сьмяротнасьці мужчын, асабліва ў працаздольным узросьце, структура насельніцтва па поле пагоршылася. На 1 тысячу мужчын даводзіцца 1150 жанчын».

Прычым, 10% жанчын краіны, альбо 436 тысяч разьведзеныя. Больш за палову разьведзеных жанчын знаходзіцца ў дзетародным узросьце. І яшчэ адна трывожная акалічнасьць:

«Высокі ўзровень сьмяротнасьці сярод мужчын выклікаў рост удзельнай вагі і колькасьці ўдоў. Колькасьць такіх жанчын больш за 810 тысяч, то бок 18%».

У Беларусі пражываюць людзі 140 нацыянальнасьцяў і народнасьцяў. Зь іх 84% назвалі сябе беларусамі (на 3% больш, чым 10 гадоў таму), 8% — расейцамі, 3% — палякамі, 2% — украінцамі, 0,2% — габрэямі. 66 чалавек сябе лічаць літвінамі, 23 назваліся японцамі, 17 — швэдамі, 1 — сібірскім татарынам.

«Асноўнай мовай зносінаў зьяўляецца расейская мова. На ёй звычайна кантактуюць 70%. Беларускую мову выкарыстоўваюць для зносін 23% насельніцтва краіны».

У 2009 годзе беларускую назвалі роднай мовай 53,22 % жыхароў краіны — 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек. Падчас папярэдняга перапісу 1999 года беларускую мову роднай назвалі 73,6%, а дома на ёй тады размаўлялі амаль 37%.


Чаму падчас перапісу насельніцтва 2009 года беларускую назвалі роднай мовай толькі 53,2% жыхароў краіны, на 20% менш, чым 10 гадоў таму?

Алена Анісім: «Вынікі перапісу не настолькі аб’ектыўныя»


Алена Анісім
Намесьніца старшыні ТБМ, навуковы супрацоўніца Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Алена Анісім:

«Хутчэй за ўсё, вынікі перапісу не настолькі аб’ектыўныя, бо многія зь перапісчыкаў самі не карысталіся беларускай мовай, выбару моваў не прапаноўвалі. Па-другое, не апошнюю ролю адыграў той факт, што беларускую мову ўвесь час зьвязваюць зь нейкімі палітычнымі абставінамі. Аб’ектыўна сябе чалавек ужо залічае да нейкай больш грамадзка актыўнай групы. Многія людзі, я думаю, з гэтай прычыны хавалі. Ну, а трэцяе — сярод моладзі стала аб’ектыўна менш людзей, якія чуюць беларускую мову ў сваім непасрэдным асяродзьдзі, у сям’і».

Зьміцер Саўка: «Штогод колькасьць тых, хто рэальна навучаецца па-беларуску, скарачаецца».


Зьміцер Саўка
Мовазнаўца Зьміцер Саўка:

«Відавочны момант, што шмат з тых, відаць, хто назвалі беларускую мову роднай яшчэ 10 гадоў таму, не зрабілі гэта сёлета. З тых, хто нанова ўдзельнічалі ў перапісе як самастойныя асобы, таксама не зрабілі гэтага, і гэта ня дзіва, бо штогод колькасьць тых, хто рэальна навучаецца па-беларуску, скарачаецца. І яшчэ адзін аспэкт, які, можа, адразу ня кідаецца ў вочы, але істотны: беларусаў зрабілася фізычна менш. Якое насельніцтва вымірае? Ясна, што старэйшыя людзі, якія заўсёды альбо пераважна гаварылі па-беларуску».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG