Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа адмовіцца ад супрацоўніцтва з Расеяй у справе будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Пра гэта 13 жніўня паведаміў Аляксандар Лукашэнка. Ён абвінаваціў расейскі бок у завышэньні коштаў, невыкананьні абавязаньняў і папярэдзіў, што Беларусь мае прапановы ад іншых інвэстараў.

Яшчэ ў траўні 2008 году Беларусь накіравала расейскай кампаніі "Атамбудэкспарт", францускай фірме "Арэва" і амэрыканска-японскай кампаніі "Вэстынгаўз-Ташыба" прапановы наконт удзелу ў будаўніцтве АЭС. Выбар паў на расейскі "Атамбудэкспарт", на праект "АЭС-2006". Чаму абралі менавіта Расею, доктар тэхнічных навук, прафэсар Георгій Лепін патлумачыў так:

"Проста Расея магла даць грошы. А іншыя краіны проста так грошы даваць ня будуць. Яны абсалютна дакладна паставяць свае ўмовы: калі плаціць, колькі плаціць. І калі будзе павышацца цана, яны прымусяць выплачваць гэтыя сродкі. Разьлічваць, што нейкая замежная краіна будзе будаваць на ўмовах, выгадных для Беларусі, — гэта нерэальна. Выгадных умоваў ня будзе".

І вось 13 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не выключае магчымасьці адмовіцца ад паслугаў расейскага боку:

"Нас на розных падставах — маўляў, давайце мэтодыку сумесную выпрацуем, давайце тое... — то бок несалідна сябе паводзяць. Таму мы не скідаем з рахунку, што могуць быць іншыя інвэстары. І ў бліжэйшы час мы вызначымся, хто будзе будаваць у нас атамную станцыю".

Афіцыйныя асобы ад камэнтароў пакуль устрымліваюцца. У прэсавай службе Міністэрства энэргетыкі адказалі:

"Мы ня будзем пакуль камэнтаваць, а тым больш камэнтаваць выказваньні прэзыдэнта. Намесьнік міністра Міхаіл Іванавіч Міхадзюк сёньня знаходзіцца на нарадзе".

Якія краіны, акрамя Расеі, разглядаюцца як патэнцыйныя будаўнікі беларускай АЭС? 20 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланьнем у Нацыянальным сходзе, Аляксандар Лукашэнка ўзгадаў ужо Кітай: "Калі расейцы нас водзяць за нос з атамнай станцыяй, мы пойдзем у Кітай... Яны дзясяткі блёкаў будуюць у сябе, пачынаюць за мяжой будаваць. Яны нам пабудуюць".

Што да Кітаю, прафэсар Георгій Лепін кажа, што кітайцам дзьве станцыі будавалі расейцы, і там узьніклі праблемы, збоі:

"Казаць пра тое, што кітайцы вось так проста кінуцца да нас будаваць, — гэта несур'ёзна. Яны самі запрашаюць іншых будаваць станцыі ў сябе. Таму гэта размовы несур'ёзныя".

Прафэсар Лепін распавёў, што француская фірма "Арэва" зараз будуе атамны рэактар для фінаў. І з гэтым рэактарам ужо ўзьніклі сур'ёзныя праблемы. За час будаўніцтва ў два разы павялічылася цана, а зрух тэрмінаў выкананьня ўжо перавысіў два гады. І якая б краіна ні будавала, дакладны кошт пралічыць нерэальна: ясна толькі, што ён будзе павялічвацца.

Георгій Лепін не выключае, што будаваць беларускую АЭС усё адно, найверагодней, будзе Расея:

"Расея можа нейкі час цярпець. Калі ўзяць крэдыт за мяжой, то яны цярпець ня будуць. Яны дакладна даб'юцца вяртаньня крэдыту ў прызначаны час. Таму я ня думаю, што беларускае кіраўніцтва пяройдзе на прыцягненьне крэдытных сродкаў з замежных дзяржаваў".

Карэспандэнтка: "То бок усё адно зьвернуцца да Расеі?"

"Хутчэй за ўсё, так. Але Расея таксама ўжо ня тая. Крэдыт далі, тэрмін прызначылі — будзь ласкавы, вярні своечасова".

Паводле папярэдніх плянаў, увод першага энэргаблёку беларускай АЭС павінен адбыцца ў 2016 годзе. Кіраўнік дзяржавы не выключае, што гэты тэрмін ня будзе вытрыманы, і даручыў ураду "правесьці апошнія перамовы з Расеяй: вы будзеце будаваць ці не?"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG