Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка не выключае, што Беларусь адмовіцца ад паслугаў Расеі ў справе будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі. Сёньня Лукашэнка ўпершыню прызнаў наяўнасьць праблемаў з Масквой ў пытаньні сумеснага будаўніцтва АЭС. Як падае «Інтэрфакс», кіраўнік Беларусі дапускае, што варта падумаць пра іншага інвэстара.

У часе працоўнай праездкі па Меншчыне Лукашэнка расказаў, што расейцы настойліва патрабавалі, каб менавіта яны будавалі АЭС. А потым «з-за чыста суб’ектыўных фактараў нас пачалі прыдушваць». Лукашэнка, у сваю чаргу, увязаў гэтыя фактары з усімі іншымі спробамі ціску на Беларусь, якія апошнім часам маюць месца.

Тады ён даручыў ураду правесьці апошнія перамовы і наўпрост запытаць: будзеце будаваць ці не? У выніку Масква адразу выставіла двайны кошт, а потым прапанавала стварыць сумеснае прадпрыемства, якое будзе прадаваць беларускую электраэнэргію на Захад. Паставіўшы рытарычнае пытаньне — якія расейцы маюць адносіны да беларускага тавару? — Лукашэнка канстатаваў: «Яны там, у Расеі, несалідна сябе паводзяць». І сказаў, што ўжо найбліжэйшым часам вызначыцца, хто будзе будаваць АЭС у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG