Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухачы абмяркоўваюць сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Татарстану, у прыватнасьці — абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі дапамагчы Татарстану ў неўрадлівы год бульбай і збожжам. Слухачы таксама аналізуюць стыль кіраваньня беларускага прэзыдэнта.


Слухач «Свабоды» параўноўвае дзеяньні кіраўніка Беларусі з паводзінамі героя мастацкага фільму і прагназуе, да якіх эканамічных наступстваў можа прывесьці ягонае жаданьне пастаўляць беларускую прадукцыю ў іншыя краіны, калі на беларускім рынку яе не хапае.

«У савецкі час быў зьняты фільм, назвы якога я, на жаль, ня памятаю. Галоўную ролю ў ім граў Ралан Быкаў. Яго героя звалі Нужнік. Дык вось, Лукашэнка вельмі нагадвае гэтага героя. У мінулым годзе ратаваў Украіну ад сьвінячага грыпу, павёз лекі туды, пакінуўшы бязь лекаў свой народ. У гэтым годзе, трэба думаць, пасьля прыезду прэзыдэнта Татарыі — менавіта Татарыі, бо яны называюць нас Беларусіяй — беларусы застануцца бяз бульбы альбо кошт на яе падскочыць. І на хлебабулачныя і макаронныя вырабы адпаведна. Як падскочыла цана на грэчку. Прызнаў бы незалежнасьць брацкай Татарыі, парадаваў Пуціна — і добра».

Мікола Статкевіч
Лідэр «Эўрапейскай кааліцыі» Мікола Статкевіч камэнтуе гэтае выказваньне:

«Сапраўды, стыль кіраваньня нашай дзяржавай адрозьніваецца ад таго, як кіруюць іншымі краінамі, якія называюць багатымі. Справа ў тым, што кожны чалавек — закладнік свайго мінулага. Сп. Лукашэнка ня меў ні школы дзяржаўнага кіраваньня, ні партыйнай школы, дзе вучаць плюралізму, вучаць, як правільна рэагаваць на крытыку, разьвіваць рэгіянальныя арганізацыі і г.д.

Яго папярэдні багаж — гэта калгас. Ён кіруе нашай краінай, як некалі кіраваў калгасам. Такі стыль можа быць прыняты толькі на кароткі пераходны пэрыяд. Калі нашы суседзі наладзілі эканамічнае жыцьцё на новых асновах, архаічнасьць і неэфэктыўнасьць беларускай эканомікі і палітычнага жыцьця робіцца відавочнай. Нам дорага даводзіцца плаціць за калгасны стыль кіраваньня».

Яшчэ адзін званок ад нашага слухача ў працяг тэмы. На ягоную думку, беларускі кіраўнік імкнецца кіраваць сталінскімі мэтадамі, але пры гэтым сам хоча жыць, як вядомыя расейскія алігархі.

«Усё больш і больш пераконваюся ў тым, што наш цяперашні правадыр хоча кіраваць намі, як Сталін, а сам у той жа час хоча жыць, як вядомы расейскі алігарх, напрыклад, Раман Абрамовіч і г.д. Сваіх мэтаў Рыгоравіч дамагаецца па-рознаму, дзе абяцанкамі-цацанкамі, а дзе звычайным падманам ды хітрыкамі. Хачу сказаць, што не заўсёды хітрасьць Рыгоравіча можа замяніць яму розум».

Анатоль Лябедзька
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька падзяляе такі погляд.

«Могуць мяняцца пэрсаналіі, а сыстэма можа заставацца адна і тая ж. Лукашэнка выкарыстоўвае ўсе прыёмы, і традыцыйныя, і нетрадыцыйныя, каб заставацца каля ўлады. Дзе людзі хочуць пачуць ад яго казку-байку, ён яе расказвае. Там, дзе людзі даюць мажлівасьць ціску на іх, запалохваньня, ён гэта робіць. Час прайшоў, а сыстэма засталася.

Погляд на добрае жыцьцё крыху мяняецца. Натуральна, што Лукашэнка не ігнаруе салодкае жыцьцё. Ён шмат гаворыць, што працуе, але сам ад 14 гадзіны ўжо адпачывае. Ён любіць курорты, і яго цягне да багацьця. Думаю, што Лукашэнка — наш адзіны алігарх. Асаблівасьць толькі ў тым, што да фінансаў, якія ў яго ёсьць, дабаўлена палітычная ўлада. Абрамовічу трэба зайздросьціць Лукашэнку, бо ў таго ёсьць і першае, і другое».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG