Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка даў хоць пакрыху, але ўсім: і жабракам, і ўбогім"


Агляд тэлефанаваньняў за 6 жніўня.

Cьледчая Генэральнай пракуратуры Сьвятлана Байкова, якая вяла шэраг спраў супраць высокапастаўленых карупцыянэраў, у тым ліку ў мытні, памежных войсках і КДБ Беларусі, арыштаваная ў лютым гэтага году і ўсё яшчэ застаецца ў турме.

Віктар Буто, Менск: "Я лічу, што такія, як Сьвятлана Байкова, павінны быць ня толькі на свабодзе, а не за турэмнымі кратамі КДБ, але яны павінны ўзначальваць антыкарупцыйныя аддзелы ў Генпракуратуры Беларусі!"

Іранскае інфармацыйнае агенцтва Фарс спачатку паведаміла, што Іран атрымаў зь Беларусі дзьве расейскія ўстаноўкі S-300, а потым адмовілася ад гэтай інфармацыі. З гэтай нагоды слухач задае пытаньне:

Спадар: "Ёсьць пытаньне датычна ракетных комплексаў. На момант развалу Савецкага Саюзу, на той час, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, у Беларусі знаходзілася чатыры комплексы С-300, потым ён выпрасіў у Пуціна яшчэ чатыры. Ну дык а дзе ж тыя чатыры комплексы? Па тэлевізіі, па радыё казалася, што іх няма. Цяпер узьнікае пытаньне да Ірану. А, між іншым, усё магчыма! І няхай ваенныя ня дураць просты народ! Магчыма, Лукашэнка ўсё даўно прадаў і прагуляў? Вось такое маё пытаньне: хто можа з кампэтэнтных прадстаўнікоў узброеных сіл адказаць на яго? Прашу, адкажыце!

Адказвае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец: "Сёньня на гэтае пытаньне ніхто кампэтэнтна не адкажа, бо кампэтэнтныя і адказныя людзі, якія займаюцца продажам зброі за мяжу — яны маўчаць, бо гэта сакрэтная інфармацыя. А былыя вайскоўцы не валодаюць гэтым пытаньнем, бо зараз гэты продаж адбываецца бязь іх. Але ў нас ёсьць некалькі камэрцыйных кампаній, якія пры Лукашэнку займаюцца продажам зброі. Таму гэтае пытаньне, на мой погляд, варта адрасаваць не вайскоўцам, а Лукашэнку наўпрост, альбо камэрцыйным кампаніям, якія гандлююць зброяй".

На тэму пажараў у Расеі, а таксама беларуска-расейскіх дачыненьняў — наступныя тэлефанаваньні:

Спадар: "Хачу сказаць па пажарах у Расіі. Я стары чалавек і яшчэ зь дзяцінства ведаю, што з часоў цара вакол лесу аралі на конях, засекі рабілі ў лесе, бо лес нас карміў і корміць цяпер. Ні пагоны залатыя, ні ордэны ў Шайгу на грудзях — ня гэта галоўнае, а галоўнае, каб гаспадар быў. Патрэбны гаспадар у кожнай краіне на постсавецкай прасторы, а ня проста балбатуны. Балбочуць, і больш нічога.

Спадар: "Бог пакараў Расію, бо тое, што расейцы інкрымінуюць беларускаму прэзыдэнту, ён зрабіў са згоды і пры падтрымцы самой Расіі".

Ціна: "Мне падаецца, трэба быць чэснымі і справядлівымі да канца: Лукашэнка даў хоць пакрыху ўсім: жабракам і ўбогім. Але калі да ўлады прыйдуць бандыты-алігархі, то яны каменя на камяні на пакінуць! Вунь у багатай Расіі людзі па паўгода заробкі не атрымліваюць. І якія людзі: інжынэры з галовамі, з мазгамі!"

Партыя "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" заклікала аднавіць збор подпісаў за вяртаньне вернікам касьцёла Сьвятога Язэпа ў Менску. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадарыня: "Кляштар бэрнардынцаў у Менску ўжо доўга-доўга чакае вернікаў на ўрачыстыя набажэнствы. Іх шмат, аж трыццаць тысяч подпісаў было да прэзыдэнта Беларусі за дазвол маліцца ў кляштары. Але што там гэтыя подпісы, просьбы, прашэньні, калі пахне вялікімі грашыма для некага? Праваслаўны атэіст наважыўся на гатэль высокай клясы. І чым адрозьніваецца гэты ўчынак цяперашняга беларускага спадара кіруючага ад гвалту захопнікаў з усходу, гвалту над рымска-каталіцкай бажніцай аж у 1964 годзе? Ды што нагадваць гісторыку па адукацыі, калі сэрца, відаць, не беларускае? А яшчэ хвалімся, што спакой і мір на зямлі Беларусі. Магчыма, зьвязаны гэты паўторны гвалт з надыходзячымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Хоць агучыў яго спадар інжынэр па рэстаўрацыі мінскай спадчыны. Але Бог рассудзіць абавязкова.

І пра другое: ніяк не дадуць мінскія ўлады спакою вернікам суполкі "Новае Жыцьцё". Ну забруджваюць яны мінскую зямлю, і ўсё тут! І ўсё штрафы, штрафы дзікунскія. Відаць, мінская казна пуставатая. Дзякуй Богу, не чапляюць праваслаўных, а то ж па Канстытуцыі ў нас рэлігійная свабода".

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG