Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі набліжаюцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Падрыхтоўка патэнцыйных кандыдатаў да ўдзелу ў выбарчай кампаніі — тэма шмат якіх тэлефанаваньняў на "Свабоду".

Марыя Іванаўна, Квасоўка: "Я выказваюся для апазыцыі, для хлопцаў: выбірайце такога кандыдата ў прэзыдэнты і каманду, каб яго ня зьбілі, каб ён мог з дапамогай каманды прайсьці да народу. Выбірайце мужнага хлопца, адказнага. Такому мы давяраем кіраваць краінай".

Віктар Буто, Менск: "Мяне зьдзіўляе тое, што Аляксандар Мілінкевіч разумее, што ён прайграе Лукашэнку, нават без фальсыфікацый. І такіх кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі ўжо занадта шмат".

Спадарыня: "Мой учорашні званок пра адзінага кандыдата далі пракамэнтаваць спадару Ўладзіміру Коласу. Камэнтаром я не задаволеная. Я не люблю абцякальных адказаў. Калі ўжо адказваць на пытаньне, дык дакладна. Навошта адзіны кандыдат, калі няма выбараў і галасы ня лічаць? Калі казаць абцякальна, то лепш зусім нічога не казаць".

Спадар: "Якую дзяржаву будуе наш правадыр? Якую сям’ю пабудаваў анамальную, такую і дзяржаву будуе разам са сваім атачэньнем".

Працягваем праграму наступным выказваньнем:

Спадарыня: "У мяне сын знаходзіцца ў Навінках на экспэртызе ў нечалавечых умовах. Прашу адрас міжнароднай арганізацыі па абароне правоў чалавека!"

Слухачцы адказвае праваабаронца Тацьцяна Гацура:

"Перадусім варта зьвярнуцца ў зарэгістраваную праваабарончую арганізацыю, якой ёсьць Беларускі Хэльсынскі камітэт. БХК мае магчымасьць накіроўваць звароты ў міністэрствы і арганізацыі, каб разьбірацца з гэтай сытуацыяй. Але жанчына кажа, што да гэтага чалавека ўжываюцца катаваньні, і ў гэтым выпадку варта зьвяртацца ў Камітэт супраць катаваньняў ААН. У маёй практыцы быў такі досьвед, калі былі такія звароты і яны прыводзілі да пазытыўных вынікаў".

У працяг паведамленьня нагадаю: тэлефон праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хэльсынскі камітэт" — 222-40-00, прадстаўніцтва Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Беларусі — 227-48-76. У наступным тэлефанаваньні — водгук на працу Радыё Свабода:

Спадар: "Я ваш сталы слухач і чытач, асабліва ў рубрыцы "Дом літаратара". Маю камэнтары да гэтай рубрыкі, але ня ведаю, як іх вам накіраваць".

Водгукі на працу Радыё Свабода можна дасылаць у лістах на адрас: Менск, паштовая скрынка 111, можна пакідаць камэнтары на інтэрнэт-сайце Радыё Свабода, а таксама праз тэлефон у Менску — 266-39-52, які працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце.
XS
SM
MD
LG