Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ні пра якія справядлівыя выбары немагчыма весьці гаворку"


У Беларусі набліжаецца кампанія выбараў прэзыдэнта краіны. Дата яе пакуль не прызначана, але патэнцыйныя кандыдаты ўжо распачалі падрыхтоўку.


Мікола Чыбісаў, Дзятлаўскі раён: "Пакуль існуе Лідзія Ярмошына, Мікалай Лазавік, пакуль існуюць бедныя лекары, настаўнікі і прымусовая працоўная сіла на Беларусі, ні пра якія справядлівыя выбары немагчыма весьці гаворку".

Спадар: "Вось калі б Мілінкевіч не казаў абстрактна "эўрапейскі шлях", а прадставіў плян эўраатлянтычнай інтэграцыі, то выбарцы маглі б сказаць: "Нам карта перамог даручана". А так атрымоўваецца, што — з намі на ўсе часы Ярмошына, Лазавік і Лукашэнка".
Аляксандар Рыгоравіч, братка ты наш, выканай ты гэтую просьбу, дай працоўным па 2 тысячы даляраў, а пэнсіянэрам па тысячы даляраў, і мы будзе выбіраць цябе ўсё жыцьцё


Спадарыня: "Перад выбарамі прэзыдэнта мы павінны прыехаць у Мінск. Сабрацца, вырашыць, сказаць, каго выбіраем прэзыдэнтам, чаму, па якой прычыне. Я зьвяртаюся да апазыцыі: народ з вамі, уперад да перамогі на выбарах, рашуча і сьмела, усе разам!"

Спадар: "У аўторак адна жанчына сказала, што Лукашэнка набярэ ня больш за 20% галасоў. Гэта памылка, ён атрымае столькі галасоў, колькі будзе сказана старшыні выбарчай камісіі, улічваючы немагчымасьць кантролю за падлікам галасоў з боку апазыцыі".

Спадар: "Можна, я да Аляксандра Рыгоравіча зьвярнуся? Аляксандар Рыгоравіч, братка ты наш, выканай ты гэтую просьбу, дай працоўным па 2 тысячы даляраў, а пэнсіянэрам па тысячы даляраў, і мы будзе выбіраць цябе ўсё жыцьцё".

Спадарыня: "У апазыцыі не атрымоўваецца абраць адзінага кандыдата. Менавіта таму, што няма ў ім патрэбы. Кандыдат мае сэнс, толькі калі ёсьць рэальны шанец перамагчы дыктатара на выбарах. Гэта значыць, у першым туры набраць больш за 50% галасоў. А пры нашых, так бы мовіць, выбарах гэта немагчыма".

Выказваньне камэнтуе старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас: "Усё правільна, але калі браць пад увагу толькі гэты аспэкт, то сапраўды застаецца толькі падыгрываць гэтаму дыктатару. Але я лічу, што мы ня горшыя за іншых і здольныя ўсталяваць у сябе цывілізаваныя парадкі".

У наступным тэлефанаваньні слухачка задае пытаньне:

Тацьцяна Барэль, Асіповічы: "Магчыма, вы валодаеце інфармацыяй, у які дзень і час і якія імпрэзы рыхтуюцца да 100-годзьдзя паэткі Ларысы Геніюш у Зэльве?"

Адказвае старшыня грамадзкага аргкамітэту дзеля сьвяткаваньня 100-гадовага юбілею Ларысы Геніюш Міхась Скобла:

"Ушанаваньне памяці Ларысы Геніюш адбудзецца 7 жніўня і распачнецца літургіяй у царкве а 10:00 раніцы. А 12:00, я спадзяюся, адбудзецца адкрыцьцё мэмарыяльнай шыльды на доме, дзе жыла паэтка. Затым будзе ўскладаньне кветак на могілках. А 14:00 у Доме культуры пройдзе вечарына, у межах якой адбудзецца прэзэнтацыя збору твораў Ларысы Геніюш і альманаху "Асоба і час", цалкам прысьвечанага паэтцы. Так што — запрашаю ў Зэльву".

У Беларусі працяглы час захоўваецца анамальная сьпёка, калі тэмпэратура паветра трымаецца вышэй за 30 градусаў цяпла. На гэтую тэму выказваньні слухачоў:

Спадарыня: "Мы жывем паводле прынцыпу — не чакаем літасьці ад прыроды, а рэалізоўваем задачу — выкарыстаць усе магчымасьці прыроды. Вось і здараюцца такія катаклізмы, якія мы зараз назіраем".

Спадар: "У Беларусі бюракратычная ўлада для свае нажывы асушыла балоты — лёгкія Эўропы. Цяпер неразумна выразаюць лес, пакідаюць толькі хмыз. Вось вам і крытычныя анамаліі, сьпёка, якая зараз стаіць! Усё гарыць!"

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG