Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Што зрабіў Лябедзька дзеля ўборкі ўраджаю?.."


Слухачы выказваюцца пра прэзыдэнцкую выбарчую кампанію і ролю ў ёй дзяржаўнай прапаганды, цікавяцца юрыдычнымі і эканамічнымі аспэктамі распродажу зямельных рэсурсаў, а таксама ставяць пытаньні палітыкам, якія крытычна выказваюцца наконт дзейнасьці кіраўніка Беларусі.

Слухачка Тацяна Барэль з Асіповічаў просіць адказаць, каму насамрэч у Беларусі належыць зямля і яе нетры, а таксама на якой падставе распрадаюцца прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць выкапні.

"Мяне цікавіць, каму належаць у нас рэкі, лясы, зямля? Калі нам, народу, людзям гэтай зямлі, то чаму не пытаюцца ў нас, калі зьбіраюцца прадаваць "Беларуськалій"?"

На гэтае пытаньне адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук:

"У Беларусі рэкі і азёры належаць дзяржаве выключна. Што тычыцца "Беларуськалію", то гэта дзяржаўнае прадпрыемства. Урад казаў, што хоча яго прадаваць, але на сёньняшні дзень ніякіх захадаў няма. Таму можна казаць, што ўсё застацца ў актывах беларускага народу.

Сёньня Лукашэнка можа здаць у канцэсію, можа прадаць у прыватную ўласнасьць. Ён сваімі загадамі і ўказамі можа зрабіць усё што заўгодна, як ён гэта паказаў з кавалкамі зямлі ў Менску, калі іх набылі інвэстары з Азіі і Эўропы. Гэта згодна з тымі законамі, якія існуюць. Але згодна з дэмакратычнай практыкай — я лічу, што ёсьць сумневы, каб крытычна паставіцца да гэтых кантрактаў".

Адзін са слухачоў адрэагаваў на камэнтар лідэра АГП Анатоля Лябедзькі наконт крытычных выказваньняў іншых слухачоў адносна паездак Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіёны.

"Лябедзька выказаўся наконт таго, што прэзыдэнт езьдзіць па краіне, прымушае варушыцца кіраўнікоў гаспадарак, хоць тое-сёе рабіць. Пытаньне да спадара Лябедзькі і яго Аб’яднанай партыі: што канкрэтна зрабілі Лебедзька і яго партыя? Якую дапамогу аказалі пры ўборцы ўраджаю? Колькі гектараў убрана, колькі перавезена? Ці зроблена што-небудзь для народу? Ці толькі вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг — і ўся праца? Скажыце, таварыш Лябедзька, што зроблена вашай партыяй для народу?"

Анатоль Лябедзька адказвае на гэтае пытаньне:

"Паважаны слухач зблытаў боб з гарохам. Мы ж не заклікаем ня езьдзіць у рэгіёны і сустракацца з чынавенствам. Калі ласка! Але размова ідзе пра тое, што ніводная краіна Эўропы ня мае такой практыкі: пакуль прэзыдэнт краіны не махнуў рукой, не пачынаецца ўборка ўраджаю. Не сказаў слова — не выдаюць тэхніку. Патрэбнае прафэсійнае кіраваньне. Трэба мяняць сыстэму кіраваньня. Гэта прапанова АГП. Кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю ў Польшчы на парадак ніжэйшыя, чым у Беларусі, а ў той жа Літве на парадак асартымэнт большы. Вось там прэзыдэнты ня ўмешваюцца, не паказваюць пальцам, што рабіць, а паказчыкі лепшыя.

Што да шараговых сябраў партыі, то яны ёсьць паўсюль, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы. Нашы прадстаўнікі былі ў парлямэнце сапраўдным, а ня ў гэтай бутафорыі. Законы, якія прымаліся, у значнай ступені прымаліся па нашай ініцыятыве. Тое, што цяпер ёсьць хоць рэшткі бізнэсу, то гэта толькі таму, што мы іх тады прынялі, бо Лукашэнка нічога не дабавіў, а толькі пагоршыў стан малога і сярэдняга бізнэсу. Дайце магчымасьць людзям галасаваць за нас, і мы пакажам, на што мы здольныя".

Ёсьць званкі слухачоў з крытыкай расейскага кіраўніцтва. Кліматычная сытуацыя і пажары ў Расеі прыцягваюць увагу людзей. Вось адно з такіх выказваньняў:

"Пуцін спрабуе пераканаць простых масквічоў, што ён дыхае тым жа паветрам, што і яны. Божухна, дык калі б ён дыхаў тым самым паветрам, як і простыя масквічы, без усялякіх ачышчальных прыбораў, ён бы даўно ўжо быў у моргу! Ну і парачка дарвалася да ўлады ў Расіі! Увесь сьвет хочуць прымусіць іх палюбіць, ды толькі не прыйшліся яны даспадобы ні Захаду, ні Эўрасаюзу за тое, што жывуць і кіруюць краінай па прынцыпе "сіла ёсьць — розуму ня трэба"! Слухаеш ініцыятывы Мядзьведзева — і вушы вянуць! Такое ўражаньне, што ў крэсьле прэзыдэнта сядзіць хлопчык-фантазёр!"

Многіх слухачоў цікавіць тэма прэзыдэнцкіх выбараў, і яны выказваюцца наконт ролі дзяржаўнай прэсы, а таксама ўдзелу ў кампаніі цяперашняга кіраўніка дзяржавы і прадстаўнікоў дэмакратычных партый.

Вось адно з меркаваньняў:

"Гэтак званае расейскамоўнае беларускае тэлебачаньне і газэтка "Советская Белоруссия" — адыёзныя сродкі антынацыянальнай прапаганды. Яны штодня паказваюць і расказваюць, што беларусы — самы дурны і бездапаможны народ. На тле паўсюднай нібыта нікчэмнасьці губэрнатараў, даярак, якія дояць кароў, камбайнэраў, якія ўбіраюць хлеб, паказваецца турыстычная прывабнасьць нашага краю, і паўсюль маячыць прэзыдэнт-дыктатар.

Ён дае наганяі, вучыць, як і што трэба рабіць, некага хваліць, некага груба ганіць. Тым самым убіваюць у галовы пра ягоную эрудыцыю і выключнасьць, што калі яго не пераабяруць, усё лясьнецца, а ўсе тыя няўмекі вымруць, як маманты".

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG