Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нікітчанка: Радыяцыя ад лясных пажараў — кропля ў радыеактыўным моры


Іван Нікітчанка

Іван Нікітчанка

Ад пачатку лета эколягі зарэгістравалі пажары на тэрыторыях Расейскай Фэдэрацыі, забруджаных радыенуклідамі. Гэта перадусім Бранская, Калуская, Арлоўская ды іншыя вобласьці. Дагэтуль расейскія ўлады абвяргалі папярэджаньні пра радыяцыйную небясьпеку, але сёньня пацьверджана: на Браншчыне сапраўды адбыліся пажары ў лясах, забруджаных радыяцыяй пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ці пацягне гэта за сабой наступствы для Беларусі, якая суседнічае з расейскім рэгіёнам?

Расейскія эколягі б’юць трывогу: у залежнасьці ад умоваў надвор’я разнос радыенуклідаў зь ветрам ад пажарышчаў можа перавысіць некалькі соцень кілямэтраў. Аднак спэцыялісты ў Беларусі глыбокага пэсымізму расейскіх калегаў не падзяляюць. На думку старшыні сацыяльна-экалягічнага аб’яднаньня «Цэнтар падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў» Івана Нікітчанкі, для Беларусі нашмат больш небясьпечная пагроза ўласна пажараў. А вось напалохаць невялікай дадатковай дозай радыяцыі беларусаў наўрад ці магчыма:

«Справа ў тым, што Беларусь і без пажараў забруджваецца пастаянна. То бок Беларусь зараз і без таго ўся накрытая радыяцыяй. Калі вецер адтуль што і прынясе, то ня думаю, што гэта будзе мець нейкія катастрафічныя наступствы. Хоць, натуральна, лепей, каб вецер у наш бок ня дзьмуў.
Калі вецер адтуль што і прынясе, то ня думаю, што гэта будзе мець нейкія катастрафічныя наступствы.
Вось сам па сабе пажар можа быць вялікай праблемай, а радыяцыі ў нас і сваёй хапае. Так, трэба абараняць ад яе людзей, але ж ніхто ня хоча. Мы і да прэзыдэнта двойчы спрабавалі прабіцца, аднак ён „непрабівальны“. Звароты некалькі разоў у адпаведныя ведамствы накіроўвалі, але чыноўнікі пакруцяць іх у сябе там — і нам адказ даюць: у нас усё ў норме і няма чаго турбавацца».

Ва Ўпраўленьні лясной гаспадаркі Бранскай вобласьці заяўляюць, што сытуацыя кантралюецца. Ня бачаць падставаў для панікі і ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый (МНС) Беларусі. У апэратыўным штабе дзяжурны паведаміў, што пры адзінкавых ачагах узгараньня, зафіксаваных на той жа Браншчыне, гаварыць пра нейкую пагрозу для Беларусі ўвогуле не выпадае:

«Ну вось я зараз якраз на афіцыйным сайце расейскага МНС, гляджу мапы пажаранебясьпечных раёнаў. І нешта ня бачу, каб у бранскіх лясах былі асаблівыя пажары. Проста перада мной раскладзеныя расейскія мапы — няма там нічога страшнага. А калі ўзгараньні нязначныя, то на радыеактыўнай сытуацыі гэта не адаб’ецца практычна ніяк. Ня бачу абсалютна ніякіх прычынаў, каб асабліва турбавацца. Да таго ж, як вядома, вецер дзьме заўсёды заходні: цыклёны ў бок Расеі ідуць з захаду, праз нас транзытам. З расейскага боку на нас вецер надзвычай рэдка бывае. Ружа вятроў заўжды накіраваная ў бок Расейскай Фэдэрацыі».

На бліжэйшыя дні сыноптыкі зноў прагназуюць істотнае падвышэньне тэмпэратуры. А гэта значыць, што пагроза ўзьнікненьня пажараў у лясах і на тарфяніках ўзрастае. Тычыцца гэта і плошчаў, забруджаных чарнобыльскай радыяцыяй. Аднак прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый кажа, што з улікам падзеяў у Расеі сытуацыя з пажаранебясьпечным становішчам узятая пад асабліва пільны кантроль:

«Падставаў ні да якай панікі, думаю, ня будзе. Блізу Беларусі, па вялікім рахунку, нічога і не гарыць. Нязначныя ачагі назіраюцца на поўначы краіны, і тое далёка ад мяжы. Таму ня бачу асаблівых падставаў да перажываньняў. Да таго ж у нас праходзяць дажджы. Так, зараз сьпёка зноў узмоцніцца, крыху ўзрасьце колькасьць пажараў на тэрыторыі Беларусі. Але моцна яна не павялічыцца. Я, зноў жа, гляджу сытуацыю на сайце МНС Расеі — няма ўжо глябальных пажараў на іх тэрыторыі. А адзінкавыя выпадкі — дык яны існуюць паўсюль».

Між тым, як паказвае досьвед суседзяў, недаацэньваць пагрозу распаўсюду пажараў немагчыма. Як і тое, што агонь можа накрыць тэрыторыі, якія пацярпелі ад радыеактыўнага забруджаньня ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
XS
SM
MD
LG