Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яблакаў: разнос радыянуклідаў можа быць на некалькі соцень кілямэтраў


У Бранскай вобласьці адбыліся пажары ў лясах, забруджаных радыяцыяй пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі сёньня ў "Рослесозащите". Зь сярэдзіны чэрвеня былі зарэгістраваныя ачагі пажараў і на іншых тэрыторыях, забруджаных радыянуклідамі ў Калускай, Чалябінскай, Курганскай, Тульскай, Арлоўскай і Пензенскай абласьцях. Раней улады абвяргалі гэтыя паведамленьні эколягаў.

Расейскія эколягі занепакоеныя магчымымі наступствамі лясных пажараў у зонах, забруджаных радыяцыяй пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

На думку вядомага расейскага эколяга Аляксея Яблакава, у залежнасьці ад умоваў надвор'я разнос радыянуклідаў можа дасягаць некалькіх соцень кілямэтраў.

Ва Ўпраўленьні лясамі Бранскай вобласьці засьцярогі эколягаў падзяляюць і заяўляюць, што сытуацыя складаная, але кантраляваная.

Паводле дадзеных Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, плошча прыродных пажараў у Расеі скарацілася ўдвая.

У Падмаскоўі працягваюць гарэць 220 гектараў лесу і тарфянікаў.

У Маскве, дзе мінулай ноччу сьпякота пайшла на спад, едкі дым ад пажараў расьсеяўся. Аднак, паводле сыноптыкаў, смог можа вярнуцца ў расейскую сталіцу ўжо найбліжэйшымі днямі.

У Беларусі ўсё часьцей пачынаюцца пажары ў лясах і на тарфяніках, у тым ліку на тэрыторыях, забруджаных чарнобыльскай радыяцыяй. Паводле апэратыўнага ўліку, штодзённа ўзьнікае да 15 пажараў.

Пажары ў Бранскай вобласьці не прывялі да зьмены радыяцыйнай абстаноўкі ў Беларусі, заявілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у сераду ў Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнага кантролю міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі.

"Нашы лябараторыі не зафіксавалі нейкай зьмены радыяцыйнай абстаноўкі ў памежных з Бранскай вобласьцю рэгіёнах Беларусі", – паведамілі ў цэнтры.

"Радыяцыйная абстаноўка ў рэспубліцы застаецца бязь зьменаў, як і раней, больш высокія значэньні магутнасьці дозы гама-выпраменьваньня захоўваюцца ў пунктах пастаяннага кантролю, разьмешчаных у зонах павышанага радыеактыўнага забруджваньня – Брагіне, Нароўлі, Слаўгарадзе, Чачэрску, Хойніках ", – паведамілі ў цэнтры.
XS
SM
MD
LG