Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пажар на базе хімікатаў: “У бытоўцы мухі паздыхалі, а людзям кажуць: усё ў норме…”


На тэрыторыі базы хімічнай прадукцыі ААТ «Зэльвенская сельгасхімія» яшчэ 18 ліпеня адбыўся пажар на складзе, дзе захоўвалася звыш 300 тон непрыдатных пэстыцыдаў, зьвезеных сюды для захоўваньня з усяе вобласьці яшчэ ў 2006 годзе. Дагэтуль пэстыцыды знаходзяцца пад адкрытым небам, вецер разносіць іх па навакольлі. Працы па ліквідацыі наступстваў ужо некалькі дзён не вядуцца, бо няма спэцыяльных бочак, каб іх туды пакаваць.

Зьнешне на базе хімічнай прадукцыі ААТ «Зэльвенская сельгасхімія» сёньня ўсё выглядае спакойна. Але калі падыходзіш бліжэй, то адразу адчуваецца непрыемны хімічны пах і пачынае гаркацець у роце.

Такім чынам складваюць пэстыцыды, якія перасыпалі ў новыя бочкі.

Побач з базай — дарожна-будаўнічае прадпрыемства ДРБУ-118. Тутэйшыя рабочыя распавядаюць, што спэцыялісты МНС, якія сюды прыяжджалі, казалі, што небясьпекі для іх няма, але яны гэтаму ня вераць.

Спадар: «Гэта сёньня, што сюды ветру няма. А так то наагул не дыхнуць, усё абвастрылася, а сьпёка даходзіла да 43 градусаў. А як пачынаюць гэта варушыць, складаць у бочкі, то немагчыма, бо гэта кшталту попелу, і яго разносіць па ўсім навакольлі, няма чым дыхаць».

Другі спадар: «Нават мухі ўсе паздыхалі ў бытоўцы, дзе мы пераапранаемся, толькі ўзяць і падмесьці…»

Рабочыя ДРБУ 118, якія працуюць побач з згарэўшым складам пэстыцыдаў.

На месцы пажару я засьпеў начальніка службы хімічнай і радыяцыйнай абароны Гарадзенскага абласнога ўпраўленьня МНС Генадзя Лапіча. Ён, дарэчы, тут зь першага дня пажару. Спадар Лапіч распавядаў мне, што на складзе адбылося самазагараньне, прычым двойчы, але пажар хутка патушылі.

Зь яго слоў, супрацоўнікі хімічнай разьведкі Ваўкавыскага раённага аддзелу надзвычайных сытуацый правялі замер радыяцыйнага і хімічнага заражэньня і вызначылі, што радыяцыйны фон на навакольнай тэрыторыі не перавышае дапушчальных нормаў.

На маё пытаньне, чаму не працягваюцца працы па ліквідацыі наступстваў пажару, спадар Лапіч адказаў, што ім не давезьлі спэцыяльныя бочкі, якія вырабляюць у Расеі.

Ён таксама паведаміў, што ў ліквідацыі наступстваў пажару ўдзельнічаюць спэцыялісты з усяе вобласьці, яны працуюць па чарзе ў спэцадзеньні і ўсяго толькі адну гадзіну ў дзень. Што да таго, якім будзе далейшы лёс пэстыцыдаў, спадар Лапіч зазначыў:

Лапіч: «Зараз шукаюць месца для іх захоўваньня, куды потым і перавязуць».

Карэспандэнт: «А чаму іх не ўтылізуюць?»

Лапіч: «У Беларусі няма дзе. Але зараз вядуцца перамовы, па-мойму, з Украінай, дзе ёсьць заводы, і, магчыма, мы адправім іх туды на ўтылізацыю».

Склад пэстыцыдаў пасьля пажару.

У найбліжэйшай вёсцы, Конна, людзі таксама напалохаліся, калі пачулі ў паветры хімічны пах.

Першы спадар: «Дзяцей папросту ванітавала раніцай. Потым міліцыя праехала па вёсках і папярэдзілі, каб зачынялі хаты і нікуды не выходзілі».

Другі спадар: «Пах быў кшталту салетры альбо аміяку. А потым першы раз за 25 гадоў, колькі я тут жыву, прыехалі і ўзялі аналіз вады і глебы. І ўсё, больш нікога не было, а пажар дымеў двое сутак».

Карэспандэнт: «А ўлады мясцовыя ці прыяжджалі да вас — зь сельсавету, райвыканкаму?»

Спадар: «Ніхто і нічога. Мы спрабавалі тэлефанаваць у Горадню, аднае жанчыны якраз унукі тут былі, яна прасіла — прыміце меры, а ёй адказалі: зьяжджайце, і ўсё».

Жыхары вёскі Конна, што ў двух кілямэтрах ад складу пэстыцыдаў.

XS
SM
MD
LG