Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Лявонаў уладкаваўся, Міхаіл Сьнягір дагэтуль на “Валадарцы”


Дзе цяпер былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў, які летась выйшаў на волю і скардзіўся на тое, што яму цяжка будзе працаўладкавацца? Якія лёсы былых высокапастаўленых чыноўнікаў, якіх асудзілі за карупцыю?

На пачатку году Міхаіл Лявонаў выйшаў на волю зь менскай калёніі, дзе адбыў амаль 8 гадоў. Нагадаю, былога дырэктара МТЗ асудзілі за хабар праз службовае злоўжываньне з канфіскацыяй маёмасьці. Прызначаную судом суму стратаў Лявонаў не вярнуў, бо так і не прызнаў сябе вінаватым. Па выхадзе з турмы ён даведаўся, што яму належыць рэгулярна адзначацца ў міліцыі, працаўладкавацца, а з заробкаў адлічаць пэўныя грошы ў бюджэт. Аднак пра магчымасьць працаваць адпаведна адукацыі і былому службоваму ўзроўню Лявонаў казаў з сумневам. Што зьмянілася за паўгода? Мой сёньняшні званок засьпеў Міхаіла Лявонава ў ягонай менскай кватэры на вуліцы Старавіленскай:

Міхаіл Лявонаў
«У мяне ўсё наладзілася, а дзе я працую, гэта камэрцыйная таямніца. Я выйшаў з турмы, і ў дадзены момант у мяне няма ніякага жаданьня ўзгадваць той кашмар, які быў са мной. Прабачце, але не хачу варушыць былое жыцьцё».

Міхаіл Лявонаў быў арыштаваны 7 студзеня 2002 году. Паводле сьледзтва, зь якім суд пераважна пагадзіўся, Міхаіл Лявонаў атрымаў у выглядзе хабару некалькі мільёнаў даляраў, якія хаваў на рахунках у адным з заходніх банкаў. «Сваю невінаватасьць я на 300% даказаў у судзе і магу сьмела казаць, што ня скраў на МТЗ нават цьвіка», — казаў Міхаіл Лявонаў сваякам пасьля суду. У калёніі экс-дырэктар адмовіўся пісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, празь якое шмат хто з асуджаных гаспадарнікаў выйшаў раней на волю. Два гады з 10-гадовага тэрміну Лявонаву зьнялі паводле амністый.

У траўні Вярхоўны суд вынес прысуд былому пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Сьнегіру і былому дырэктару фірмы «Забудова» Міхаілу Кудзелку. Суд прызнаў экс-пракурора вінаватым у атрыманьні хабару ад Кудзелкі ў выглядзе будаўнічых матэрыялаў на шмат тысяч даляраў і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня. Міхаіл Кудзелка атрымаў 3,5 года.

Міхаіл Сьнягір
Дзе цяпер утрымліваюць экс-пракурора Міхаіла Сьнегіра? Ягоны адвакат Анатоль Шапялевіч паведаміў «Свабодзе», што Сьнегіра яшчэ не перавялі зь Менскага сьледчага ізалятара ў калёнію — ён працягвае вывучаць пратакол судовага паседжаньня, каб потым падаць наглядную скаргу. Чаму больш за тры месяцы ідзе вывучэньне пратаколу, спытаўся я ў адваката Шапялевіча:

«9 месяцаў ішоў працэс — уяўляеце, колькі паперы перавялі?! Вось усё вывучае. А пачуваецца няблага, ня скардзіцца».

На працэсе над Міхаілам Сьнегіром абвінавачаньне даказала хабарніцтва ў эпізодзе з загарадным катэджам, які, паводле сьледзтва, экс-пракурор будаваў на падстаўную асобу. Між тым да адстаўкі і арышту Міхаіла Сьнегіра прывяла гісторыя вакол элітнай кватэры ў Менску, за якую пракурор заплаціў больш як 200 тысяч даляраў. Сьнягір казаў, што гэта грошы за прададзеную былую кватэру. Аляксандар Лукашэнка на антыкарупцыйнай нарадзе ў канцы 2009 году загадаў праверыць крыніцы прыбыткаў высокапастаўленага чыноўніка. Паводле апошніх зьвестак, факты з жыцьця Міхаіла Сьнегіра сталі вядомыя кіраўніку дзяржавы з ініцыятывы «маладых сілавікоў», якія вядуць барацьбу за ўплыў у атачэньні Лукашэнкі.

Ягор Рыбакоў
Пры канцы траўня датэрмінова выйшаў на волю экс-кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, якога ў лютым 2005 году Вярхоўны суд прысудзіў да 11 гадоў пазбаўленьня волі за хабарніцтва. Паводле суду, Рыбакоў атрымаў хабару больш як на мільён даляраў. Ці вярнуў ён гэтыя грошы і дзе цяпер знаходзіцца?

Паводле паведамленьняў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, Ягор Рыбакоў пасьля вызваленьня накіраваўся ў Магілёў, па месцы прапіскі. Дзе ён цяпер працуе, высьветліць не ўдалося. Зь неафіцыйных крыніц вядома, што сям’я Ягора Рыбакова як жыла, гэтак і жыве ў Менску, ягоная жонка да нядаўняга часу працавала ў газэце «Советская Белоруссия». Крыніцы таксама кажуць, што большая частка маёмасьці, якой да арышту Ягора Рыбакова валодала сям’я Рыбаковых, дзяржаве не належыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG