Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Р.Васілевіч: “Мы толькі косім траву”


Рыгор Васілевіч

Рыгор Васілевіч

Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч сёньня выказаў сваё стаўленьне да магчымага стварэньня сьледчага камітэту, які будзе падпарадкоўвацца Аляксандру Лукашэнку, барацьбы з карупцыяй і пакараньня сьмерцю.


Рыгор Васілевіч падчас сустрэчы з журналістамі на пачатку паседжаньня пракурорскай калегіі паведаміў пра падрыхтоўку да стварэньня сьледчага камітэту, які будзе падпарадкоўвацца кіраўніку дзяржавы. Генэральны пракурор патлумачыў, што гэта не супярэчыць Канстытуцыі і нормам заканадаўства.

Пры гэтым ён сказаў, што справа ня ў тым, што праваахоўныя органы працуюць не найлепшым чынам ці што ўлады ім не давяраюць.

“Калі пракурору прыносяць матэрыял, ён мусіць яго праверыць дакладна, а калі ён сфальсыфікаваны ці аўдыёзапіс у ім скампіляваны, то пракурор гэта не заўсёды можа высьветліць. На жаль, гэта пракурорская доля — быць гатовым да ўсіх падвохаў, у тым ліку, на жаль, і з боку сваіх падначаленых, і з боку іншых структур”.

Рыгор Васілевіч прыгадаў крымінальныя справы, заведзеныя на супрацоўнікаў міліцыі, якія сфальсыфікавалі некалькі крымінальных спраў.

Паводле намесьніка старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі, новы сьледчы камітэт можа стаць структурай, якая будзе бескантрольна вяршыць лёсы людзей.

“Безумоўна, гэта, па-першае, вяртае нас у сталінскія часы. Па-другое, гэта азначае, што, калі “раскручваецца” нейкая справа, няўгодная для ўладаў, то чым меней насоў усоўваецца, тым прасьцей схаваць канцы ў ваду. Калі тры ведамствы займаюцца, то ўцечка непазьбежная, а калі адно, то заўсёды можна зманіпуляваць з расьсьледаваньнем”.

Рыгор Васілевіч выказаўся на карысьць сьмяротнага пакараньня, прыгадаўшы апошнія дзьве крымінальныя справы за забойствы, калі двух злачынцаў пакаралі вышэйшай мерай.

“Гэтая мера адказнасьці дастаткова суровая і справядлівая, я лічу. Пакуль наша заканадаўства і Крымінальны кодэкс ня зьмененыя. Канстытуцыя дапускае ўжываньне сьмяротнага пакараньня. Ужываньне такой меры пакараньня цалкам абгрунтаванае”.

Былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў прыгадаў, як раней у бытнасьць старшынёй канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч неаднаразова выказваўся за адмену сьмяротнага пакараньня.

“Тады ён казаў, што ўвесьці мараторый для нас не праблема і ўсё такое. Тады ён быў старшынёй Канстытуцыйнага суду, а цяпер пракурорам. Гэта, канечне, адбіваецца й на паводзінах і на заявах”.

Генэральны пракурор панаракаў таксама на карупцыю сярод чынавенства. Ён прыгадаў апошнюю справу, калі пад варту трапіў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну сталіцы.

“А як жа мясцовая ўлада займаецца мацаваньнем законнасьці і барацьбой са злачыннасьцю? Ня толькі пракурор ці МУС павінны займацца гэтай тэмай. Мы толькі косім траву, а каранямі павінны займацца ўсе. Калі людзі зьдзяйсьняюць карупцыйныя злачынствы, то ім няёмка на паседжаньнях выканкаму ставіць такія пытаньні”.

Рыгор Васілевіч паведаміў, што накіраваў ва ўрад ліст з прапановай бліжэйшае паседжаньне ўраду прысьвяціць тэме барацьбы з карупцыяй.
XS
SM
MD
LG