Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенку судзілі толькі за незаконнае захоўваньне зброі і боепрыпасаў. Чаму было зьнятае абвінавачваньне ў тэрарызьме? Ці можна лічыць справядлівым гэты прысуд? У чым палітычны сэнс гэтай справы? На гэтыя пытаньні адказваюць журналіст нашага радыё Алег Грузьдзіловіч і юрыст-праваабаронца Алеся Мураўёва.


Чаму было зьнятае абвінавачваньне ў тэрарызьме?


Валер Карбалевіч: "З самага пачатку арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў улады імкнуліся ператварыць гэтую справу ў палітычную. Арыштаваным яшчэ не было прад’яўлена абвінавачаньне, але беларускае тэлебачаньне ўжо абвінаваціла іх у "шэрагу цяжкіх злачынстваў", "падпалах і выбухах". Затрымлівала трох чалавек спэцпадразьдзяленьне па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз" у колькасьці 40 спэцназаўцаў, якое адмыслова прыехала зь Менску. Санкцыю на ўтрыманьне пад вартай даваў генпракурор ці яго намесьнік. У Ваўкавыску было праведзена 26 ператрусаў. Сам Лукашэнка вылучыў абвінавачваньне ў тэрарызьме: "Тэрору ў краіне дапусьціць не магу", — сказаў ён наконт гэтай справы 17 лютага 2009 году.

І вось у выніку суд абвінаваціў іх толькі ў захоўваньні зброі і боепрыпасаў. Чаму зь вялікай палітычнай справы атрымаўся пшык?"

Алег Грузьдзіловіч: "З самага пачатку, яшчэ калі на першым паседжаньні пракурор зачытваў абвінавачаньне, было відавочна, што гэтая
З самага пачатку было відавочна, што гэтая справа — пшык.
справа — пшык. У асноўным абвінавачаньне грунтавалася на ілжывых паказаньнях Ларына. І гэта цяпер пацьверджана судовым прысудам.

Але мы ўсе ведаем, што ў беларускім правасудзьдзі нават пры горшых доказах выносіліся абвінаваўчыя прысуды. Так было з Марынічам, Казуліным і зь іншымі палітычнымі справамі. Я думаў, што і гэтым разам суд пагодзіцца з пракурорам, які запатрабаваў для Аўтуховіча 20 гадоў".

Алеся Мураўёва: "Пяць гадоў, якія атрымаў Аўтуховіч, — гэта такі клясычны беларускі прысуд. Столькі ж атрымалі Марыніч, Клімаў,
Чаго не хапала для малюнку, які сабе намалявалі сьледчыя, яны выбівалі зь сьведак.
Казулін. Улады абвясьцілі вынік гэтай справы яшчэ да таго, як яе пачалі расьсьледаваць. Справа пачалася з паказаньняў сьведкі Паўтарака, якія ў выніку нават не разглядаліся судом. Абвясьцілі, што яны тэрарысты, што ў іх знайшлі зброю. І далей, на маю думку, справа нават не расьсьледавался. Чаго не хапала для малюнку, які сабе намалявалі сьледчыя, яны выбівалі зь сьведак. Але тут заўсёды ёсьць рызыка, што сьведкі на судзе адмовяцца ад сваіх паказаньняў, дадзеных падчас сьледзтва. Так і адбылося".

Карбалевіч: "Падаецца, што ў такім рашэньні прысутнічаюць палітычныя меркаваньні. Прызнаць існаваньне тэрарызму і тэрарыстаў у Беларусі ўладам было б палітычна нявыгадна. Гэта разбурае ідэалягічны пастулят аб стабільнасьці як галоўным дасягненьні дзейнага прэзыдэнта. Нават выбух 4 ліпеня 2008 году ўлады кваліфікавалі як хуліганства, а не як тэрарызм".


Ці можна лічыць справядлівым гэты прысуд?


Карбалевіч: "Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенку судзілі за захоўваньне зброі і боепрыпасаў. Наколькі справядлівы гэты прысуд? Ці сур’ёзныя былі доказы зьдзяйсьненьня гэтага злачынства?

Грузьдзіловіч: "У асобе Аўтуховіча сфармаваўся такі мясцовы Робін Гуд. Ён змагаўся з карупцыяй. Падчас выбараў Аўтуховіч стварыў пункт, куды людзі з усяго Ваўкавыску прыходзілі і скардзіліся на мясцовае начальства. Калі б яго судзілі за тэрарызм, то ў вачах людзей ён
У асобе Аўтуховіча сфармаваўся такі мясцовы Робін Гуд.
застаўся б змагаром за справядлівасьць. Думаю, што і гэтага таксама забаяліся ўлады. Для іх выгадней зрабіць зь яго дробнага парушальніка закону.

Цяпер пра зброю. Сам Аўтуховіч не адмаўляе, што калісьці знайшлі ў лесе старую вінтоўку і на лецішчы зь яе стралялі. Потым пра гэта забыліся, але засталося пяць патронаў, якія знайшлі падчас ператрусу.

Знойдзеныя патроны — гэта таксама традыцыйнае беларускае абвінавачаньне ў палітычных справах. Нешта падобнае знайшлі ў Марыніча, Чыгіра, Лявонава. Нават у былога намесьніка генэральнага пракурора Сьнегіра, якога цяпер судзяць, знайшлі патроны. Бо ў Беларусі шмат паляўнічых, знайсьці патроны можна.

Абвінавачваньне Аўтуховічу і Асіпенку — гэта кампэнсацыя праваахоўным органам. Бо чалавек ужо год сядзіць за кратамі. Апраўдаць іх улады не маглі, бо гэта была б сэнсацыя, скандал".

Мураўёва: "Іх асудзілі без пераканаўчых доказаў таму, што, па-першае, трэба было захаваць твар. А па-другое, гэта палітычная справа. Нават калі Аўтуховіч ня быў палітычнай фігурай, то ўлады яго такой зрабілі".


Што ўвогуле стаіць за ўсёй гэтай справай?


Карбалевіч: "Што ўвогуле стаіць за ўсёй гэтай справай? Навошта было спачатку разьдзімаць гэтую справу як палітычную, а потым спускаць на тармазах?"

Грузьдзіловіч: "Адказ на гэтае пытаньне трэба шукаць не на палітычным полі, а на полі змаганьня чыноўных кланаў. У гэтай гульні ўдзельнічаюць такія структуры, як генпракуратура, МУС, КДБ, адміністрацыя прэзыдэнта, якая ў сваю чаргу ўлічвае, як гэта паўплывае на дачыненьні з Захадам.

Мне падаецца, што ініцыятарам справы стаў міністар унутраных спраў Навумаў. Я быў на той прэсавай канфэрэнцыі на пачатку 2009
Мне падаецца, што ініцыятарам справы стаў міністар унутраных спраў Навумаў.
году, на якой Навумаў з агнём у вачах абвясьціў, што нарэшце злавілі тэрарыстаў, якія, хутчэй за ўсё, зрабілі выбух у Менску 4 ліпеня 2008 году, і яны даюць паказаньні.

Справу пачалі разьвіваць, людзі сядзелі, адступаць назад было нельга, трэба было нешта рабіць. І справа стала цацкай у гульні іншых сілаў. Вось цяпер КДБ імкнецца скампрамэтаваць генпракуратуру і міліцыю, магчыма, і з дапамогаю гэтай справы.

Вось існуе яшчэ адна вэрсія. У Гарадзенскай вобласьці рыхтуецца вялікая антыкарупцыйная справа. І калі б Аўтуховіча судзілі за тэрарызм, то стала б відавочным, што ён змагаўся з карупцыяй правільна".

Мураўёва: "Аўтуховіч — адзін з галоўных сьведак па ўсіх карупцыйных справах у Гарадзенскай вобласьці. Магчыма, з гэтага і пачалася ўся гэтая гісторыя. Ён пачаў дасьледаваць карупцыю і прыйшоў да высновы пра існаваньне крымінальных кланаў".


Якая роля карупцыі ў гэтай справе?


Грузьдзіловіч: "Аўтуховіч даводзіў, што падатковая інспэкцыя — гэта сыстэма выцягваньня грошай і перадачы іх наверх. Як калісьці ў СССР ва Ўзбэкістане "баваўняная справа" была такой помпай, каб выпампоўваць грошы на верхнія паверхі ўлады".

Мураўёва: "І потым гэта неяк супала. Навумаў шукаў, каго зрабіць адказным за выбух 4 ліпеня. А тыя, каму быў небясьпечны змагар з
Навумаў шукаў, каго зрабіць адказным за выбух 4 ліпеня.
карупцыяй Аўтуховіч, шукалі магчымасьць яго пасадзіць. І яны сышліся на Аўтуховічу. Але насамрэч справы не было з чаго рабіць.

Мяне вельмі зьдзівіў пракурор, які ў канцы суду выставіў тыя ж абвінавачаньні, што і напачатку. Нібы ён не прысутнічаў на судзе, ня чуў паказаньні сьведак. На што ён спадзяваўся, прычым у Вярхоўным судзе?"

Карбалевіч: "Ён спадзяваўся, што справа палітычная, таму пройдзе ўсё, як звычайна".

Грузьдзіловіч: "Я ўважліва сачыў за судзьдзём. Па ягоных паводзінах я ўпершыню ня ўбачыў, які будзе вынік. Было ўражаньне, што ён
Па паводзінах судзьдзі я ўпершыню ня ўбачыў, які будзе вынік.
не атрымаў устаноўкі. Адзін дзень ён вёў паседжаньне суду аб'ектыўна, другі дзень ён не даваў сьведкам з боку абароны парушыць сцэнар абвінавачваньня. Магчыма, устаноўка зьявілася ў апошні дзень".

Карбалевіч: "Падаецца, што Лукашэнку падставілі. Яму даклалі, што знайшлі тэрарыстаў, ён гэта агучыў і трапіў у няёмкую сытуацыю".

Мураўёва: "Каб рабіць высновы, трэба спачатку вывучыць справу. І тады ніхто нікога не падставіць".
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG