Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не задаволены заробкамі? Страціш працу!


На Бабруйскім заводзе тармазной апаратуры й мэханізмаў звальняюць два дзясяткі работнікаў інструмэнтальнага цэху. Адміністрацыя прадпрыемства зьмяніла працоўныя расцэнкі. У выніку заробкі ў цэху зьменшацца напалову. Зьмененыя ўмовы аплаты працы не задавальняюць работнікаў. Яны адмаўляюцца пагаджацца на іх. У адказ іх звальняюць.

Пра канфлікт у інструмэнтальным цэху паведаміла адна з работніц. Паводле яе, адміністрацыя зьмену расцэнак тлумачыць падзеньнем працаёмкасьці ў цэху. Гэта нібыта вызначыла заводзкая камісія. З вынікамі яе досьледаў працаўнікоў знаёміць адмаўляюцца.
наш заробак зьменшыцца на 50 працэнтаў ...

"Яны ўсё галаслоўна заяўляюць і патрабуюць, каб мы падпісаліся, што згодныя зь іхнымі ўмовамі. У нас скасавалі каэфіцыент 1,5. Гэта зразумела, што наш заробак зьменшыцца на 50 працэнтаў. У нас ужо быў заробак у 300 тысяч — у сьнежні. Мы паводле той працаёмкасьці з каэфіцыентам паўтара ледзь выцягвалі плян, а цяпер мы яго ніколі ў жыцьці ня выканаем. І што нам — падпісаць і чакаць, што яны нам кінуць?"

Паводле работніцы, з 28 чалавек брыгады дваццаць чакае звальненьне. Усе яны — кваліфікаваныя спэцыялісты. На заводзе адпрацавалі больш за дзесяць гадоў.

"Проста мы, напэўна, ім не патрэбныя. Калі нас скарачаць, дык гэта якую ім трэба дапамогу выплаціць! А так яны паставілі на мэце заробкамі нас гэтымі задушыць, каб самі мы сышлі. Працоўных хочуць паставіць на калені, каб яны працавалі за капейкі".

Факт таго, што звальненьня чакаюць чатырнаццаць працоўных, прызналі ў заводзкім аддзеле кадраў. Некалькі дзён пазьней кандыдатаў на звальненьне было ўжо дваццаць чатыры. Прызнаюць у адміністрацыі і тое, што заробкі ў тых, хто застанецца, зьменшацца.
знойдзем мы, кім замяніць тых, хто звальняецца ...

"Сёньня ў краіне ёсьць свабодная працоўная сіла. Пададзім зьвесткі на біржу працы, і нам работнікаў прышлюць. Можа, не раўнацэнных, аднак у любым выпадку знойдзем мы, кім замяніць тых, хто звальняецца. У іх яшчэ ёсьць некалькі гадзін, каб перадумаць. Калі ж яны застануцца, мы разам зоймемся арганізацыяй працы, і яны будуць зарабляць добры заробак", заяўляе прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.

Як паведаміў суразмоўца, з вынікамі досьледаў, якія прывялі да зьменаў расцэнак, работнікаў цэху зьбіраюцца азнаёміць сёньня. Іх праводзілі два месяцы таму. Месяц таму працоўных папярэдзілі: калі яны не пагодзяцца на новыя ўмовы працы, іх звольняць.



Як стала вядома пасьля тэлефанаваньняў нашага карэспандэнта ў адміністрацыю бабруйскага заводу тармазной апаратуры й мэханізмаў, звальненьне работнікаў адтэрмінавалі на месяц. Кіраўніцтва паабяцала, што цягам месяца будзе весьці маніторынг працаёмкасьці. Калі заробкі ў работнікаў істотна зьменшацца, расцэнкі перагледзяць зноў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG