Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 даляраў заробку ў доўг?


У Менску сярэдні заробак дасягнуў лічбы ў 500 даляраў, якую перад выбарамі патрабуе Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Барысенка. Ці магчыма дасягнуць такіх сярэдніх заробкаў па ўсёй краіне?

Яшчэ ўвесну 2008 году ў пасланьні Нацыянальнаму сходу Аляксандар Лукашэнка прамовіў: «На канец пяцігодкі нам трэба заработную плату давесьці, баюся казаць, да 700 даляраў, нікуды ня дзенемся. 500 даляраў будзе мала. Трэба 700 — сярэднюю зарплату па краіне. Тады мы зможам утрымаць стабільнасьць у нашым грамадзтве». Праз паўтара года, у сьнежні 2009-га, кіраўнік дзяржавы плянку зьнізіў: «У нас ёсьць абавязак давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў. Гэтая лічба для нас сьвятая…»

І вось сталіца першай адрапартавала пра дасягненьне лічбы ў 500 даляраў. Як хутка да яе наблізяцца рэгіёны? Эканаміст, выкладчык Горацкай сельгасакадэміі Андрэй Юркоў выказаў такое меркаваньне:

Андрэй Юркоў
«Канечне, дасягнуць гэтага можна. Пытаньне — коштам чаго? Ні для кога не сакрэт, што сёньня ў вёсцы (мяркую, што ня толькі ў вёсцы, а і шмат дзе ў Менску) заробак выплачваюць не за кошт рэальнай рэнтабэльнасьці, не за кошт прыбытку, а проста за кошт далейшага паглыбленьня ў нашы даўгі. Мы фактычна атрымліваем заробак у доўг. Якая розьніца, ці гэта ўнутраны доўг дзяржавы, ці гэта вонкавыя запазычанасьці? Пры жаданьні кароткатэрмінова заробак могуць павялічыць да 500 даляраў хоць у вёсцы, хоць дзе заўгодна. Таму што фактычна гэта не заробак, а нейкая дапамога дзяржаўная, дзяржаўная датацыя, пэнсія — называйце як хочаце».

Аглядальнік тыднёвіка «Белорусы и рынок» Канстанцін Скуратовіч прывёў афіцыйную статыстыку: па абласьцях сярэдні заробак — каля 300 даляраў «бруднымі», па ведамасьці, без уліку падаткаў, пэнсійных выплат. Прычым у сельскай гаспадарцы — яшчэ менш. На яго думку, няма ніякіх падставаў для таго, каб да канца года ў рэгіёнах заробак дасягнуў 500 даляраў:

Канстанцін Скуратовіч,
«За першае паўгодзьдзе ў структуры вытворчасьці павысілася доля матэрыяльных выдаткаў, а доля заработнай платы, сродкаў, якія ідуць на аплату працы, зьменшылася амаль на цэлы працэнт — з 15% да 14%. Гэта значыць, што ў цэлым па краіне ідзе процілеглая тэндэнцыя: заробкі ня толькі не павышаюцца адносна і абсалютна, але і зьмяншаюцца, калі браць з улікам інфляцыі. А тое, што ў Менску зарабляюць больш, дык гэта ж вядома: тут банкі, дзяржслужачыя, вялікі сэрвісны цэнтар, буйныя прадпрыемствы, будоўлі. А краіне далёка да сталіцы».

Эканаміст Андрэй Юркоў з Магілёўскай вобласьці, кажучы пра рэальны заробак у вёсцы, прыводзіць такія лічбы:

«Калі браць сярэднестатыстычнае сельгаспрадпрыемства, рахункі якога забітыя, якое, як правіла, ня плаціць па сваіх даўгах, фактычна атрымлівае ў крэдыт заробак, то там сярэдні заробак тысяч 350–400. Улетку ў сяле крыху болей, узімку меней. То бок каля 130 даляраў сярэдні заробак. На паперцы яго можна і болей намаляваць…»

У кастрычніку 2007 году кіраўнік Беларусі распавядаў журналісцкаму дэсанту з Расеі, што «даярка на фэрме ў добры пэрыяд атрымлівае 700–800 даляраў». Вось толькі не ўдакладніў, дзе тая фэрма і хто тая даярка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG