Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сярэдні заробак менчукоў дасягнуў "сьвятых" 500 даляраў


Сярэдні заробак працуючага менчука ужо складае ў эквіваленце 500 даляраў.

Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Барысенка, перадае БелТА.

"Адпаведна з даручэньнем кіраўніка краіны мы ўжо выйшлі ў Менску на паказчык у 500 даляраў сярэдняга заробку на аднаго працаўніка. Да канца года мы плянуем гэты паказчык перавысіць", - адзначыў Аляксандар Барысенка.

Аляксандар Лукашэнка на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў сьнежні мінулага года так выказаўся наконт заробкаў беларусаў у 2010-м годзе:

“У нас ёсьць абавязак давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў. Гэтая лічба для нас сьвятая. Яна была ўхваленая на Ўсебеларускім сходзе 5 гадоў таму. Пэнсіі таксама павінны вырасьці на 8—10 працэнтаў".

Аднак прадстаўнікі МВФ выказвалі занепакоенасьць заявамі адносна падвышэньня ўзроўню заробкаў.

"Мы лічым, што падвышэньне заробкаў павінна грунтавацца на падвышэньні прадукцыйнасьці працы. Для падтрыманьня стабільнасьці, як і раней, неабходная жорсткая палітыка адносна бюджэту і заробкаў", адзначыў Крыс Джарвіс, кіраўнік місіі МВФ, якая ў траўні завяршыла працу ў Менску.
XS
SM
MD
LG