Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: “Яны плюнулі ў твар людзям, якія любяць Быкава”


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Пад Менскам прайшла акцыя грамадзкай кампаніі «Гавары праўду», прысьвечаная ініцыятыве наданьня вуліцам у Беларусі імя Васіля Быкава.

«Знак бяды». Гэтак называецца адна з самых вядомых аповесьцяў Васіля Быкава. Сёньня гэтыя словы можна было ўбачыць у музэі народнага дойлідзтва ў Строчыцах пад Менскам.

Назвай «Знак бяды» актывісты кампаніі «Гавары праўду» пазначылі некалькі кардонных скрыняў. Гэта нагадвала пра дзеяньні невядомых рабаўнікоў адносна тысяч подпісаў за перайменаваньне вуліц у Беларусі ў вуліцы Васіля Быкава. Нагадаю, учора стала вядома, што з прыватнай кватэры ў Менску зьнікла некалькі дзясяткаў тысяч подпісаў, сабраных актывістамі кампаніі «Гавары праўду» за перайменаваньне.



Паводле паэта Ўладзімера Някляева, тыя, хто скраў подпісы, «зьняважылі памяць Быкава і плюнулі ў твар тысячам людзей, якія ставілі свае подпісы за Быкава». Між тым кампанію за ўшанаваньне памяці Быкава гэта ня спыніць, мяркуе Ўладзімер Някляеў, бо гэта — кампанія па вяртаньні самасьвядомасьці народу на прыкладзе самых славутых беларусаў.

Актывісты кампаніі віталі высілкі іншых людзей у гэтым кірунку. У прыватнасьці, яны згадалі дзейнасьць Радыё Свабода, якое выпусьціла кнігу «Быкаў на Свабодзе» аўдыёдыск успамінаў Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому».

Уладзімер Някляеў: «Мы ніякім чынам не зьбіраемся рабіць зь сябе адзіных быкавазаступнікаў, быкавалюбаў.
І раней зьбіраліся подпісы за ўшанаваньне памяці Быкава, але не было сілаў давесьці справу да канца.
Вось і Радыё Свабода ў гэтым шэрагу. І ўвогуле кожны прыстойны чалавек, калі зьвярае сваё сумленьне з часам, у якім жыве, з адносінамі паміж людзьмі і да жыцьця, ён так ці інакш шукае аўтарытэты, постаці. І раней зьбіраліся подпісы за ўшанаваньне памяці Быкава, але не было сілаў давесьці справу да канца. У той жа Гародні зьбіралі подпісы, была спроба шыльду павесіць, дзе жыў Быкаў — ня выйшла».

Паводле Ўладзімера Някляева, усе сто тысяч подпісаў былі скапіяваныя, таму праца не была марнай, спроба сарваць кампанію не ўдалася і справа будзе працягвацца. У Гародні ўлады ўжо пагадзіліся з ініцыятывай назваць адну з новых вуліц імем Васіля Быкава. «Будуць і ў Менску, і ў іншых гарадах краіны такія вуліцы, прычым цэнтральныя», — мяркуе вядомы паэт.

Арганізатары кампаніі ўручылі прызы лепшым актывістам, якія зьбіралі подпісы. Мікола Анцюхоў, Тацяна Бурая, Ірына Перапяліца, Павал Яловік атрымалі томікі ўспамінаў Быкава з сэрыі «Бібліятэка Свабоды».


Паглядезць фотагалерэю ва ўвесь экран.

Хто скраў частку подпісаў, якія ставілі людзі за Быкава? Актывіст «Гавары праўду» Міхась Башура распавёў, што ключы ад кватэры, дзе хаваліся подпісы, знаходзіліся ў ягоным аўтамабілі, які раней арыштавалі міліцыянты. Актывіст мяркуе, што аўтамабіль адчынялі безь яго і гэтым скарысталіся.

«Там ляжаў мабільны тэлефон і ключы. Тэлефон зьнік, а ключы ляжалі. Калі раней аўтамабіль адчынялі, значыць, яны ведаюць, што ў ім, і яны маглі скарыстаць ключы, каб адкрыць кватэру і забраць тыя подпісы. Бо кватэра здымалася без агалоскі, ніхто пра гэта ня ведаў і даведацца ня мог, акрамя міліцыянтаў».

Ужо пасьля заканчэньня акцыі ў Строчыцы прыехаў аўтамабіль зь міліцыянтамі. Прадстаўнікі ўлады накіраваліся да адміністрацыі музэю, каб высьветліць, хто ладзіў мерапрыемства. У гэты час актывісты кампаніі «Гавары праўду», журналісты і запрошаныя госьці са Строчыц зьехалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG