Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыёты-скептыкі

У Горадні вуліцы Васіля Быкава яшчэ няма, як вядома, але ёсьць выразнае жаданьне, каб яна была. І, самае галоўнае, існуе ўжо рашэньне тапанімічнай камісіі, каб новая вуліца за Новым мостам цераз Нёман стала вуліцай Народнага пісьменьніка Беларусі.

А вось тут думкі падзяліліся. Адныя з палёгкай успрынялі, што лёд нарэшце скрануўся, бо ўсе ранейшыя прапановы ўвекавечыць імя славутага пісьменьніка спатыкалі глухую сьцяну. Скептыкі і самыя ўпартыя патрыёты аднак пярэчаць (хоць рашэньне, дарэчы кажучы, яшчэ не зацьвердзілі гарадзкія ўлады), што імя Быкава павінна мець не прапанаваная — занёманская, а вуліца ў гістарычнай забудове, дзе жыў калісьці ён сам.

Як скасавалі “перамогу”

Мушу падкрэсьліць, што ў чынавенскай шуфлядзе ляжыць канкрэтнае рашэньне: прыпыніць пераназваньне вуліцаў у Горадні. Карацей, хай патрыёты сто разоў будуць за быкаўскую вуліцу ў цэнтры, гэта сёньня нерэальна. Хачу таксама нагадаць — што падштурхнула ўлады накласьці вэта на перайменаваньне. Як вядома, гарсавет зацьвердзіў аднойчы новую назву для даўно забудаванага праспэкту, даўшы яму імя былога першага сакратара абкаму КПБ Кляцкова.

Самыя актыўныя жыхары паўсталі супраць гэтага, пісалі скаргі, зьбіралі подпісы. Здавалася б, якія сьвядомыя людзі аказаліся, самае галоўнае — зусім не рахманыя і памяркоўныя! Але, сябры мае, якую назву яны баранілі гэтак апантана? Назву-абракадабру савецкага гатунку — “40 год Перамогі”. У начальства ў камуністычныя часы з фантазіяй зусім дрэнна стала: у “40 год перамогі” упіраўся праспэкт “60-годзьдзя Вялікага кастрычніка”, сёньня —Янкі Купалы, пра што падбалі ў кароткія дэмакратычныя часы.

Наколькі памятаю, гарадзенская тапанімічная камісія зьбіралася некалі пад старшынствам Аляксандра Мілінкевіча — намесьніка тагачаснага кіраўніка гарвыканкаму Сямёна Домаша (вядомыя прозьвішчы!). Вось калі дзясятак вуліц у цэнтры ўдалося перайменаваць, аднак ня ўсе, якія камісія меркавала тады. Дарэчы, прапановы паступалі і ад пэнсіянэраў, яны хацелі, каб да “50-годзьдзя перамогі” вулічную разьвязку каля цяперашняй філярмоніі назвалі “плошчай Перамогі” — як у Менску. Цяперашні кіраўнік Руху “За свабоду” астудзіў іх: у горадзе існуе праспэкт 40-годзьдзя Перамогі, а таксама вуліца Перамогі і завулак, ці варта паўтарацца? І пэнсіянэры пагадзіліся: няма сэнсу.

Разумны кампраміс?

Сёньня начальства вельмі ня любіць ініцыятываў зьнізу, калі яны не прыдуманы зьверху, само сабой. Гэта датычыць і будучай вуліцы Быкава таксама. Аднак жа справа пачала набываць рэальныя рысы. У той самай тапанімічнай камісіі ёсьць, між іншым, чыноўнікі, іхняе слова вырашальнае. Мабыць ім самім прыемна было, што прыдумалі кампраміс, што зусім нядрэнная вуліца бяз назвы знайшлася ў прыгожым занёманскім месцы.

Гэта другі выпадак сёлета ў Горадні: першай зьявілася вуліца Аляксандра Дубко, новазбудаваная, зразумела. Абедзьве прыблізна на адной адлегласьці ад цэнтру, але дальбог будучая вуліца Васіля Быкава ў значна больш прыгожым месцы. Да слова: начальства, мабыць, падстрахавалася — з вуліцы Сьвярдлова (у гістарычнай забудове, яе некаторыя прапаноўвалі пераназваць у быкаўскую) у тапанімічную камісію паступілі подпісы жыхароў, якія нібыта не жадаюць жыць на вуліцы Васіля Быкава і рукамі і нагамі за тое, каб яна захавала савецкую назву.

І як вы мяркуеце: што лепш у нашым становішчы — журавель у небе, ці сініца ў руцэ? Што ні кажыце, а ўдзельнікі тапанімічнай камісіі выразна паказалі, што ім неабыякава — ці зьявіцца ў Горадні вуліца Быкава. Чаму б і ня побач зь Нёманам? Яго гарадзенскія прыяцелі ўспаміналі, што ў пісьменьніка адным часам была маторная лодка і ён любіў катацца па рацэ.

Праўда, адзін са скептыкаў мне запярэчыў: а раптам у наступным годзе памяняецца ўлада, і што нам тады рабіць — локці грызьці, што пасьпяшаліся з вуліцай Быкава? І мне не было што яму адказаць, хаця разам я пачаў сам адчуваць сябе скептыкам, але — што датычыць пераменаў…
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG