Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Праекты, якія ствараліся як беларускія, перавядуць у расейскі ці заходні сэктар”


Што прынцыпова зьменіцца ад 1 ліпеня для беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту? На пытаньні адказвае госьць Начной Свабоды -- стваральнік парталу Акавіта, экспэрт у галіне інтэрнэт-тэхналёгій Фёдар Караленка.

Цікавыя праекты, якія ствараліся як беларускія, перавядуць зараз у расейскі ці заходні сэктар, дзе іх ніхто ня будзе чапаць, дзе яны ня будуць баяцца, што іх арыштуюць, аштрафуюць і г.д.

Караленка: Па-першае, наконт гэтага ўказу было шмат дыскусій. Як я ўжо казаў, сам указ па-сутнасьці, гэткае рэгуляваньне інтэрнэту, гэта нармальная практыка ўсіх краінаў. Калі вялікая колкасьць людзей стварае такую супольнасьць і пры гэтым не кантралюецца, то гэта можа стварыць праблемы для дзяржавы. Гэта нармальна. І ва ўсіх краінах так ці інакш інтэрнэт рэгулюецца. Але тыя ўзоры рэгуляваньня, якія стварыліся ў Беларусі, паказалі, па-першае,некампэтэнтнасьць чыноўнікаў, па-другое, жаданьне нейкім чынам выслужыцца, таму што бачна, што шмат пастаноў пасьля пратэстаў інтэрнэт-супольнасьці былі скасаваныя празь іх абсалютную бязглуздасьць. Зьменяцца ўмовы як для юрыдычных, так і для фізычных асобаў. Юрыдычныя асобы павінны будуць пераехаць на беларускі хостынг. Фізычных асобаў гэты пункт не датычыць. Напрыклад, калі грамадзянін Беларусі разьмяшчае свой сайт недзе ў Амэрыцы, яго гэты ўказ не датычыць. Але складанасьць у тым, што самыя цікавыя беларускія праекты ствараюць энтузіясты, фізычныя асобы, проста як хобі. І тыя невялікія грошы, якія яны могуць зарабляць у інтэрнэце праз банэрныя сеткі ці празь рэклямныя біржы – гэта ўсё цяпер робіцца незаконным. І гэта вялікая небясьпека для разьвіцьця беларускага інтэрнэту. Цікавыя праекты, якія ствараліся як беларускія, перавядуць зараз у расейскі ці заходні сэктар, дзе іх ніхто ня будзе чапаць, дзе яны ня будуць баяцца, што іх арыштуюць, аштрафуюць і г.д. Байнэт толькі страціць ад гэтага.

Соусь:
Што станоўчага Вы бы адзначылі ва ўказе пра рэгуляваньне інтэрнэту, і якія асноўныя пункты, якія выклікаюць занепакоенасьць у карыстальнікаў інтэрнэту?

Ёсьць небясьпека, што... будзе абмяжоўвацца праца непажаданых з боку ўлады рэсурсаў.
Караленка: Станоўчае, канешне, ёсьць. Па-першае, будзе прасьцей вырашаць нейкія спрэчкі, напрыклад, калі сытуацыя на нейкім сайце дойдзе да абразаў, то прасьцей будзе ідэнтыфікаваць асобу і г.д. Гэта тычыцца і абароны спажыўцоў у інтэрнэт-крамах. Усё будзе рэглямэнтавана, кожны прадавец будзе пад кантролем. Можна быць спакойным, што спажыўца заканадаўства нашае абароніць. Яшчэ ёсьць пункт ва ўказе, што па патрабаваньні нейкага карыстальніка сеткі Інтэрнэт правайдэры могуць абмежаваць дзейнасьць тых ці іншых рэсурсаў, якія ён аплоціць, гэткі сямейны фільтар даволі распаўсюджаны ў заходніх краінах. Адзінае, што гэта навешалі на правайдэраў. Ёсьць небясьпека, што пад гэтай маркай будзе абмяжоўвацца праца непажаданых з боку ўлады рэсурсаў.

Соўсь: Напрыклад, нядаўна беларускія вэтэраны слалі лісты пратэсту супраць сайту “Беларускі партызан”, нібыта ён абражае іх. Ці яшчэ да таго, як указ набыў моц, у Нацыянальнай бібліятэцы немагчыма было выйсьці на сайт Радыё Свабода. Указ яшчэ не дзейнічаў, а доступ да сайта быў абмежаваны, і складана было даведацца, якая аргумэнтацыя стаяла за гэтым.

Караленка: З гэтым сутыкаліся мы і падчас папярэдніх выбараў, быў абмежаваны доступ да некаторых апазыцыйных сайтаў, нават да Жывога журналу. Мы гэта праходзілі нават і без указу. З указам усё значна складаней, бо большая частка чыноўнікаў, адказных за правядзеньне яго ў жыцьцё, некампэтэнтныя, яны не абмеркавалі гэты працэс з спэцыялістамі, экспэртамі, не ўлічылі інтарэсы тых, хто ўжо даўно працуе ў гэтым сэктары. Яны напрымалі розных пастаноў, а гэта выклікала такія праблемы, што потым пад ціскам супольнасьці былі вымушаны ад іх адмовіцца. Гэта рэгістрацыя электронных скрыняў, пошліны за факт рэгістрацыі сайта і г.д. Я думаю, што ўсе гэтыя пастановы адгукнуцца яшчэ ня раз. Самая вялікая праблема ў тым, што тэрміны былі кароткія для таго, каб зарэгістраваць усе гэтыя сайты, пераехаць на беларускія хостынгі, каб наогул прывесьці сытуацыю ў байнэце ў адпаведнасьць гэтай пастанове. Таму цяпер большая частка рэсурсаў атрымліваецца па-за законам, і што зь ёй рабіць – незразумела. На канфэрэнцыі прадстаўнікам Міністэрства сувязі задавалі такія пытаньні, таму што было зразумела, што не пасьпеюць зарэгістравацца і пераехаць. Адказнасьць яшчэ не распрацавана – быў такі адказ. Значыць, што нібыта ніякіх санкцый ня будзе, але ў нашым жыцьці неаднаразова былі такія практыкі, што потым заднім чыслом штрафавалі і падатковая інспэкцыя, і іншыя органы. Паколькі парушэньне было, то гэта могуць прымяніць заднім чыслом – ці штраф, ці нейкую адміністрацыйную адказнасьць. Гэта дамоклаў меч, які вісіць над многімі рэсурсамі.

Соўсь: А над вамі вісіць?

Караленка: Канкрэтна над Акавітай не вісіць, бо яна ўжо даўно разьмяшчаецца на беларускім дата-цэнтры, і што тычыцца гэтага ўказу, нічога там не парушае.

Соўсь: Але нешта зьменіцца ў вашай працы?

Інтэрнэт-супольнасьць ня ведае сама, як быць далей, бо супярэчлівая інфармацыя паступае з розных крыніц..
Караленка: Што тычыцца Акавіты, нічога не зьменіцца. А вось што да маіх прыватных праектаў, хобі праектаў, якіх у мяне шмат, канешне, давядзецца нешта зьмяняць. Яшчэ інтэрнэт-супольнасьць ня ведае сама, як быць далей, бо супярэчлівая інфармацыя паступае з розных крыніц. У Міністэрстве сувязі чыноўнік кажа адно, а з іншага органа паступае іншая інфармацыя ці наогул маўчаньне са спасылкай на некампэтэнтнасьць. Хаця зразумела пачытаць указ і ўвесь сьпіс пытаньняў, якія назьбіраліся за апошні я пру месяцаў, то бачна, што ўсё вельмі сьлізка. У Міністэрства сувязі можа быць адна трактоўка, а ў падатковай інспэкцыі – зусім іншая. Таму будуць рабіць так, як выгадна таму ці іншаму чыноўніку. Што тычыцца Wi-Fi доступу ў публічных месцах. Літаратльна ўчора я быў у інтэрнэт-кавярні, дзе было напісана: Wi-Fi доступ. Я пытаюся ў афіцыянткі: у вас Wi-Fi платны ці бясплатны. Яна кажа: бясплатны. А як вы будзеце далей працаваць? Адказвае: як і раней. Аказваецца, яна ня ведае гэткага ўказу. Я патлумачыў, што калі вы ня зможаце ідэнтыфікаваць абанэнтаў, да вас могуць прымяніць санкцыі. Афіцыянтка была настолькі зьдзіўленая, што хлопала вачыма. Гэта значыць, што няма давядзеньня гэтай інфармацыі да канкрэтных арганізацый, якія павінны нешта зьмяніць у сваёй працы. Пастанова прымаецца, а людзі не ў курсе. Можа быць зроблена аблава па інтэрнэт-кавярнях, і палову зь іх аштрафуюць ці нешта іншае.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG