Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Цяпер я, здаецца, разумею, чаму нашае зьяўленьне гэтак зьбянтэжыла пэрсанал гатэлю ў запалярным расейскім пасёлку Церыберка, куды мы надоечы прывандравалі разам з сынам. Усё распытвалі, як мы пра іх даведаліся і для чаго прыехалі, неяк недаверліва выслухоўваючы адказы і не сьпяшаючыся нас прымаць. Дзіўнаватыя паводзіны для тых, хто жыве за кошт пастаяльцаў. Пагатоў, месцаў у гатэлі не бракавала.


ВАЙНОЙ ПАХНЕ


Яшчэ нічога ня ведаючы пра газавую вайну, я вырашыў, што гэты гатэль насамрэч не гатэль. Як ня быў інтэрнэт-клюбам інтэрнэт-клюб каля Мурманскага чыгуначнага вакзалу, нягледзячы на адпаведную шыльду на дзьвярах. Завітаўшы туды, я быў зьбіты з тропу зьдзіўленай і нэрвовай рэакцыяй супрацоўнікаў, хаця адзінае, чаго я прасіў - выйсьці ў сеціва. Нібыта дзеля гэтага існуюць інтэрнэт-клюбы. Аднак яны, відавочна, жадалі толькі хутчэй мяне справадзіць. Калі мы ўжо сыйшлі адтуль, сын мне распавёў, што, аказваецца, у сувязі з забаронай у Расеі гульнёвых установаў, некаторыя зь іх мімікравалі пад інтэрнэт-клюбы.

Дык вось, сутыкнуўшыся зь неадэкватнай рэакцыяй супрацоўнікаў гатэлю, падумаў: ну ясна, ізноў нейкі сымулякр. Каб не бандыцкая «маліна» якая. Не, сапраўды гатэль, хаця і без адпаведнай шыльды. Справа ж, падобна, была ў тым, што там спыніліся мэнэджэры «Газпрому» (у навакольлях Церыберкі плянуецца пабудова заводу па звадкаваньні газу з Штокманаўскага газавага радовішча). А тут проці ночы, акурат у разгар газавай вайны, на пастой просяцца нейкія падазроныя беларусы, прынесла ж нялёгкая... Хто яго ведае, якія думкі гэта ў іх выклікала. Спужаліся, што возьмем газпромаўцаў у закладнікі? Зладзім тэракт?

Тэракту баялася жанчына ў баранавіцкай электрычцы, на якой я ехаў у Фаніпаль зь Менску, вярнуўшыся з вандроўкі на край сьвету. Яна ажно падскоквала на сваім месцы, спалохана паглядаючы на «пакінутыя без дагляду рэчы». Урэшце ня вытрымала, зьвярнулася да мяне. Трэба нешта рабіць, ці ня бомба там, бо «Лукашэнка з усімі перасварыўся - усяго можна чакаць».

«Вайной пахне», - гэтак патлумачыў блогеру mikalaj_achyzha сваё нецярплівае чаканьне трансьляцыі інтэрвію Лукашэнкі для Эўраньюс ягоны сусед па лецішчы. Якога звычайна «рыбалка цікавіць больш, чым палітыка».

ЗРЭЖЫСАВАНЫ ПЭРФОРМАНС


Некаторыя блогеры таксама інтэрпрэтавалі газавы канфлікт у тэрміналёгіі вайсковых дзеяньняў. Напрыклад, sergechaly, прадстаўляючы ў сваім журнале разгорнутае бачаньне расейска-беларускага газавага канфлікту, ужывае такія словы, як «атака», «бітва», «дэзэртырства», «капітуляцыя». Ён даволі пераканаўча даводзіць, што Крэмль ушчэнт прайграў па ўсіх франтах.

«Ура! Нарэшце нашы перайшлі ў наступ!», - напісаў veter_r_r, калі ўжо Менск выставіў ультыматум Маскве.

Але многія сеціўныя заўсёднікі, у адрозьненьне ад людзей, чыё мысьленьне сфармавалася яшчэ ў даінтэрнэтную эпоху, схільных прымаць за чыстую манэту фармаваную тэлевізіяй рэчаіснасьць і літаральна разумець словы, бачылі за простай прапанавай схемай зьвілістыя хітраспляценьні.

Той самы veter_r_r у іншым месцы піша пра расейска-беларускі канфлікт:

«Ці то тут нейкі цырк і ідыёты на дроце, ці то хуткім часам усплыве штосьці такое, ад чаго мы раты разявім».


«Выглядае на тое... Што пад усім гэтым калямбурам хаваюцца куды цікавейшыя і глябальныя рэчы»
, - падтаквае яму wasabilive.

Глябальную інтрыгу («ЗША супраць Кітаю», «ЗША супраць Эўразьвязу») угледзеў у расейска-беларускім канфлікце diko0braz:

«Вы выпускаеце з-пад увагі галоўны вынік энэргавойнаў - рост сусьветных коштаў на энэрганосьбіты.

Асноўным платнікам гэтага энэргападатку зьяўляецца Кітай. Падатак зьбіраецца кіроўнай кааліцыяй - Штаты, Расея, Ангельшчына.

Спэктаклі трох транзыцёраў (Расея, Украіна, Беларусь) таксама ціснуць на Эўропу».


Чытач "Нашай Нівы" spy выказаў здагадку, нібыта ўся гэтая «газавая вайна» - зрэжысаваны перадвыбарны пэрформанс:

«А можа, гэтая газавая вайна - пiяр для Лукашэнкi? Цi такiя дурныя расейцы, каб прайграць у рыторыцы i прапагандзе?

Расея ж прызнала доўг за транзыт (большы за беларускі доўг за газ) - дык навошта было ёй шум падымаць? Яны з АРЛ усё загадзя разьлічылі і пра ўсё дамовіліся. Як раз перад 3 ліпеня. А так розьніца паміж даўгамі пад створаны шумок пойдзе Лукашэнку на перадвыбарчую кампанію. I прапіярыўся ён выдатна».


Такога самага меркаваньня трымаецца і чытач «Свабоды» Patryet:

«Зьезьдзіў Саша у Маскву, быццам бы спадарожнік №2 паглядзець... Заскочыў да Мядзьведзева, потым да Вовачкі, прыехаў, і тут на табе! Міжнародны канфлікт. Газпрам запатрабаваў грошы, якія і не павінен быў патрабаваць. Але наш Сашка так "разруліў" сытуацыю, што адразу стаў героем нацыі! І гэта перад выбарамі! Цікава, а што ж будзе далей?..»


ЗЯНОН ВЯРТАЕЦЦА Ў ВЯЛІКУЮ ПАЛІТЫКУ




Пакуль што ў выглядзе «старэйшага таварыша», ці то ўзорнага прыкладу, на які нібыта раўняецца Лукашэнка:

«Лукашэнка сёньня - гэта Пазьняк учора. Падобна, што час іх рассудзіў». (luchosa)

«У відэасюжэтах БТ фраза "імпэрскія комплексы Крамля" гучыць рэфрэнам... Адчуваньне ад прагляду, што ў нас Прэзыдэнтам раптоўна стаў Зянон Пазьняк, але навіны ідуць чамусьці па-расейску. :-)» (lemantar)

«Тав. Лукашэнка інтуітыўна празь пятнаццаць гадоў "дагнаў" тэзы шматкроць усімі аблаянага Зянона і пра імпэрыялізм, і пра Чарнаморска-Балтыйскі калектар. Трэба думаць, тав. Праляскоўскі ўжо ва ўсю штудзіруе працы Зянона Станіслававіча. А маглі б зэканоміць час». (ihar_piatnitsky)

«Пра абарону незалежнасьці, імпэрскае мысьленьне Крамля ды жаданьне ўтрымаць Беларусь у сфэры свайго ўплыву ён казаў у такіх выразах і так палымяна, нібы ягонымі вуснамі прамаўляў сам Зянон Пазьняк».
(Аляксандр Класкоўскі)

Зрэшты, сія-тыя скептычна паставіліся да падобнага «пераўвасабленьня». Адказваючы ўдзельніку форума на партале tut.by, прысьвечанага абмеркаваньню інтэрвію Лукашэнкі тэлеканалу «Эўраньюс», які сьцьвярджаў, што «Лукашэнка ў першую чаргу стаіць за Беларусь і яе інтарэсы», antipan абурана запярэчыў:

«Для таго і разьдзімаюцца гэтыя дробныя эканамічныя канфлікты БТ-прапагандай да касьмічна-гістэрычных" малочных і газавых войнаў", каб ты і твае аднадумцы прыйшлі і правільна прагаласавалі за ПРАМЯНІСТАГА ПЕРАМОЖЦУ Ў ГАЗАВАМАЛОЧНЫХ ВОЙНАХ над імпэрскімі супастатамі, якія працягваюць сваю кашчавую руку, каб здушыць самае каштоўнае, што ў нас ёсьць - "НАШУ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ"!»


ДЛЯ КРАМЛЯ МЫ ІЗНОЎ «БЕЛОРУССІЯ»


Уважлівы да дробязяў блогер malishevsky заўважыў, што газавы канфлікт спарадзіў лінгвістычныя зьмены з палітычным прысмакам на афіцыйным крамлёўскім сайце.

Мінулым лістападам Мядзьведзеў праявіў нябачаную вялікадушнасьць - вырашыўшы, што беларусы заслугоўваюць таго, каб іх краіну называлі «Беларусь». Гэта мусіць падкрэсьліваць яе самастойнасьць. Пасьля чаго на крамлёўскім сайце так яе і называлі.

Аднак 21 чэрвеня сёлета яе ізноў замяніла «Белоруссія». Блогер падсумоўвае:

«Справа вось у чым, Расея. Беларусь за пазыкі свае разьлічыцца. Зь "Белоруссіей" у цябе праблемы будуць. Белоруссія яна такая, я ведаю! Яшчэ я ведаю цяпер, што значыць для цябе гэтае слова - “Белоруссия”».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG