Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавы канфлікт — апэрацыя “па змушэньні да Мытнага зьвязу”


Хто быў ініцыятарам «газавай вайны», каго — Менск альбо Маскву — можна назваць яе пераможцам на гэтым этапе? Які з бакоў атрымаў больш іміджавых і палітычных бонусаў? Ці дацісьне Крэмль Лукашэнку і ці прымусіць яго пайсьці на падпісаньне Мытнага саюзу на расейскіх умовах? На гэтыя пытаньні адказваюць шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Сьвятлана Калінкіна
Аляксандар Класкоўскі
Віталь Цыганкоў


«Каб падсмажыць яечню, нельга паліць дом»


Цыганкоў: Якія вынікі газавай вайны на гэтым этапе? Сытуацыя разьвіваецца вельмі дынамічна, але мы ведаем, што і беларускі бок пералічыў грошы за газ, а Газпром пералічыў за транзыт, праўда не ўсе грошы, як хацелася б афіцыйнаму Менску. У пэўным сэнсе можна падводзіць нейкія прамежкавыя вынікі. Ці можна казаць, што нехта перамог у гэтай вайне, які з бакоў атрымаў больш іміджавых і палітычных бонусаў? Хто на вашу думку, быў ініцыятарам газавай вайны?

Калінкіна: Мне здаецца відавочным, што сума, празь якую разгарэлася спрэчка, сьведчыць пра тое, што гэта не эканамічны канфлікт. Гэта ўсё-ткі палітычны канфлікт і высьвятленьне палітычных адносін паміж Беларусьсю і Расеяй. Калі гаварыць пра імідж, то трэба мець на ўвазе, што канфліктавалі дзьве краіны, і трэці бок — Эўразьвяз — апынуўся пацярпелым.
Канфліктавалі дзьве краіны, і трэці бок — Эўразьвяз — апынуўся пацярпелым.
З боку Эўропы на адрас Беларусі прагучалі ўпершыню такія жорсткія заявы і абвінавачваньні нават у нападзе на Эўразьвяз. Гэтыя словы былі сказаныя камісарам ЕЗ па праблемах энэргетыкі. Я думаю, што нават калі спрацавала беларуская прапаганда, і нават калі беларускі электарат, гледзячы тэлебачаньне, у чарговы раз абурыўся паводзінамі Расеі, ацанілі байцоўскія якасьці беларускага прэзыдэнта, гэта зусім не азначае, што такая сама рэакцыя была ў Эўропе і Расеі.

Цыганкоў: Раней у папярэдніх газавых войнах, калі стаялі нашмат большыя сумы, Эўразьвяз прымаў альбо нэўтральную пазыцыю, альбо больш спрыяльную да Беларусі. Ці не здаецца вам, гэты новы аспэкт, даволі жорсткая рэакцыя Эўразьвязу, яўна не была ўлічана Менскам?

Калінкіна: Я думаю, што Менск разьлічваў на разуменьне з боку Эўразьвязу, не ўлічыўшы, што паміж Расеяй і Эўразьвязам цяпер іншая сытуацыя. Канфлікт разгарэўся праз 200 мільёнаў даляраў. Мінулы нафтавы канфлікт быў праз 2 мільярды даляраў. Там быў іншы кошт гэтай праблемы. Тут пралічыліся беларускія экспэрты, прадказваючы рэакцыю розных бакоў.

Цыганкоў: Натуральна, што такія канфлікты успыхваюць, калі хаця б адзін з бакоў зацікаўлены ў іх зьяўленьні. Калі ня так, то яны вырашаюцца ціха і не публічна. Хто быў найбольш зацікаўлены ў чарговай газавай вайне, хто выступіў яе ініцыятарам?

«Апэрацыя па змушэньні да мытнага зьвязу»


Класкоўскі: Я ня згодны з тымі, хто кажа, што Лукашэнка наўмысна распаліў гэтую вайну, каб узьняць свой рэйтынг, каб згуртаваць народ перад выбарамі. Ён не настолькі авантурны палітык, каб не разумець, што каб падсмажыць яечню, нельга паліць дом. А тут менавіта не такая сытуацыя, каб тузаць за вусы тыгра дзеля піяраўскіх мэтаў. Думаю, што іншыя былі мэты.

Гэты доўг назапашваўся, таму што было выгадна перад выбарамі якраз завінаваціцца і зэканоміць грошы, каб узьняць гэтыя заробкі, выканаць абяцанкі, а потым нават зь нейкай пеняй расплаціцца постфактум. Гэта звычайная тактыка афіцыйнага Менска, калі нейкія грошы трэба заплаціць, то адцягваюць час.

Нібыта ў сьнежні, калі была сустрэча Лукашэнкі зь Мядзьведзевым, гучалі нейкія цьмяныя абяцаньні з боку расейскага прэзыдэнта — маўляў, мы паглядзім на вашы паводзіны, можа, дамо яшчэ разгрузку. І раней давалі. Гэтыя «братэрскія стасункі», калі палітыка і эканоміка ідуць у адным фляконе, яны разбэсьцілі абодва бакі. І калі паўстае пытаньне рубам, калі трэба плаціць па рахунках, раптам зьдзіўленьне: а куды ж падзелася наша інтэграцыя. Вось такая сытуацыя зь беларускага боку.

Цяпер для Лукашэнкі капітуляваць, напрыклад, паляцець у Астану і падпісаць на маскоўскіх умовах гэты мытны кодэкс, гэта значыць канчаткова страціць твар, упасьці ніжэй за плінтус.
Што ж тычыцца Расеі, то там і ня ўтойвалі, што справа не ў 200 мільёнах далярах, гэта не катастрафічная сума для Газпрома і тым болей для Расеі, гэта не падстава, каб закручваць вэнтыль. Фактычна, Расея паказала, што непакорлівага беларускага партнэра трэба змусіць да ўступленьня ў Мытны зьвяз, каб ён не псаваў гэтага праекта. Вось калі ў Грузіі была такая апэрацыя па змушэньні да міру, то тут апэрацыя па змушэньні да мытнага зьвязу. Я ня ўпэўнены, што Масква наблізілася да гэтай мэты. Бо цяпер для Лукашэнкі капітуляваць, напрыклад, паляцець у Астану і падпісаць на маскоўскіх умовах гэты мытны кодэкс, гэта значыць канчаткова страціць твар, упасьці ніжэй за плінтус. Таму тут будзе новая тузаніна і новыя войны.

Цыганкоў: Вось Аляксандар сьцьвярджае, што ня толькі, і можа нават ня столькі Менск быў ініцыятарам гэтага канфлікту, а імкненьне Масквы націснуць на непакорнага саюзьніка з мэтай уступленьня ў мытны саюз. Наколькі можна чакаць працягу гэтай тэмы? Ці можна пагадзіцца з тымі, хто сьцьвярджае, што цяпер адносіны Беларусі і Расеі на пэўным раздарожжы. Менавіта пытаньне мытнага саюзу, уступленьне ў яго на ўмовах Масквы зьяўляецца часам Х на гэтым раздарожжы, які можа паказаць, куды пойдуць абедзьве краіны.

«Праект саюзнай дзяржавы скончыўся, ён сябе вычарпаў»


Калінкіна: Я згодная, што цяпер знакавая сытуацыя паміж нашымі краінамі. Праект саюзнай дзяржавы Ельцына-Лукашэнкі скончыўся, ён сябе вычарпаў. Як далей будуць разьвівацца гэтыя стасункі, зараз і вырашаецца. Сказаць цяпер вельмі цяжка, што будзе далей. У сувязі з гэтымі падзеямі я пачула вельмі адпаведны сытуацыі анэкдот. «Калі Беларусь выканае ўмовы Расеі і будзе плаціць сусьветную цану на газ і нафту, то эканоміка яе памрэ. Дык навошта плаціць, калі мы ўсё адно памрэм?»

Для нас вельмі важна, ці будуць уведзеныя сусьветныя кошты на нафту і газ, ці будуць заставацца мытныя пошліны. Таму на мой погляд, Лукашэнка зараз перад цяжкім выбарам, бо ранейшыя кантракты не ўлічвалі экспартную пошліну на газ. Я думаю, што нават у бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі зараз ня ведаюць, як вырашыцца гэтая сытуацыя. Магчыма, нешта вырашыцца, калі Лукашэнка прыме запрашэньне Нурсултана Назарбаева і паляціць да яго на юбілей у Астану. Магчыма, там у кулюарах будзе прынята рашэньне аб тым, ці ўвойдзе Беларусь у мытны саюз. Усё для гэтага гатова, засталіся фармальнасьці.

Цыганкоў: Ці можа Аляксандар Лукашэнка нейкім чынам адбіцца ад правілаў Масквы, захаваць правілы мытнага саюзу на беларускіх умовах? Што яму можа ў гэтым дапамагчы?

Класкоўскі: Чыста тэарэтычна цяпер такі момант ляснуць дзьвярыма, сказаць «гары ён гарам» гэты Мытны саюз, мы будзем будаваць празрыстыя міждзяржаўныя адносіны, увогуле гэта зручны момант, каб рабіць дрэйф у бок Захаду. Аднак зразумела, што гэта страшна для беларускага кіраўніцтва, як і страшна ў гэты Мытны зьвяз уступаць, бо гэта пастка. Гэта геапалітычны неаімпэрскі праект, каб зноў падмяць пад сябе постсавецкую прастору пад маркай мытнага зьвязу. Лукашэнка ведае гэтыя крамлёўскія норавы і таму так жорстка ўпіраецца.

Зь іншага боку, страшна пайсьці на ломку, бо гэта пакутлівая ломка эканомікі, за адзін дзень нельга яе перабудаваць, каб саскочыць з гэтай энэргетычнай расейскай іголкі. А потым збліжэньне з Захадам вымагае дэмакратычных рэформаў. І гэта таксама страшна. Таму цяпер вельмі драматычны момант для ўлады, і для Беларусі. Пункт біфуркацыі. Мы сапраўды можам стаць сьведкамі гістарычных паваротаў. Хаця я думаю, што беларускае кіраўніцтва да апошняга будзе манэўраваць, гэта яго стыль. Увойдзе ў Мытны зьвяз, але з агаворкамі і карэктывамі. Гэткі рымэйк саюзнага будаўніцтва.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG