Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі друк пра беларуска-расейскі газавы канфлікт.

Расейская газэта «Коммерсант» зьмяшчае артыкул пад назвай «„Газпром“ возобновил поставки газа в Беларусь». Са спасылкай на прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта Натальлю Цімакову ў публікацыі паведамляецца, што падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Расеі Ўладзімерам Пуціным кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мільлер заявіў, што, не зважаючы на выплату запазычанасьці з боку Беларусі, сытуацыя вакол паставак газу застаецца напружанай. Гэта зьвязана з выстаўленымі беларускім бокам патрабаваньнямі аплаціць газавы транзыт. Паводле Аляксея Мільлера, Беларусь хоча аплаты на ўмовах, якія не адпавядаюць кантракту. Кіраўнік ураду падкрэсьліў, што разьлік неабходна праводзіць у адпаведнасьці з ранейшымі пагадненьнямі, піша «Коммерсант».

«Газовая капитуляция или реванш?» — задае пытаньне ў назьве аднаго з артыкулаў газэта «Московский комсомолец». У артыкуле зазначаецца: «Газавая вайна», відавочна, сталася кароткай і пераможнай для расейскага боку. Тым ня менш ня ўсе пытаньні яшчэ вырашаныя«. Афіцыйны прадстаўнік «Газпраму» Сяргей Купрыянаў паведаміў, што за транзыт газу заплачана 228 мільёнаў даляраў, што адпавядае ўмовам кантракту. Праўда, Менск патрабаваў ліквідаваць запазычанасьць памерам 260 мільёнаў даляраў. Сяргей Купрыянаў пры гэтым заявіў: «Якіх-небудзь праблем, якія б маглі перашкаджаць пастаўкам газу і яго транзыту, няма», піша «Московский комсомолец».

«Сокращение поставок газа в Литву — „вызов всему союзу“» — сьцьвярджае расейская «Новая газета». У артыкуле прыводзіцца выказваньне камісара Эўразьвязу ў пытаньнях энэргетыкі Гюнтэра Этынгера: «Міжнародныя абавязаньні па пастаўках газу павінны выконвацца безумоўна. Адзначанае зараз скарачэньне паставак у некаторыя краіны Эўразьвязу недапушчальнае. Гэта выклік усяму Эўразьвязу». Таксама «Новая газета» піша: «Напярэдадні рэакцыя Брусэлю на чарговы крызіс з расейскім газам была паміж раздражненьнем і абурэньнем».

Адзін з артыкулаў на тэму беларуска-расейскага газавага канфлікту ў газэце «Известия» называецца «Беларусь перагнула трубу». У публікацыі прыводзяцца заявы прэм’ер-міністра Ўкраіны Мікалая Азарава, згодна зь якімі Ўкраіна гатовая перапампаваць праз сваю тэрыторыю дадатковыя 30 мільярдаў кубамэтраў газу з Расеі. Гэта менавіта той аб’ём, які зараз ідзе празь Беларусь. Са спасылкай на камісара Эўразьвязу ў пытаньнях энэргетыкі Гюнтэра Этынгера «Известия» таксама паведамляюць, што «Газпром» павялічыў перапампоўку энэрганосьбіту праз газатранспартную сыстэму Ўкраіны ў кірунку Польшчы, Вугоршчыны і Румыніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG