Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газавая вайна можа працягнуцца і тры тыдні, і месяц”


Сёньня «Газпром» трэці раз павялічыў абмежаваньне паставак газу ў Беларусь, цяпер да 60% — з-за таго, што афіцыйны Менск не пагасіў запазычанасьць у 192 мільёны даляраў. У Літве зафіксавалі скарачэньне транзыту расейскага газу зь Беларусі на 30%. Аднак газавы холдынг не рэагуе на патрабаваньні афіцыйнага Менску сплаціць доўг за транзыт газу.


Падчас пасяджэньня адмысловага штабу кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер паведаміў дзьве навіны — як ён сказаў, добрую і дрэнную.

«Пачну з навіны добрай: транзыт расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі ажыцьцяўляецца ў поўным аб’ёме, спажыўцы расейскага газу не адчуваюць зь яго пастаўкамі ніякіх праблемаў. Навіна дрэнная: беларускі бок ня робіць ніякіх дзеяньняў для пагашэньня запазычанасьці за пастаўкі расейскага газу».

Як выконваецца загад кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі — спыніць транзыт газу празь Беларусь? Пакуль пра гэта можна меркаваць толькі паводле лічыльнікаў. Прадстаўніца літоўскага прадпрыемства па транспартаваньні і пастаўках газу Lietuvos dujos Яліта Буткене распавяла карэспандэнту «Свабоды»:

«Сёньня а 12-й гадзіне мы заўважылі, што аб’ём зьменшыўся амаль на 30%. Пакуль спажыўцы нічога не адчуваюць. Калі будзе неабходнасьць, мы атрымаем газ праз латвійскую тэрыторыю, пакуль гэтага рабіць ня трэба. Мы проста на нашай дыспэтчарскай сыстэме бачым гэтыя зьмяншэньні. А 12-й гадзіне мы заўважылі, што ціск упаў».

Дагэтуль «Газпром» ніяк не рэагуе на патрабаваньні афіцыйнага Менску сплаціць запазычанасьць за транзыт газу. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, гэты доўг складае 260 мільёнаў даляраў. Па першай праграме беларускага тэлебачаньня паказалі першага намесьніка міністра энэргетыкі Эдуарда Таўпянца. Ён прадэманстраваў кіпу дакумэнтаў на транзыт, якія не падпісаў «Газпром».

«Вось прыкладзеныя дакумэнты па кожным месяцы. Са зваротам: накіроўваем акты па аб’ёмах аказаных паслуг за транзыт у „Газпром“. Вось самі акты. Акты накіраваныя на падпісаньне „Газпрому“. Але ніводзін акт не падпісаны „Газпромам“. І, натуральна, па іх ніхто ня робіць аплату».

Эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак мяркуе, што бакі не ўзгаднілі гэты дакумэнт, які таксама мае вялікую важнасьць:

Расейскі бок настойвае на захаваньні кошту транзыту мінулага году.
«Расейскі бок настойвае на захаваньні кошту транзыту мінулага году. А беларускі бок трактуе такім чынам, што калі падвышаецца кошт газу для Беларусі, то падвышаюцца выдаткі на транспартаваньне і гэтак далей. І таму патрабуе падвысіць кошт транзыту. Бакі не дамовіліся наконт гэтага, і таму, калі „Белтрансгаз“ накіроўваў дакумэнты на аплату транзыту па новых коштах, „Газпром“ гэта не хацеў прыняць. Бо згодна зь юрыдычнымі ўмовамі гэтага кантракту трэба, каб абодва бакі падпісалі гэты кантракт. Гэтая праблема ўжо існавала, гады два таму гэтае пытаньне ўжо ўзьнікала. Былі даволі жорсткія спрэчкі, але бакі змаглі кампрамісна падысьці да гэтага пытаньня».

Экспэрт расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін адзначае, што цяжка спраўдзіць, хто з бакоў мае рацыю:

«Газпром» кажа, што нічога не падпісана беларускім бокам. Беларусы кажуць, што даўно ўсё падпісалі. Магчыма, там разыходжаньні ў лічбах — «Газпром» пагаджаецца на іншы тарыф».

Спадар Круціхін адзначае, што бакі робяць вельмі шмат розных заяваў і нешта зразумець цяжка.

«Пакуль гэта была спрэчка двух гаспадарчых суб’ектаў, можна было прагназаваць тэрміны вырашэньня канфлікту шляхам перамоваў альбо нават праз зварот у суд, урэшце рэшт. Але калі за справу ўзяліся палітыкі, то нейкія тэрміны назваць немагчыма. Можа, яны заўтра, сабраўшыся ў лазьні, нешта вырашаць. Можа, усё гэта працягнецца тры тыдні ці месяц, калі ўпруцца ілбамі і вырашаць, што канфлікт нечым выгадны».


XS
SM
MD
LG