Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў: «Газпром» нічым ня можа прымаць аплату за доўг — ні пірагамі, ні маслам, ні сырам". АБНАЎЛЯЕЦЦА

22.10 Лукашэнка запатрабаваў дабіцца пагашэньня «Газпромам» доўгу за транзыт

21.20 Расея заспакойвае Эўропу Ўкраінай

20.30 Таўпянец абвяргае Купрыянава.

20.20
Менск прапануе Маскве газавы кампраміс

20.00 Менск папярэдзіў Брусэль пра магчымыя збоі ў транзыце газу. Па віне Расеі

19.20
“Газпром” два тыдні чакаць ня будзе

17.50 Эўразьвяз спадзяецца, што спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй не паўплывае на транзыт расейскага газу ў Эўропу і ўсе кантрольныя забавязаньні будуць выкананыя. Пра гэта заявіла ў Брусэлі Марлін Холцнэр, прэс-сакратар эўракамісара ў пытаньнях энэргетыкі Гюнтэра Эцінгера.

Паводле Холцнэр, ЭЗ будзе ўважліва сачыць за разьвіцьцём сытуацыі, каб ацаніць, як скарачэньне паставак у Беларусь можа адбіцца на пастаўках газу ў краіны ЭЗ, і пачынае праводзіць кансультацыі з гэтай нагоды.

17.45 Газпром прызнаў свой доўг за транзыт

15.45 Сямашка: Беларусь заплаціць за газ цягам двух тыдняў

Першы віцэ-прэм’ер урада Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў журналістам, што Менск заплаціць газавы доўг цягам двух тыдняў.

«Разьлічымся, можа, ня сёньня, можа цягам двух тыдняў знойдзем магчымасьць, пазычым, але разьлічымся».

Ён нагадаў, што сёньня зранку ідуць перамовы па газавым пытаньні, у выніку якіх зьявіўся нейкі пратакол, зь якім беларускі бок пакуль ня цалкам згодны.

«Але важна што расейскі бок прызнаў доўг перад беларускім бокам за транзыт у 217 мільёнаў даляраў. Яны разьлічацца за транзыт — мы за газ», — дадаў Сямашка.


15.28 За чатыры дні доўг Беларусі можа дасягнуць 250 мільёны даляраў

Пра гэта заявіў журналістам афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў: «Тэрмін аплаты Беларусьсю паставак за газ у траўні заканчваецца 23 чэрвеня. У траўні „Газпром“ паставіў у Беларусь 1,4 млрд кубамэтраў газу. Такім чынам, з улікам кантрактнай цаны ў $ 184 за тысячу кубамэтраў, Беларусь павінна аплаціць „Газпрому“ 258 мільёнаў даляраў, а так як яна плаціць па $150, то розьніца паміж кантрактнай цаной, якую плаціць Беларусь, можа скласьці 48 мільёнаў».


15.25 Дырэктар расейскіх і азіяцкіх праграмаў Інстытуту сусьветнай бясьпекі ЗША прагназуе зацяжны канфлікт

Мікалай Злобін
Прафэсар Мікалай Злобін: «Расейска-беларускі канфлікт, які мае болей эканамічную, чым палітычную афарбоўку, будзе зацяжнымі і будзе працягвацца доўга».

«Тут гаворка ідзе пра тое, што нешта было агульнае, а потым распалася. На два кавалка, на дзьве эліты на двух прэзыдэнтаў, на розных уладальнікаў. Я ня думаю, што мы хутка пабачым канец гэтага канфлікту», — заявіў палітоляг.

«Таму усё, што адбываецца цяпер (газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй — Інтэрфакс) — чарговы усплёск перадзелу эканамічнага і палітычнага постсавецкай прасторы», — дадаў Злобін.

Пры гэтым палітоляг лічыць, што прычыны беларуска-расейскага эканамічнага канфлікту трэба шукаць у распадзе СССР: «Пасьлясавецкая прастора — гэта вялізны, непрадказальны і небясьпечны кавалак, які кіруецца, часта, выпадковымі элітамі, на якім няма закончаным палітычных сыстэмаў».


15.21 Пуцін прыгразіў

Кіраўнік ураду Расеі Ўладзімер Пуцін папярэдзіў, што скараціць пастаўкі газу можна і болей, чым 85%.

Ён дадаў, што пакуль Расея гэта рабіць ня будзе, маючы на ўвазе нашы асаблівыя адносіны з беларускімі спажыўцамі, і для таго, каб даць магчымасьць нашым беларускім калегам і партнэрам у рэшце рэшт зрэагаваць на патрабаваньні сваіх расейскіх партнэраў і павысіць узровень фінансавай дысцыпліны, выканаць усе патрабаваньні ў адпаведнасьці з кантрактам«.


15.15 Пуцін: ёсьць магчымасьць пампаваць газ праз Украіну

Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што магчыма перакінуць транзыт з газаправоду «Ямал-Эўропа» ў ГТС Украіны, але спадзяецца, што да гэтага не дойдзе.

«Што тычыцца пагрозу несанкцыянаванага адбору з газавай трубы „Ямал — Эўропа“, якая праходзіць па тэрыторыі Беларусі, такая тэхнічная магчымасьць ёсьць. Ёсць магчымасьць пераарыентацыі гэтых патокаў ў выпадку неабходнасьці на іншыя маршруты, у тым ліку праз ГТС Украіны», — заявіў Пуцін на пасяджэньні прэзыдыюма ўраду Расеі. Ён спадзяецца, што да гэтага «ня дойдзе».


15.00 «Газпром» папярэдзіў Эўропу

«Газпром» накіраваў паведамленьне Эўрапейскай камісіі пра верагодныя праблемы з транзытам газу ў Эўропу з-за абмежаваньняў паставак у Беларусь.

Старшыня праўленьня «Газпрома» Аляксей Мілер правядзе тэлефонныя перамовы з эўракамісарам па энэргетыцы Гюнтэрам Ацінгерам. Пра гэта паведаміў прадстаўнік кампаніі Сяргей Купрыянаў.


14.45 А. Лагвінец: «Такая напружанасьць можа ўтрымліваць пагрозу для нашай незалежнасьці»

Алесь Лагвінец
Чарговую газавую вайну камэнтуе палітоляг, каардыантар руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец:

«З прычыны таго, што пагадненьні і афіцыйныя адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй вельмі непразрыстыя, з прычыны таго, што Расея хоча атрымаць кантроль над эканомікай Беларусі, то любая такая напружанасьць можа ўтрымліваць вялікую пагрозу для нашай незалежнасьці. Відавочна, што ня выплата, прадугледжаных дамовай, грошай за газ, зьяўляецца правінай беларускага рэжыму. Віна яшчэ больш палягае ў тым, што дагэтуль не былі зробленыя неабходныя эканамічныя рэформы, каб беларуская эканоміка была ў стане працаваць і плаціць за энэрганосьбіты рынкавыя кошты».


14.40 Купрыянаў: Беларусь стварыла ўмовы, каб узьнік доўг «Газпрому»

Афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў у гутарцы з журналістамі прызнаў наяўнасьць доўгу за транспартоўку газу праз Беларусь.

«Так, запазычанасьць існуе. Беларусь не падпісвае акт выкананых працаў і гэта не дазваляе аплаціць запазычанасьць», — сказаў Купрыянаў.

Памер запазычанасьці «супастаўны» з абавязкам беларускага боку за пастаўкі газу, памер якога складае 192 мільёнаў даляраў.


14.27 Лаўроў: «Газавае пытаньне не ўваходзіць у кампэтэнцыю МЗС»

14.20 В.Вячорка: «Гэта частка стратэгічнай лініі Расеі на скарачэньні павадка Лукашэнкі»

Вінцук Вячорка
Пра Чарговую газавую вайну адзін з актывістаў Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

«Гэтая газавая вайна — гэта складовая частка стратэгічнай лініі Расеі на скарачэньні павадка Лукашэнкі. Яны перакананыя, што ён у іх на павадку і нікуды не падзенецца, што, зрэшты, ёсьць праўдай. І цяпер адбываецца яго далейшае змушэньне гуляць па іхных правілах і пагаджацца на іхныя ўмовы. А з той прычыны, што ён сам жа завёў краіну ў такую татальную залежнасьць ад расейскіх паставак і эканомікі, ён будзе змушаны крок за крокам з гэтым пагаджацца, не зважаючы на ўсе спробы набраць сабе пункты ў прапагандысцкім полі».


14.03 Адзін з заснавальнікаў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», кандыдат на вылучэньне ў прэзыдэнты краіны Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
"Ніякіх небясьпек тут няма: за газ трэба плаціць поўны кошт. І чым хутчэй краіна пераходзіць на разьлікі за газ паводле ўсясьветных коштаў, тым лепш гэта для эканомікі і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. А ўсе гэтыя гульні са зьніжкамі на нафту і газ — яны толькі зацягваюць Беларусь у багну аўтарытарызму, які ў нас зараз ёсьць, і багну залежнасьці ад таннай нафты і газу, а гэта значыць — у залежнасьць ад іншай дзяржавы. Таму я лічу, што было б добра, каб гэты канфлікт скончыўся ўсталяваньнем эўрапейскіх коштаў на нафту і на газ для Беларусі. Гэта, безумоўна, падштурхне Беларусь і ўрад Лукашэнкі, у якога застанецца адзін толькі выбар: страта незалежнасьці і ўступленьне ў Расею — альбо інтэграцыя ў Эўразьвяз і ў сусьветную рынкавую эканоміку«.


13.20 Мікалай Статкевіч: «Лукашэнка штучна разьдзімае гэты канфлікт»

Мікола Статкевіч
Кіраўнік незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада)

«Я думаю, што асабліва небясьпечных наступстваў для Беларусі ў гэтай вайне няма. Гаворка толькі пра тое, каб заплаціць паводле кантракту. Гэта значна ня зьменшыць наш золатавалютны запас. Да канца года давядзецца заплаціць яшчэ 300–400 мільёнаў даляраў, і гэта ўжо больш сур’ёзна, але не сьмяротна. На мой погляд, Лукашэнка штучна разьдзімае гэты канфлікт, каб атрымаць больш лёгкія ўмовы пазыкі на Захадзе. Ён імкнецца паказаць: вось глядзіце — гэтая імпэрыялістычная Масква цісьне на мяне, хоча загнаць у Мытны саюз, дапамажыце. Насамрэч, на мой погляд, галоўнай пагрозай для эканомікі краіны ёсьць тая палітычная і эканамічная мадэль, якую пабудаваў Лукашэнка», заявіў Мікалай Статкевіч.


13.06 Купрыянаў: Транзыт газу ў Эўропу павінен ажыцьцяўляцца ў поўным аб’ёме

«Транзыт газу ў Эўропу павінен ажыцьцяўляцца ў поўным аб’ёме, для гэтага ёсьць усе магчымасьці. У прыватнасьці, магістральны газаправод „Ямал-Эўропа“, які знаходзіцца ва ўласнасьці „Газпрому“ і праходзіць, у тым ліку, па тэрыторыі Беларусі», — заявіў прадстаўнік гэтай кампаніі Сяргей Купрыянаў у інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы».


13.15 Мінэнэрга Расеі таксама стварыла штаб. Для маніторынгу за транзытым газу праз Беларусь

Кіраўніком апэратыўнага штаба прызначаны намесьнік міністра энэргетыкі Сяргей Кудрашоў.

У Мінэнэрга РФ удакладнілі, што ў штаб ўвойдуць прадстаўнікі міністэрства. Асноўнай задачай штаба стане маніторынг і інфармаваньне пра сытуацыю, якая складваецца з транзытам расейскага газу для падрыхтоўцы захадаў апэратыўнага рэагаваньня, калі сытуацыя зьменіцца


Меркаваньні старшыня Партыі БНФ Аляксея Янукевіча:

Аляксей Янукевіч
«Для Беларусі гэтая вайна перш за ўсё небясьпечная тым, што краіна застаецца закладніцай з аднаго боку — манапаліста Расеі, а зь іншага боку — Лукашэнкі, які таксама вельмі мала дбае пра нацыянальныя інтарэсы. Усё гэта можа прывесьці да таго, што нашы прадпрыемствы, інфраструктура будуць перададзеныя Расеі ў лік аплаты газу. Тое, што зараз адбываецца, такі шантаж з боку Расеі, безумоўна, зьвязана з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. На маю думку, гэта пацьвярджае, што расейцы незадаволеныя Лукашэнкам і хацелі б, каб тут адбыліся зьмены на нейкага чалавека, які будзе больш згаворлівы ў выкананьні іх патрабаваньняў. Тады можа адбыцца аднамомантная здача і беларусы цалкам застануцца закладнікамі Крамля».


13.00 Лукашэнка нагадвае пра абарону інтарэсаў Расеі

«Тут, на заходніх рубяжах, у расейскага чалавека ёсьць надзейная апора і сябры, у якіх бы абставінах мы не знаходзіліся і не працавалі», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з сакратаром Савета бясьпекі Расеі Мікалаем Патрушавым.

«Як бы ў нас не складваліся стасункі ў эканоміцы, іншых сфэрах, бясьпека нашых дзяржаў, Саюзнай дзяржавы — пытаньні даўно вырашанае, і тут жартаваць ніхто не павінен».


12.55 Украіна гатовая павялічыць транзыт газу ў Эўропу

«17 чэрвеня атрыманы запыт для напрацоўкі альтэрнатыўных варыянтаў паставак газу ад „Газпром экспарту“. Па стану на 09:00 21 чэрвеня ўкраінская ГТС гатовая прыняць дадатковыя аб’ёмы расейскага газ», — гаворыцца ў паведамленьні «Ўкртрансгазу».


12.24 Я. Раманчук: «Ваяваць для Беларусі — ставіць пад пагрозу тысячы месцаў працы»

Яраслаў Раманчук
Чарговую газавую вайну камэнтуе эканаміст, адзін зь лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат на вылучэньне ў прэзыдэнты Яраслаў Раманчук:

«Афіцыйны Менск сам сябе ўцягнуў у сытуацыю, зь якой вельмі цяжка выйсьці без такога канфлікту. Але таксама і ваяваць для Беларусі — гэта ставіць пад пагрозу сотні і тысячы месцаў працы. Па сутнасьці, выракаць нас на інфляцыю і дэвальвацыю беларускага рубля. Таму трэба думаць не пра прэзыдэнцкія амбіцыі Аляксандра Лукашэнкі, трэба думаць не ваяўнічую рыторыку і слова, а трэба сядаць за стол перамоваў і адназначна вырашыць, што нам патрэбна ад Расеі. А патрэбна, безумоўна, плаціць за газ, патрэбна перавесьці стасункі паміж нашымі краінамі выключна на ўсясьветныя кошты і камэрцыйны фундамэнт. Пасьля гэтага трэба пачынаць з рэформаў у нашай краіне, з адбудовы палітычных, грамадзянскіх і эканамічных фундамэнтаў».


11.57 «Газпрому» патрэбныя толькі грошы


«Газпром» працягвае кансультацыі зь беларускімі калегамі, але іх сэнс не мяняе патрабаваньняў расейскай кампаніі наконт пагашэньня запазычанасьці, перадае Інтэрфакс.

Афіцыйны прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрыянаў паведаміў журналістам: «Дэлегацыя беларускага боку, у тым ліку генэральны дырэктар „Белтрансгазу“ Ўладзімер Маёраў, знаходзіцца ў „Газпроме“, праз тэлефон працягваюцца кантакты і з урадам Беларусі. Але гэта менавіта „кантакты“, бо прадмету „перамоваў“ няма, пытаньне толькі адно — пагашэньне доўгу».


11.58 C. Калякін: «Гэта адмоўна можа паўплываць на стан беларускай эканомікі»


Сяргей Калякін
Камэнтар лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна:

«Трэба плаціць у адпаведнасьці з кантрактам, як у кожнай справе: калі мы ідзем у краму і нешта для сябе набываем, то мусім заплаціць за той тавар, які атрымліваем. Пэўны час могуць даваць у крэдыт, але аднойчы гэта павінна скончыцца. І таму на сёньня Беларусі неабходна ліквідаваць запазычанасьць, якая яна мае, а пасьля можна праводзіць перамовы і пра новыя ўмовы, і новыя тэрміны. Гэта вельмі адмоўна можа паўплываць на стан беларускай эканомікі, калі ўведзеныя абмежаваньні будуць пэўны час працягвацца».


11.48 У Мінэнэрга, Белтрансгазе і Белтопгазе ставарвюць апэратыўныя штабы

Міністэрства энэргетыкі Беларусі пацьвярджае, што гатовае забясьпечыць бесьперабойны транзыт газу праз тэрыторыю Беларусі.

«Міністэрства энэргетыкі прадпрымае дзеяньні і выпрацоўвае адпаведныя захады, накіраваныя на забесьпячэньне газа-энэргазабесьпячэньня ва ўмовах абмежаванай падачы газу для забесьпячэньня бесьперабойнага транзыту», — паведаміла Інтэрфаксу прэсавы сакратар Мінэнэрга Людміла Зяньковіч.

Паводле яе слоў, у Мінэнэрга, Белтрансгазе і Белтопгазе ствараюцца апэратыўныя штабы, які каардынуюць працу па верагодным абмежаваньні паставак асобным унутраным спажыўцам і частковым пераводзе энэргасыстэмы на рэзэрвовы мазут.


11.20 C. Шушкевіч: «Ён здасьць усё, што Расеі патрэбна»


Станіслаў Шушкевіч
Сытуацыю камэнтуе былы старшыня Вярхоўнага Савету, лідэр партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Станіслаў Шушкевіч.

«Ускладняюцца адносіны, бо паводзіць сябе ў міждзяржаўных стасунках, нібыта калгасны брыгадзір, проста нельга: Расея называе адзін кошт, ён называе іншы. З гэтага я не чакаю нічога добрага: давядзецца аддаваць нейкія заводы ці аб’екты. Бо наўрад ці хто сёньня дасьць крэдыт з палітычных меркаваньняў. Прыйдзецца ісьці на палітычныя і эканамічныя саступкі, будзе латаць усё, каб неяк дажыць да выбараў. Ён здасьць усё, што Расеі патрэбна».


11.15 Лаўроў: Дыялёг грунтуецца на падпісаных кантрактах

Расея пры перамовах зь Беларусьсю па газавым пытаньні будзе зыходзіць толькі з дамоўленасьцяў, якія існуюць, заявіў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.

«Дыялёг грунтуецца на падпісаных кантрактах, і, мне здаецца, тут не павінна быць непаразуменьняў», — заявіў Лаўроў, адказваючы на пытаньні журналістаў у Менску.


9.48 Афіцыйны Менск не зможа справакаваць доўгі транзытны крызіс

Пры скарачэньні паставак газу праз Беларусь эўрапейскім спажыўцам ня варта засьцерагацца працяглага крызісу, кшталту ўкраінскага.

У «Белтрансгазу» няма такой гнуткасьці, якой валодае НАК «Нафтагаз Украіны», пераразьмеркаваць рэсурсы ўнутры сыстэмы няма магчымасьці, яны будуць вымушаныя дамаўляцца і дамаўляцца хутка «, - заявіла Агенцтву газавай інфармацыі крыніца, блізкая да «Газпрому».


9.42 «Белтрансгаз» настойвае, што «Газпром» вінен за транзыт

«На сёньняшні дзень маецца запазычанасьць» Газпрому «за транзыт, яна пацьвярджаецца рэальнымі дакумэнтамі і незразумела, чаму кіраўніцтва „Газпрому“ ня ведае пра гэтую сытуацыю. Іх службы не дакладваюць, а кіраўніцтва „Газпрома“ ўводзіць у зман прэзыдэнта Расеі », - сказаў прадстаўнік «Белтрансгазу» ў інтэрвію Інтэрфаксу.

«Наша пазыцыя палягае ў тым, што абмежаваньне паставак газу ў Беларусь зьяўляецца незаконным і неабгрунтаваным, яно нічым не дакумэнтавана», — падкрэсьліла крыніца.

Пры гэтым прадстаўнік кампаніі пацьвердзіў, што «сёньня раніцай мы атрымалі тэлеграму „Газпрома“ аб абмежаваньні паставак газу на 15% з наступным яго павелічэньні ».


9.39
Тэмпы зьніжэньня паставак газу ў Беларусь будуць залежыць ад пазіцыі афіцыйнага Менску на перамовах, заявіў прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрынянаў.


9.33
Ад 09:00 менскага часу 21 чэрвеня Расея ўводзіць рэжым абмежаваньня паставак газу ў Беларусь на 15%. З наступным павелічэньнем абмежаваньня да 85%. Пра гэта заявіў кіраўнік «Газпрому» Алясей Мілер, перадае Інтэрфакс.

«Скончыўся вызначаны тэрмін — пяць дзён — які быў дадзены беларускаму боку для ўрэгулявання пытаньняў запазычанасьці за пастаўку расейскага газу», — сказаў А.Мілер.

«Запазычанасьць не пагашаная», — канстатаваў ён.


9.00 Мядзьведзеў
адзначыў, што паводле расейскіх законаў, замежныя плацяжы могуць прымацца толькі ў замежнай валюце.

«Беларусь прызнае доўг за газ, але прапаноўвае аплату зрабіць машынамі, абсталяваньнем і рознымі іншымі таварамі», — заявіў у размове зь Мядзьведзевым кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер. Такім чынам, канстатаваў ён, перамовы завяршыліся нічым.

«У адпаведнасьці з кантрактам» Газпром «павінен увесьці абмежаваньне паставак газу прапарцыйна аб’ёму абавязку», — заявіў Мілер.

«З якога часу? Верагодна, гэта будзе ў бліжэйшы час», — удакладніў Мядзьведзеў.

Мілер дадаў, што «Газпром» будзе прадпрымаць гэтыя крокі «з раніцы сёньняшняга дня».

Беларусь ад пачатку 2010 года плаціць Расеі за газ не па кантракце, а па ўсталяванай ёю ў аднабаковым парадку цане, у выніку чаго ўжо завінавацілася каля 200 мільёнаў даляраў, перакананы расейскі бок.

У нядзелю 20 чэрвеня афіцыйны Менск прыгразіў Маскве праблемамі з транзытам, а затым накіраваў у РФ дэлегацыю, якая спрабуе ўрэгуляваць канфлікт.

8.55 Мілер: абмежаваньні для Беларусі не павінныя адбіцца на транзыце ў Эўропу


«Я думаю, на гэтыя праблемы (абмежаваньні паставак газу ў Беларусь) варта глядзець вельмі-вельмі спакойна. Ёсьць тэхнічная магчымасьць паставіць газ праз Украіну ў Польшчу », - заявіў Інтэрфаксу кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер.

Мілер адзначыў, што апошнім часам шмат якія эўрапейскія краіны скарачаюць адбор газу.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў 15 чэрвеня на сустрэчы з кіраўніком Мілерам заявіў, што Расея дасьць Беларусі 5 дзён на пагашэньне запазычанасьці за пастаўкі газу.

Паводле дадзеных «Газпрому», запазычанасьць Беларусі за газ складае 192 мільёны даляра. Паводле Белстату — пратэрмінаваная зьнешняя запазычанасьць за газ на 1 траўня 2010 г. склала 133 мільёны даляраў ЗША.

«Газпром» заяўляе, што запазычанасьць узьнікла праз тое, што Беларусь у аднабаковым парадку ў 2010 годзе плаціць за газ па цане 2009 года — $ 150 за 1 тысячу кубамэтраў, у той час як паводле кантракту фактычная сярэдняя цана ў студзені-красавіку складала $ 174 за 1 тыс. кубамэтраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG